Амафонная рыфма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Амафо́нная ры́фма — рыфма, у якой спалучаюцца словы-амафоны, г. зн. тыя, што гучаць аднолькава, але маюць рознае напісанне і сэнс. Характарам і выяўленчай сутнасцю такая рыфма блізкая да аманімічнай і каламбурнай. Амафонная рыфма сустракаецца ў фальклорных творах:

 — Падымі, матуля, карытца,
Вязём табе нявестачку сварыцца.
 — Нашто нам з нявестачкай сварыцца —
Будзе мне нявестачка карыцца.

Вельмі своеасабліва амафонную рыфму ўжыў Р. Барадулін у адным са сваіх вершаў пра Віцебшчыну:

Віцебшчына!
Ты лёсам
Ня выпешчана
Ты войнамі
Выпесчана.

У гэтым прыкладзе рэдкая гіпердактылічная амафонная рыфма (выпешчана — выпесчана), суаднесеная гукавым падабенствам яшчэ з адным, галоўным для ўсяго твора паняццем — роднай паэту Віцебшчынай, — набывае асаблівы сэнс. Зусім іншы, а менавіта — камічны, эфект стварае амафонная рыфма ў наступных радках Н. Гілевіча:

Хоць віном, а не вадзі́цай
Поіш мяне, сваціца, —
Не хачу з табой вадзі́цца,
Бо ты любіш ва́дзіцца.

У гэтым чатырохрадкоўі рэдкае спалучэнне амафоннай (вадзі́цай — вадзі́цца) з амаграфічнай (вадзі́цца — ва́дзіцца).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]