Цукар

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Крышталікі цукру пад павелічэннем

Цу́кар — крышталічны харчовы прадукт салодкага смаку. Мае ў сабе цукрозы 99,75 — 99,9 %, мінеральных элементаў 0,03 %. Энергетычная каштоўнасць 100 г каля 400 ккал. Атрымліваюць з цукраносных культур, у Беларусі пераважна з цукровых буракоў (маюць 17 — 20 % цукрозы).

Выраб[правіць | правіць зыходнік]

Вырабляюць цукар-пясок, цукар-рафінад (прасаваны, літы, рафінаваны пясок), цукровую пудру. Выкарыстоўваюць як самастойны харчовы прадукт, сыравіну ў кандытарскай, хлебапякарнай, кансервавай, вінаробнай і іншых вытворчасцях. На цукровых заводах цукровыя буракі мыюць, рэжуць на дробную стружку, з якой гарачай вадой выдаляюць цукрозу. Атрыманы дыфузны сок апрацоўваюць нягашанай вапнай (дэфекацыя) і вуглякіслым газам (сатурацыя), фільтруюць, абясколерваюць сярністым газам (сульфітацыя), выпарваюць. Утвораны утфель (цукровы сіроп, сумесь крышталікаў цукрозы і міжкрыштальнага сіропу) цэнтрыфугуюць, прамываюць, высушваюць і атрымліваюць цукар-пясок, з якога шляхам ачышчэння (рафінацыі) вырабляюць цукар-рафінад.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Цукровы трыснёг паходзіць з Бенгаліі, адкуль праз Іран трапіў на Блізкі Усход. Каля X стагоддзя яго пачалі вырошчваць у Егіпце, Візантыйскай імперыі. Заходняя Еўропа пазнаёмілася з цукрам пад час крыжовых паходаў XI — XII ст., але доўгі час яго асноўным вытворцам заставалася Асманская імперыя. Еўрапейцы пачалі інтэсіўна вырошчваць цукар у амерыканскіх калоніях з сярэдзіны XVI ст., але яшчэ вельмі доўга ён заставаўся прадметам раскошы, пра што сведчыць польская прымаўка: «Кароль — вялікі пан, а цукру лыжкамі ня есць». Станіславу Панятоўскаму, які праязджаў праз Кобрын у 1784 годзе, мясцовы яўрэйскі кагал паднёс у падарунак вялікую «галаву» цукру. Кошт 1 кг цукру ў Магілёве у 1697 годзе складаў каля 120 асмакаў, або эквівалент 8 — 10 дзённага заробку некваліфікаванага працаўніка, або 4 — 5 дзённага кваліфікаванага.

У Беларусі XVII — XVIII ст. найбольш пашыранымі гатункамі былі «мелaса» — дрэнна ачышчаны карычневы цукар, лепшай ачысткі дробны «канар» з Канарскіх астравоў (самы дарагі) і «кандысброт» з Асманскай імперыі (ад г. Канды на в. Крыт) — грубакрышталізаваны, г.зв. «лядовы» (накшталт ледзянцоў). Нават большасць шляхты ўжывала цукар адносна рэдка, трактуючы яго як аптэкарскі тавар (гл. Аптэчка прыемная). Значная частка цукру ішла на выраб канфітураў. Пад час магнацкіх баляванняў цукар выкарыстоўваўся ў дэкаратыўных дэсертах (Драганты).

Вытворчасць цукру з буракоў распрацаваная прускімі хімікамі А.Марграфам і Фр. Ахардам у др. палове XVIII ст.. У 1801 годзе пабудаваная першая доследна-прамысловая цукраварня ў Прусіі, праз год — у Расійскай імперыі, і затым імкліва па ўсёй Еўропе, якая пад час напалеонаўскіх войн зазнала дэфіцыт трысняговага цукру. Першая цукраварня ў Беларусі пушчана ў 1830 годзе ў Моладаве (Іванаўскі раён).

Да пачатку 1860-х гадоў у Беларусі, галоўным чынам на поўдні, дзейнічала 33 цукраварні, найбуйнейшая ў Парэччы (Пінскі раён) і ў Беліцы пад Гомлем. У другой паловы XIX ст. яны не вытрымалі канкурэнцыі з танным украінскім цукрам, і да Першай сусветнай вайны ніводнай з іх не засталося, аднак сам цукар зрабіўся артыкулам першай патрэбы шырокіх пластоў насельніцтва, найперш у гарадах. Новая цукровая прамысловасць у Беларусі створаная толькі пасля Другой сусветнай вайны. У сучаснай Беларусі дзейнічаюць 4 цукровыя заводы — ў Гарадзеі, Жабінцы, Скідалі і Слуцку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Цукар // Праект «Наша ежа»