Абарона Бабруйска (1649)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Абарона Бабруйска 1649)

Бабруйская абарона 1649 — абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў Вялікага Княства Літоўскага падчас казацкага паўстання 1648 – 1651 гг. на чале з Б. Хмяльніцкім. У кастрычніку 1648 г. паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў р. Бярэзіна гарадскога старасту і занялі горад. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пачатку студзеня 1649 да Бабруйска падышоў атрад колькасцю ў 1500 чалавек шляхты і наёмнікаў Януша Кішкі, якімі ў адсутнасць вялікага гетмана камандаваў польны пісар ВКЛ У. Валовічам[1]. Чатыры тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу 20 лютага падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я. Радзівіла пасля 5-дзённага пераходу. Скарыстаўшы рознагалоссямі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Застрашаныя лёсам Пінску і Мазыра, упэўніўшыся, што пад мурамі стаіць сам Радзівіл, ноччу 21 лютага 1649 г. яны адчынілі гарадскія вароты і горад быў узяты. «Аднак казакі адступілі ва ўмацаваныя вежы, у якіх маглі абараняцца; некаторых там забілі, іншыя падпалілі вежы, у якіх знаходзіліся, яшчэ іншыя наставілі на сябе мушкеты і застрэліліся. Сам палкоўнік Паддубскі ня вытрамаў жару і, калі агонь падступіўся бліжэй, выскачыў з вежы і трапіў проста ў рукі князя»[2].

Падчас аблогі было забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, былі забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў. Кіраўнік абаронай Паддубскі і яшчэ дзевяць чалавек былі пасаджаны на кол. Сорак пакаралі смерцю, а 270 казакам была адсечана правая рука, трымаўшую зброю, каб застрашыць іншых. За гэта Б. Хмяльніцкі ў адказ пакляўся пакараць смерцю 4000 палонных.[3] Пасля капітуляцыі гетман стрымаў слова і не дазволіў рабаваць горад. «Пахолка аднаго за адну хустку, якую быў узяў, ... загадаў на браме павесіць, хустку пры ім паклаўшы»[4].

Зноскі

  1. Wisner, H. Działalność wojskowa Janusza Radziwiłła, 1648 — 1655 // Rocznik Bialystocki. — 1976. — T. XIII. — S. 113.
  2. Бярнацкі, В. Паўстаньне Хмяльніцкага: ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648 — 1649 гг. / Вітальд Бярнацкі; [пер. з пол. А. Кузьміча]. —Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 183 с.: іл. — С. 89. — ISBN 978-5-00076-009-3. Са спасылкай: Theatrum Europaeum. T. VI. — Frankfurt am Main, 1652. — S. 812.
  3. Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 3 : Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII — XVIII ст.) /  Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Экаперспектыва, 2004. — 343 с.: іл. — С. 75. — ISBN 985-469-066-0.
  4. Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów / oprac., wstęp i przypisy A. Sajkowski; red. i słowo wstępne Wł. Czapliński. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1961. — 332, [1] s. — S. 265.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бабруйска абарона 1649 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 251. — ISBN 5-85700-074-2.