Акіра Ёсідзава
Акіра Ёсідзава | |
---|---|
яп.: 吉澤章 | |
![]() | |
Род дзейнасці | дзеяч мастацтваў |
Дата нараджэння | 14 сакавіка 1911[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 сакавіка 2005[2] (94 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Узнагароды і прэміі | |
![]() |
Акіра Ёсідзава (яп.: 吉澤 章, 14 сакавіка 1911 — 14 сакавіка 2005) — майстар арыгамі, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё гэтага мастацтва.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Акіра Ёсідзава нарадзіўся ў горадзе Камінакава японскай прэфектуры Татыгі, у небагатай сялянскай сям'і. У 13 гадоў ён пакінуў дзённую школу і паступіў на працу, аднак працягваў навучанне ў вячэрняй школе. У 22 гады Ёсідзава ўладкаваўся працаваць на машынабудаўнічы завод. Ён стаў чарцёжнікам і навучаў пачаткоўцаў начартальнай геаметрыі, складаючы для тлумачэння фігуркі арыгамі. Уладальнікі завода былі настолькі ўражаныя яго майстэрствам, што дазволілі яму займацца арыгамі ў працоўны час.
Падчас Другой сусветнай вайны Ёсідзава паступіў у санітарны корпус і працаваў у ваенным шпіталі ў Ганконгу. Ён не пакідаў сваё захапленне арыгамі і ўпрыгожваў ложкі параненых рознакаляровымі папяровымі фігуркамі. Пасля вайны ў яго жыцці надышоў цяжкі перыяд: яго жонка, з якой ён пабраўся шлюбам неўзабаве перад вайной, памерла, і ён некалькі гадоў жыў у сваёй роднай прэфектуры Татыгі на грошы ад выпадковых заробкаў.
Толькі ў 1951 годзе Ёсідзава атрымаў магчымасць заявіць аб сваім мастацтве. Часопіс «Асахі Граф» вырашыў праілюстраваць адзін з сваіх артыкулаў папяровымі фігуркамі жывёл кітайскага календара. Рэдактар часопіса, Тадас Іідзава, звярнуўся да Ёсідзавы, які выканаў працу настолькі па-майстэрску, што нумар «Асахі Граф» за студзень 1952 года зрабіў фурор, а аўтар фігурак вельмі хутка зрабіўся вядомым за межамі Японіі.
У 1954 у Японіі выйшла яго першая кніга «Новае мастацтва арыгамі», і адначасова ён заснаваў Міжнародны Цэнтр Арыгамі ў Токіа. Ёсідзава распрацаваў азбуку арыгамі і прыдумаў больш за 50 000 мадэляў арыгамі. Ён напісаў 18 кніг па арыгамі і вынайшаў тэхналогію мокрага складання, па якой можна складаць прыгожыя фігуркі арыгамі з круглявымі формамі са шчыльнай паперы. У 1983 годзе імператар Японіі Хірахіта ўзнагародзіў яго Ордэнам Узыходзячага сонца, адной з вышэйшых узнагарод Японіі.
Ёсідзава памёр 14 сакавіка 2005 года ў такійскай бальніцы Агікуба ад ускладнення пнеўманіі ў дзень, калі яму споўнілася 94 гады[3].
Тэхніка
[правіць | правіць зыходнік]Ёсідзава быў піянерам многіх метадаў, у тым ліку мокрага складання. У гэтай тэхніцы папера змочваецца перад складваннем, дазваляючы ствараць больш круглявы і скульптурны выгляд. Гэта, на думку многіх, з'яўляецца зменай парадыгмы родаў, што дазволіла арыгамі стаць формай мастацтва, у адрозненне ад мудрагелістых дзівацтваў народных промыслаў.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- ATARASHII ORIGAMI GEIJUTSU, Origami Geijutsu-Sha 1954[4];
- Origami Reader I, Ryokuchi-Sha 1957[4];
- Dokuhon, Vol.1 (Origami Tokuhon),1973, ISBN 4-8216-0408-6;
- SOSAKU ORIGAMI (Creative Origami), Nippon Hoso Kyokai 1984, ISBN 4-14-031028-6;
- Dokuhon, Vol.2 (Origami Tokuhon),1986[4];
- ORIGAMI DOKUHON II (Origami Reader II), Kamakura Shobo 1986, ISBN 4-308-00400-4.
Зноскі
- ↑ Akira Yoshizawa
- ↑ Akira Yoshizawa // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ «Акира Ёсидзава, 94, Современный мастер оригами», 2 апреля 2005, MARGALIT FOX, The New York Times
- ↑ а б в A list of books by Akira Yoshizawa. Спіс кніг Ёсідзавы, падрыхтаваны Брытанскім таварыствам арыгамі (англ.: British Origami Society, BOS).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Akira Yoshizawa - Origami artist of stunning originality who became an ambassador for Japanese culture and his art (англ.)(недаступная спасылка). The Times. — апісанне жыцця Акіры Ёсідзавы. Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2011. Праверана 14 сакавіка 2012.
- David Lister. A Tribute To Akira Yoshizawa 1911 - 2005 (англ.)(недаступная спасылка). — меркаванне аднаго з брытанскіх вучняў Ёсідзавы. Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2008.
- Інтэрв'ю В. Бяскроўных з Акірай Ёсідзавай, апублікаваныя ў № 13 і 14 часопіса "Арыгамі. Мастацтва складання з паперы " за 1998 год