Інга-Ліна Ліндквіст
| Інга-Ліна Ліндквіст | |
|---|---|
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 25 красавіка 1964 (62 гады) |
| Месца нараджэння | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Уладзімір Міхайлавіч Кузьменка |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | журналістка, пісьменніца |
| Узнагароды | |
Інга-Ліна Ліндквіст, па нараджэнні Кузьменка (шведск.: Inga-Lina Lindqvist; нар. 25 красавіка 1964, Вільня) — шведская пісьменніца, літаратурная крытык, культурная аглядальніца.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 25 красавіка 1964 года ў Вільні[1]. Дачка беларускага мастака Уладзіміра і Святланы (Курман)[2] Кузьменкаў. Маці родам з Барысава, з нерэлігійнай яўрэйскай сям’і[3]. Імя ўнучцы выбрала бабуля па бацьку[4]. У дзяцінстве жыла ў Барысаве, скончыла 8 класаў у СШ № 9. Значную частку дзяцінства правяла на хутары дзеда па маці[1]. У 1979 годзе пераехала да маці (у другім шлюбе — Ліндэн[2]) і айчыма, дацкага ўрача[3], якія жылі ў Мальмё ў Швецыі[4][1]. У Швецыі з часам стала актыўнай хрысціянкай[3].
Скончыла Вышэйшую школу сацыяльнай работы ў Лундзе, працавала сацыяльным работнікам, перакладчыцай і выкладчыцай мовы[5][6][4], школьным настаўнікам, выкладчыкам у тэатральным вучылішчы[4] і на платных курсах маладых пісьменнікаў. Таксама атрымала адукацыю драматурга ў Тэатральнай акадэміі ў Мальмё і прайшла навучанне на дыяканісу[5][6]. З 1996 года займаецца культурнай журналістыкай і літаратурнай крытыкай[4][1]. Станам на 2008 год, выкладала ў Акадэміі пісьменнікаў (шведск.: Skrivarakademien)[4].
Станам на 2019 год, жыла ў раёне Кіста ў Стакгольме[1].
Была ў шлюбе з Перам-Оле Ліндквістам[7], мае трох дзяцей.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Паэзія
[правіць | правіць зыходнік]Пісала на стыку дзвюх моў: стварала класічныя вершы рускай, у сілаба-тоніцы, затым, разам з мужам, перакладала іх на шведскую і адаптала для шведскамоўнага чытача верлібрам[7], што называла «крыжаваным апыленнем»[4]. У творчасці арыентавалася на традыцыі Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай і Восіпа Мандэльштама[4].
Дэбютавала ў 1994 годзе зборнікам паэзіі «Änglaspår» («Па анёльскіх слядах»)[7][4]. Зборнік атрымаў цудоўныя водгукі, Ліндквіст першая з дэбютантаў атрымала паэтычную прэмію арганізацыі FIB (FIB:s lyrikpris). Рэцэнзенты хвалілі яе за самабытнасць і называлі адным з самых пераканаўчых шведскіх паэтычных дэбютаў апошніх гадоў. Крытыкі высока ацанілі і адзначылі стылістычнае падабенства з Іосіфам Бродскім, многія падкрэслівалі дынамічную двухсэнсоўнасць яе вершаў[4].
У 1996 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі «Hjärtliga hälsningar» («З сардэчным прывітаннем»)[7], які параўноўвалі з творчасцю Віславы Шымборскай за здольнасць ператвараць паўсядзённыя моманты ў экзістэнцыяльныя і палітычныя перспектывы.[4]
У 2002 годзе выйшаў зборнік «Om du bara visste ur vilken bråte dikter växer utan att skämmas» («Каб вы ведалі, з якога смецця растуць вершы, не ведаючы сораму»), які спалучыў паэзію і кароткую прозу[7], асноўнай тэмай твораў быў цяжкі развод, таксама ёсць дзіцячыя ўспаміны пра Мінск, асабістае прысвячэнне Карын Бое, а таксама адсылкі да твораў Уладзіміра Высоцкага і Клайва Стэйплза Льюіса.[4]
У 2007 годзе Інга-Ліна заявіла, што больш не можа пісаць вершы, бо даўно жыве па-за рускім моўным асяроддзем, а ствараць паэзію адразу шведскай не адчувае сябе здольнай.[7]
Проза, публіцыстыка і крытыка
[правіць | правіць зыходнік]У 2004 годзе выйшла кніга прозы «Avdelningen för påhittade föremål» («Аддзел прыдуманых рэчаў»), яна змяшчала часткова аўтабіяграфічныя апавяданні, у тым ліку пра першыя гады ў Швецыі і засваенне мовы.[4]
У 2007 годзе выйшаў дэбютны раман «Mirakelkuren» («Цудадзейнае лячэнне»), каларытная і поўная радасці гісторыя людзей, якія жывуць сваё «бабіна лета», напісаная адначасова з гумарам і сур’ёзнасцю. У 2008 годзе выйшаў другі раман «Drottningflickan» («Дзяўчынка-каралева»), сучасная казка пра адносіны маці і дачок.[4]
Таксама выйшаў шэраг кніг для дзяцей[4], «En dag i Klark Svenssons liv»[8] («Адзін дзень з жыцця Кларка Свенсана», 2003) і «Klark Svensson och kärleken»[9] («Кларк Свенсан і каханне», 2004), для дзязей да 5 гадоў, накіраваныя на навучанне чытанню праз гульню з літарамі і словамі, ілюстраваныя Анікай Лундхольм Моберга, таксама «Hej Gud! Är du där?»[10] («Прывітанне, Божа! Ты там?», 2009), у прозе і вершах, пра дзіцячыя пошукі Бога, стварэнне свету, сяброўства, прабачэнне і штодзённыя дробязі, ілюстраваная Дагмар Гайслер.
Аўтарка п’есы пра Карын Бое.
У 1997 годзе, сярод іншых вядомых асоб, вяла папулярную штогадовую радыёпраграму «Лета» (Sommar). Апроч гэтага, шматкроць выступала на Шведскім радыё[11] (Sveriges Radio) у такіх праграмах, як «Думкі на дзень» (Tankar för dagen), OBS і «Верш дня» (Dagens dikt).[12][13][14]
Аўтарка вялікай колькасці рэцэнзій, культурна-публіцыстычных і іншых матэрыялаў, у тым ліку пра падзеі 2020 года ў Беларусі[15][16], у штодзённай прэсе, пераважна ў газеце Aftonbladet[17].
Паводле Ліндквіст, якасная рэцэнзія вымагае ад крытыка пошуку фармулёвак і эмацыйнай уцягнутасці, яна мусіць быць захапляльнай для чытача і зваротнай сувяззю для аўтара. Выступае за палеміку ў культурных выданнях, за так званыя літаратурныя «забойствы з асалодай», пагатоў кніг палітычнай тэматыкі, іх аўтары, на яе думку, павінны браць на сябе адказнасць. Пры гэтым Ліндквіст падкрэслівае, што крытыка мусіць быць дакладнай і зразумелай, а пераход на асобу аўтара недапушчальны.[18]
У лютым 2024 года Ліндквіст была адной з намінантаў на ўзнагароду «Разнос года» (Årets sågning), заснаваную папулярным шведскім падкастам Gästabudet для рэцэнзентаў, якія «найлепш здолелі паказаць, што кароль голы». Яе намінавалі за водгук у Aftonbladet Kultur на раман Агнес Лідбек «Уся мая любоў» (All min kärlek), з крытыкай штучных і не звязаных з сюжэтам мастацкіх дэталяў. Адначасова Ліндквіст выказала шкадаванне за рэзкі водгук на кнігу «Дэнзел» (Denzel) Крысціны Херстрэм, прызнала, што ёй не хапіла эмпатыі і дакладнасці фармулёвак і гэта магло раніць аўтарку.[18]
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Паэтычная прэмія FIB імя Стыга Карлсана (1994; FIB:s lyrikpris / Stig Carlson-priset)[4] за дэбюты зборнік паэзіі «Änglaspår» з фармулёўкай, што яе паэзія «яднае ў сабе моцнае пачуццё формы, якое караніцца ў рускай традыцыі, з паэтычным аўтарытэтам, адметным інтэлектуальнай энергіяй і эмацыйным багаццем»[7].
- Заахвочвальная ўзнагарода Шведскай акадэміі (1997; Svenska Akademiens belöning) памерам 30 000 шведскіх крон.
- Пісьменніцкая стыпендыя Сігтунскага фонду (2002; Sigtunastiftelsens författarstipendium)
- Стыпендыя Фонду культуры Дэверт (2006; Deverthska kulturstiftelsens stipendium)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 Deppert 2019.
- 1 2 Кто такая Inga-Lina Lindqvist. rosenbloom.info. Праверана 15 ліпеня 2026.
- 1 2 3 Steinwall 1996, p. 32-34.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 Wahlström & Widstrand 2008.
- 1 2 Åberg 2004, p. 56-59.
- 1 2 Kuzmenko 1994, p. 8.
- 1 2 3 4 5 6 7 Neuman 2007.
- ↑ Sweden, Bokbörsen AB Box 3527 103 69 Stockholm. EN DAG I KLARK SVENSSONS... | Inga-Lina Lindqvist: text... | 90 SEK (шведск.). www.bokborsen.se. Праверана 16 ліпеня 2026.
- ↑ Sweden, Bokbörsen AB Box 3527 103 69 Stockholm. Klark Svensson och kärlek... | Lindqvist, Inga-Lina - An... | 129 SEK (шведск.). www.bokborsen.se. Праверана 16 ліпеня 2026.
- ↑ Sweden, Bokbörsen AB Box 3527 103 69 Stockholm. Hej Gud! Är du där? | Inga-Lina Lindqvist - Dag... | 99 SEK (шведск.). www.bokborsen.se. Праверана 16 ліпеня 2026.
- ↑ https://www.sverigesradio.se/sok?query=Inga-Lina+Lindqvist(недаступная спасылка)
- ↑ Kungl. Biblioteket (Libris) 2025.
- ↑ Btj 2025.
- ↑ Kungl. Biblioteket (SMDB) 2025.
- ↑ Lindqvist, Inga-Lina. Ett hockey-VM i Belarus blir spel på fruset blod (шведск.). Aftonbladet (18 лістапада 2020). Праверана 15 ліпеня 2026.
- ↑ Lindqvist, Inga-Lina. Gör inte Eurovision till propaganda för diktaturen (шведск.). Aftonbladet (26 лютага 2021). Праверана 15 ліпеня 2026.
- ↑ Inga-Lina Lindqvist (шведск.). Aftonbladet (6 мая 2026). Праверана 15 ліпеня 2026.
- 1 2 Nesser 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Швецыя і Беларусь / Перакл. Інэса Моін. — Solna: Шведскі Інстытут, 2006. — ISBN 91-520-0681-6.
- Steinwall, Åke Inga-Lina Kuzmenko Lindqvist : en poet på jungfrumark(шведск.) // Trots allt. — 1996. — № 1996:1. — С. 32-34. — ISSN 1101-914X.
- Åberg, Berit Det finns bara en Inga-Lina(шведск.) // Vi. — 2004. — № 2004:16. — С. 56-59. — ISSN 0346-4180.
- Kuzmenko, Inga-Lina Korsbefruktning(шведск.) // Svensk Bokhandel. — 1994. — № 1994:3. — С. 8. — ISSN 0039-6451.
- Neuman, Ricki Tro över gränserna(шведск.) // Svenska Dagbladet / 2007-07-29. — 2007.
- Braw, Christian. Dikten som gåva och risk // Ljusets barn och mörkrets gäst (шведск.). — Skellefteå: Artos & Norma, 2006. — P. 31-42. — ISBN 91-7580-311-9.
- Braw, Christian. En rysk poet vid Storsjön // Vänner med ord (шведск.). — Örebro: Libris, 2008. — P. 225-229. — ISBN 978-91-71959-91-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Deppert, Astrid. Lindqvist, Inga-Lina (шведск.). Alex Författarlexikon. Forflex AB (13 снежня 2019). Праверана 7 мая 2026.
- Nesser, Johannes. Inga-Lina Lindqvist: ”För att såga något måste du älska något” (шведск.). Journalisten (1 лютага 2024). Праверана 15 ліпеня 2026.
- Inga-Lina Lindqvist (шведск.). Wahlström & Widstrand. Stockholm: Bonnierförlagen (14 верасня 2008). Праверана 7 мая 2026.
- Libris (шведск.). Kungl. Biblioteket. Праверана 3 мая 2025.
- Artikelsök (шведск.). Btj. Праверана 29 красавіка 2025.
- Svensk mediedatabas (шведск.). Kungl. Biblioteket. Праверана 3 мая 2025.