Індола-Кубанскі прагін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Індола-Кубанскі прагін — найбольшая тэктанічная структура ў паўночнай частцы Азова-Чарнаморскага рэгіёну.

Сфарміраваўся на працягу канца палеагену і ўсяго неагену (алігацэн-пліяцэн) адначасова з падняццем Каўказскага і Крымскага мегаантыклінорыяў у выніку кампенсацыйнага пагружэння паўднёвага краю Скіфскай пліты.

Паўночнай мяжой Індола-Кубанскага прагіна з’яўляецца Індола-Цімашоўскі разлом, заходняй — Новацарыцынскае, усходняй — Адыгейскае падняцце. На поўдні мяжуе з падняццямі Горнага Крыма і Вялікага Каўказа. Працягласць Індола-Кубанскага прагіна ў шыротным напрамку каля 450 км, шырыня — да 90 км. Значная частка прагіна з яго заходняга боку пакрыта водамі Азоўскага мора. У межах паўднёвага крыла пашыраны буйныя лакальныя стуктуры, паўночнае крыло ў цэлым характарызуецца монаклінальным заляганнем пластоў.

Індола-Кубанскі прагін унаследаваў структуру апусканняў старажытнага мелава-эацэнавага залажэння; слаба дыслакаваныя адклады гэтага ўзросту залягаюць у яго аснове (глыбіня ў восевай частцы дасягае 7,0-7,5 км) і нязгодна перакраваюцца магутнымі майкопскімі (да 3,0-5,0 км) і верхняміяцэнава-антрапагенавымі (да 2,0-3,5 км) утварэннямі, прадстаўленымі пераважна глінамі з праслоямі алеўралітаў і пясчаных парод. Паўднёвы борт прагіну круты, паўночны — спадзісты. Падзяляецца на дзве зоны — унутраную і знешнюю, мяжа якіх праходзіць уздоўж паўночнага ўзбярэжжа Керченскага і Таманскага паўвостраваў і далей у напрамку г. Краснадар (Расія) і адпавядае рэгіянальнаму розлому фундамента, які часткова прасочваецца ў асадачным чахле. Уздоўж гэтай мяжы назіраецца рэзкае ўзрастанне градыентаў пагружэння неагенавых адкладаў у паўночнай і павелічэнне магутнасцей мелава-эацэнавых адкладаў у паўднёвым напрамках.

Характэрнай асаблівасцю прагіна з’яўляецца развіццё працэсаў глінянага дыяпарызму, а таксама гразевых вулканаў і звязаных з гэтым лакальных складак — падняццяў, што фарміруюцца пад дзеяннем механізму глыбінна-гравітацыйнай складкаватасці. Індола-Кубанскі прагін перспектыўны ў пошуку нафтагазавых радовішчаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Токовенко В. С. Індоло-Кубанський прогин // Географічна енциклопедія України: у 3 т. / редколегія: О. М. Маринич (відпов. ред.) та ін. Т. 2 — К.: «Українська радянська енциклопедія» ім. М. П. Бажана, 1990.