Каланіяльная цёмна-зялёная ніткаватая водарасць, свабодна плавае ці прымацаваная, мае выгляд дзярнінак, цвёрдых навобмацак. Плывучыя «дзярнінкі» пераважна шарападобныя, ад некалькіх да 21 см у дыяметры, больш шчыльныя звонку і рыхлыя ўнутры, складаюцца са шматлікіх радыяльна размешчаных таломаў. У прымацаваных форм «дзярнінкі» звычайна шчыльныя, падушкападобныя або ў выглядзе суцэльных «дываноў». Талом вельмі галінасты, кожная клетка можа даць да 4 галінак, рызоіды каралападобныя, ад якіх могуць узнікаць новыя парасткі. Абалонка ў клетак асноўнай восі тоўстая — да 20 мкм, у клетак канечных галінак — 2,5—8 мкм; гэта надае ўсёй расліне цвёрдасць.
Рост клетак апікальны (верхавінкавы) і інтэркалярны (уставачны). Размнажэнне выключна вегетатыўнае фрагментацыяй талома, іншы раз апланаспорамі і зааспорамі.