Чорны перадзел

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чорны перадзел, Партыя сацыялістаў-федэралістаў — рэвалюцыйная народніцкая арганізацыя ў Расійскай імперыі ў 18791882 гг. Узнікла ў выніку распаду «Зямлі і волі». Стваральнікі і кіраўнікі: Г. В. Пляханаў, М. Р. Папоў, В. І. Засуліч, В. В. Аптэкман  (руск.), Я. В. Стафановіч, Л. Р. Дэйч  (руск.), П. Б. Аксельрод  (руск.), А. П. Буланаў  (руск.), В. М. Ігнатаў  (руск.) і інш.

«Чорны перадзел» адмаўляў прынцып цэнтралізму і складаўся з незалежных гурткоў у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Харкаве, Мінску, Казані, Адэсе, Кіеў, Пермі і інш. Ролю цэнтра адыгрывала найбольш моцная Пецярбургская арганізацыя (яе членам быў А. В. Бонч-Асмалоўскі). Ідэйную платформу напачатку вызначалі праграма і тактыка «Зямлі і волі», яе дэвіз — «усё для народа, усё сіламі народа». Задачы арганізацыі: падрыхтоўка народнай рэвалюцыі шляхам прапаганды сацыялістычных ідэй і разгортвання эканамічнай барацьбы, каб змяніць дзяржаўны лад Расіі, перадаць зямлю сялянам на аснове ўраўняльнага падзелу («чорнага перадзелу»), фабрыкі і заводы — рабочым; пераход да сацыялізму («поўнага калектывізму»). «Чорны перадзел» адмлўна ставіўся да палітычнай барацьбы, у пачатку 1880 г. прызнаў мэтазгоднасць палітычнага тэрору як сродку барацьбы супраць самадзяржаўя, аднак не лічыў яго першачарговай задачай. Прапагандаваў федэратыўны прынцп палітычнай арганізацыі народа, выступаў за аўтаномію нацыянальных раёнаў, у т.л. Беларусі. Галоўнай рухальнай сілай рэвалюцыі лічыў сялянства, але працаваў пераважна сярод рабочых, студэнтаў, навучэнцаў і вайскоўцаў. Друкаваныя выданні: газета «Черный передел» і «Зерно». Крызіс народніцкай ідэалогіі, паліцэйскія праследаванні прывялі «Чорны перадзел» да распаду. Частка яго членаў (Пляханаў, Засуліч, Дэйч і інш.) перайшлі на пазіцыі марксізму.

На Беларусі групы чорнаперадзельцаў склаліся ў Мінску (Л. М. Насовіч, Парфіяновічы і Р. В. Парфіяновічы, С. Ляўкоў, І. Гецаў, С. Грынфест) і Гродне (М. Янчэўскі, Я. Грынкевіч, І. А. Гурвіч і інш.). Яны вялі прапаганду сярод насельніцтва, памагалі вызваляць палітычных вязняў, забяспечвалі дакументамі і перапраўлялі праз граніцу рэвалюцыянераў. У мінскай друкарні «Чорнага перадзела» ў 1881 г. надрукаваны № 3 — 5 газеты «Черный передел», № 3 — 6 газеты «Зерно» і 5 пракламацый. У 1882 г. мясцовыя групы «Чорнага перадзелу» распаліся.