Іван Іосіфавіч Лычкоўскі
Іван Іосіфавіч Лычкоўскі |
---|
Іван Іосіфавіч Лычкоўскі (нар. 1902 г. на хутары Лычкоўшчына, Хутарскі с/с, Чэрвеньскі раён[1]) — майстар па вырабу музычных інструментаў, мультыінструменталіст. Граў на дудцы, жалейцы, ражку, скрыпцы, цымбалах, цытры і іншых інструментах. За сваё жыццё стварыў больш за трыста цымбалаў, скрыпак, дудак. Ён аб’яднаў людзей, гэтак як і ён закаханых у музыку. Праз яго калектыў прайшлі маладыя людзі, якія сталі выдатнымі музыкантамі, настаўнікамі музыкі — Анатоль Турбал, Леанід Баравік, Леанід Яблонскі, Леанід Панько, Тамара Ганчарык, Нэла Тунік і іншыя[2]. Іван Іосіфавіч доўгі час працаваў у дзіцячым доме.
Іван Лычкоўскі быў першым майстрам, які паспрабаваў рэканструяваць беларускую дуду пасля перыяду яе заняпаду - 1970-ыя гады. Адна з дуд яго вырабу захоўваецца ў Расійскім этнаграфічным музеі ў Пецярбурзе. Нетрадыцыйнымі ў гэтым інструменце могуць лічыцца галава казы на пераборы, канічныя формы трубкі жалейкі і адсутнасць рагаўнёў. Аднак трэба ўлічваць, што гэта была першая спроба рэканструяваць дуду. Іншая дуда (1974 г.) знакамітага майстра народных інструментаў захоўваецца ў Беларусі, у Музеі старабеларускай культуры. Гэтая дуда больш набліжаная да традыцыйнай канструкцыі беларускай дуды. Майстар з Чэрвеня зрабіў яе амаль традыцыйнай, за выключэннем ражкоў, якія не закручаныя пад градусам, а прадаўгаватыя, як у некаторых еўрапейскіх, або сярэднявечных дудах[3].
Іван Лычкоўскі выконваў былічкі-казкі з гукавым афармленнем[4]. Адну з іх запісала этнамузыколаг Ніна Назіна.
Па згадках аднаго з вучняў Івана Лычкоўскага, Анатоля Турбала: «Шэфам над нашым калектывам быў кампазітар Іван Іванавіч Кузняцоў. Ён напісаў для ансамбля музычную п’есу «Ігуменскія дудары», якую мы выконвалі ў Мінску, у Вялікім тэатры оперы і балета, на ўрачыстасцях, прысвечаных прысваенню Мінску звання «Горад — герой». Было гэта ў 1974 годзе.
Зноскі
- ↑ http://www.cherven.by/2010/10/radzimazna-stva-slavutyja-i-znakamit/ Архівавана 19 лютага 2022.
- ↑ [1] Архівавана 20 лістапада 2021.
- ↑ «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
- ↑ [2]