Абарона Быхава (1707)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Абарона Быхава (1707) у час Паўночнай вайны (1700—1721) супраць расійскіх войск.

Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастрычніку 1702 г. генерал артылерыі ВКЛ Крыштаф Сяніцкі практычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны і прыбраў да сваіх рук прыбыткі Магілёўскай эканоміі. Разам са сваімі прыхільнікамі збіраўся здрадзіць каралю Аўгусту Моцнаму і рыхтаваў выступленне супраць расійскіх войск. Спачатку ён загадаў узмацніць бастыённыя ўмацаванні Быхава, што было зроблена «крывавай людской працай». Пасля прыбыцця ў Быхаў войск пад камандаваннем яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сініцкі падняў мяцеж. Была абрабавана расійская армейская казна, якая дастаўляла салдацкія грошы да месца дыслакацыі палкоў. Сініцкія накіравалі паведамленне пра свой мяцеж прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII з заклікам прыйсці на Беларускае Падняпроўе, абяцаючы ім усялякую падтрымку. У адказ Пётр I тэрмінова накіраваў некалькі дзесяткаў расійскіх палкоў пад камандаваннем генералаў Боўра, Чамберса, Фанвердэна і Валконскага.

Быхаў на той час уяўляў першакласна ўмацаваную цытадэль з вялікай колькасцю гармат, пешага і коннага войска. Насельніцтва адмоўна ставілася да мяцежнікаў, аднак пад пагрозай смерці было вымушана заняць баявыя пазіцыі па лініі абароны горада. Безупынная бамбардзіроўка Быхава і асабліва замка вялася кругласутачна некалькі дзён запар. Вялікія разбурэнні і пажары, адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і караля Карла XII вымусілі Сініцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Было падпісана пагадненне з 13 пунктаў пра ўмовы здачы Быхава расійскім войскам. Паводле пагаднення, у замку павінны быць 2 каменданты і змешаны гарнізон з войск Расіі і ВКЛ, жыхары горада і воласці захоўвалі свае правы і прывілеі, старшыя афіцэры з мяцежнага войска прысягалі ніколі не ваяваць супраць «найсветлейшего царя», Сініцкія маглі свабодна пакінуць Быхаў, уся артылерыя горада і замка павінна была застацца на валах. Але расійскія генералы, што падпісвалі пагадненне, ужо мелі на руках царскі загад пра арышт Сініцкіх і высылцы іх у Сібір. Пасля здачы горада і замка закаваных у кайданы братоў Сініцкіх вывезлі ў ссылку. Пасля гэтага і «ўсю армату быхаўскую, якой было некалькі дзесяткаў штук, а таксама армату замкавую замка Магілёўскага 15 штук... Масква, склаўшы ў байдары, адправіла ўніз Дняпром да Кіева». Мяркуючы па інвентары «арматы цэйхгауза» за 1707, у Быхаве было 30 сваіх гармат калібрам ад 1 да 100 фунтаў, каля 50 бочак «пораху» крычаўскага, пяхотныя і артылерысцкія гранаты, шмат ваеннага рыштунку. Пасля Быхаўскай абароны расійскі гарнізон у некалькі тысяч салдат стаяў у Быхаве больш як 7 гадоў, потым разбурыў гарадскія брамы, узарваў умацаванні і пакінуў горад.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]