Агароднікі (археалагічны помнік)
Агароднікі — археалагічны помнік: селішча на паўднёвай ускраіне в. Агароднікі (Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць), ва ўрочышчы Наданне, на левым беразе р. Пульва (прыток р. Зах. Буг).
У 1963 г. В. Б. Нікіціна-Караткевіч даследавала 50 м2. Культурны пласт 0,4 м. Выяўлены рэшткі жытла ў форме няправільнага прамавугольніка памерам 4,5х4 м, арыентаванага з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Па перыметры сцен захаваліся камяні-валуны на адлегласці 0,3—1,25 м адзін ад другога — рэшткі падмурка альбо абкладкі сцен звонку. Падлога пабудовы земляная, каля паўднёва-заходняй сценкі і ў паўднёвым куце размяшчаліся 2 ачагі ў акруглых ямах дыяметрам каля 0,5 м, глыбінёй 0,35 і 0,15 м, змесціва складалася з перапаленых камянёў і попелу. Побач з жытлом — яма з попелам. У жытле і ніжнім слоі культурнага пласта сабрана больш за 100 фрагментаў ляпных таўстасценных гаршкоў з храпавой паверхняй і прамымі шыйкамі, упрыгожаных па вянцах пальцавымі ўцісканнямі, а таксама фрагменты глянцаванага посуду паморскай культуры IV—III ст. да н.э. У верхнім ворным слоі знойдзена невялікая колькасць кругавога посуду XI—XII стст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вяргей, В. С. Агароднікі / В. С. Вяргей // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 18. — ISBN 978-985-11-0353-5.
- Вяргей, В. С., Караткевіч, В. Б. Агароднікі / В. С. Вяргей, В. Б. Караткевіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 25. — ISBN 5-85700-077-7.
- Никитина, В. Б. Вновь открытые памятники поморской культуры // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института археологии АН СССР. — 1964. — Вып. 102: Племена лесной и лесостепной полосы Евразии в I тыс. до н.э. — I тыс. н.э. — С. 43 — 47.