Зялёныя водарасці

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Зялёныя водарасці
Зялёныя водарасці
Навуковая класіфікацыя
Надцарства:

Эўкарыёты

Царства:

Пратысты

Аддзел:

Зялёныя водарасці

Навуковая назва

Chlorophyta Pascher, 1914

ITIS   5414
NCBI   3041

Зялёныя водарасці (Chlorophyta) — аддзел ніжэйшых раслін.

Выдзяляюць 5 класаў: вальвоксавыя, кан'югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя, улотрыксавыя; каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Адна- і шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфалагічнай структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат'ядравыя. Хларапластаў адзін ці некалькі, восевыя ці пасценныя, розный формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей.

Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з іншымі арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў; найбольш пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш.

Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (ізагамія, гетэрагамія, голагамія, аагамія і кан'югацыя). У рухомых зялёных водарасцей ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некаторыя (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады, аб'екты даследаванняў як крыніцы харчовай біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларала і сцэнедэсмус).

Зялёныя водарасці — найбольш верагодныя папярэднікі наземных раслін.

Літаратура [правіць]

  • Мельнікаў С. Зялёныя водарасці // БЭ ў 18 т. Т. 7. Мн., 1998.