Франц Цярлецкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Франц Цярлецкі
Сас
Сас
Род Цярлецкія
Бацька Вінцэнт Цярлецкі[d]
Маці Саламея ?[d]
Член у

Франц Цярлецкі — буйны пінскі землеўласнік, удзельнік таемнага таварыства «Садружнасць польскага народа»

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў са шляхецкага роду Цярлецкіх герба «Сас», сын Вікенція Цярлецкага і Саламеі. У 1829 г. быў зацверджаны ў дваранскай годнасці Мінскім дэпутацкім сходам, а ў 1834 г. і Герольдыяй. Займаў ганаровую пасаду суддзі Пінскага межавога суда, прымаў рашэнні аб межах зямельных уладанняў. Акрамя таго, Франц Цярлецкі з’яўляўся буйным памешчыкам, ва ўладанні якога ў Пінскім павеце знаходзіўся маёнтак Вялікая Рэчыца (102 м.п. і 87 ж.п. прыгонных сялян).

У 1833 г. сустракаўся ў Пінску на кватэры Радзевіча з эмісарам Капярніцкім, якога ведаў як Сасноўскага. Перадаў для бедных субратаў у эміграцыі адзін раз 5—6 чырвонцаў, а ў наступны раз (не маючы пры сабе наяўных грошай) «гадзіннік, з разьбою шклянку, чарніліцу і бурштын ад цыбука». У тым жа годзе Цярлецкі сустрэў ксяндза Паўлоўскага, які прадставіўся ўпаўнаважаным «мяцежніка Дзвярніцкага» і прапанаваў уступіць у тайнае таварыства. Цярлецкі ад прапановы адмовіўся, таму што яму не спадабаліся правілы таварыства, якія патрабавалі поўнага падпарадкавання старэйшым таварышам. Тым не менш, ён пагадзіўся ўзяць у Паўлоўскага для распаўсюджвання сярод шляхты 20 асобнікаў «Паўстання на Валыні» Ружынскага. Але пазней спалохаўся з-за магчымых наступстваў, забароненыя кнігі спаліў, а Паўлоўскаму паведаміў, што кнігі прадаў і ўнёс за іх грошы.

Шыман Канарскі апынуўся ўжо трэцім прадстаўніком эміграцыі, з якім супрацоўнічаў Цярлецкі. Франц пазнаёміўся з эмісарам у 1836 г. з дапамогай Ігнація Радзевіча. У тым жа годзе ён быў прыняты ў «Садружнасць польскага народа», якая мела сетку тайных таварыстваў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, і прыведзены да прысягі. Праграма «Садружнасці» абвяшчала свабоду, роўнасць, братэрства, падкрэслівала непарыўнасць барацьбы за нацыянальную незалежнасць з ліквідацыяй феадальных перажыткаў і вызваленнем сялян і да т.п. Здаў на карысць таварыства 50 руб. і вырашыў распаўсюджваць ідэі таварыства, а менавіта «паміж сваімі сялянамі ўяўлення пра роўнасць». Цярлецкі абяцаў сялянам спыніць цялесныя пакаранні, прапанаваў самім выбраць суддзяў для справядлівага разбору ўсіх злачынстваў у маёнтку, чым «давёў сялян да таго, што яны сталі аказваць двароваму кіраўніцтву непаслушэнства». Асабліва, у гэтым адрозніўся Мацвей Бандарук. Зрэшты, па трапнай заўвазе членаў следчай камісіі, «зазнаўшы шкодныя наступствы сваіх учынкаў», Цярлецкі стаў абыходзіцца з сялянамі па-ранейшаму. Важна адзначыць, што Франц Цярлецкі распараджаўся маёнткам самастойна. З матэрыялаў справы вядома, што бацька памёр, а іншых прамых спадчыннікаў мужчынскага полу не існавала, што дазваляла памешчыку эксперыментаваць са сваімі падданымі па сваім разуменні.

У 1838 годзе, на момант пачатку следчай справы, Францу было 25 гадоў. У Пінскім павеце Мінскай губерні па падазрэнні ва ўдзел у змове было арыштавана 15 чалавек. Цярлецкі актыўна супрацоўнічаў са следствам і, у прыватнасці, агаварыў у дачыненні да тайнага таварыства ўніяцкага святара Ануфрыя Ярмаловіча, які ў 1835—1838 гг. служыў у маёнтку Франца. У пачатку 1838 г. святар быў пераведзены ў Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні вікарыем Кузьміцкай царквы, дзе яго і арыштавалі па справе. На высунутыя абвінавачванні Ярмаловіч адказваў, што ён сустракаўся з Канарскім у доме Цярлецкага, але пра тое, што ён эмісар не ведаў і ніякіх гутарак пра палітыку з ім не вёў. Менавіта Цярлецкі ўручыў святару заклік пра неабходнасць адзінства палякаў усіх саслоўяў для дасягнення свабоды, і патрабаваў прачытаць яго селяніну Мацвею Бандаруку. Ярмаловіч выканаў патрабаванне памешчыка «ў гародзе каля свайго дома, пасля чаго паслаў селяніна да Цярлецкага паведаміць, што яго даручэнне выканана». Акрамя таго, у пратаколе Ануфрый Ярмаловіч прыпісаў:

" Сведчанні мае дадзены ў следчай камісіі пацвярджаю і дадаю, што я агавораны памешчыкам Цярлецкім за тое, што адгаворваў яго не абыходзіцца жорстка з сялянамі, якіх ён неаднаразова караў да такой ступені, што я захварэлых іх павінен быў спавядаць. "

Такім чынам, сведчанні памешчыка і святара супярэчаць між сабой. Больш пераканаўчымі прадстаўляюцца сведчанні Ярмаловіча. Па-першае, Цярлецкага «заносіла» ў развагах. У прыватнасці, ён абвінаваціў святара ў частых кантактах з ксяндзом Шалевічам, і ў «развагах пра патрыятызм», а потым заявіў, што проста схлусіў. Па-другое, іншыя члены «Садружнасці», якія актыўна супрацоўнічалі са следствам (А. Ажэшка, І. Радзевіч) не згадвалі Ярмаловіча, хоць абодва агаворвалі ў дачыненні да тайнага таварыства і вінаватых, і невінаватых. Па-трэцяе, менш верагодна, што святар хлусіў па такім пытанні як споведзь. І, нарэшце, залежнасць прыхадскіх уніяцкіх святароў ад мясцовых памешчыкаў у гэты перыяд была такой вялікай і шматграннай, што цяжка прадставіць Ярмаловіча роўным партнёрам, таварышам Цярлецкага. Хутчэй першы выконваў просьбы-загады другога, пра што і паведміў у сваіх сведчаннях.

Нягледзячы на тое, што следчая камісія даказала неаднаразовыя кантакты Франца Цярлецкага з прадстаўнікамі эміграцыі, яго ахвяраванні на карысць тайных таварыстваў і, нарэшце, спробу распаўсюджваць забароненыя ідэі сярод сялян, за актыўнае супрацоўніцтва са следствам ён быў прысуджаны не да другога, а да трэцяга разраду злачынцаў. Адзначым, што ў цэлым, падследныя па справе Канарскага былі падзелены на пяць разрадаў дзяржаўных злачынцаў. Да першага быў аднесены сам эмісар і расстраляны, да другога яго найбліжэйшыя паплечнікі, напрыклад, Ігнацій Радзевіч (адпраўлены на катаргу). Ф. Цярлецкага асудзілі да пазбаўлення правоў дваранства, аднак, з правам перадаць маёнтак законным спадчыннікам, і ссылцы ў Сібір на паселішча.

Маці Франца Цярлецкага Саламея неаднаразова прасіла пра змякчэнне яго долі. Дзякуючы яе настойлівым напамінам пра лёс сына ў маі 1841 г. яму было дазволена свабоднае жыхарства ў Томскай губерні. У лютым 1844 г. Томскі губернатар (ізноў жа пасля неаднаразовых хадайніцтваў маці) засведчыў, што Франц «з чыстым раскаяннем адносіцца да здзейсненых злачынстваў, у якія ён быў уцягнуты па маладосці і недасведчанасці і цалкам адчувае віну і справядлівасць пакарання». У выніку ў чэрвені 1844 г. Цярлецкаму было дазволена паступіць на службу ў адной з сібірскіх губерняў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]