Анатоль Пінхусавіч Рубін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Анато́ль Пінху́савіч Ру́бін (192816 студзеня 2017) – спецыяліст па лячэбнай фізкультуры, вязень гета, палітычны зняволены ў СССР, дысідэнт, удзельнік руху за правы яўрэяў у СССР.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Мінску ў 1928 годзе. Бацька быў рэлігійны, але астатнія ў сям’і да рэлігіі ставіліся абыякава. З пачаткам савецка-нямецкай вайны пасля беспаспяховых спробаў эвакуявацца трапіў у гета. У час вайны Рубін страціў усіх блізкіх: старэйшы брат служыў у войску і ў 1944 годзе прапаў без вестак на фронце; бацька быў забіты ў першыя дні вайны; старэйшая сястра Тамара уцякла з гета, але была арыштаваная і забітая за ўдзел у антыфашысцкім падполлі; маці і малодшая сястра Беці загінулі ў выніку адной з нацысцкіх «акцый» па вынішчэнні яўрэяў.

У сакавіку 1943 года ўцёк з гета з чужымі дакументамі на імя Сцяпанава, якія атрымаў ад тутэйшага, мінскага немца па прозвішчы Нікель. Сышоў з гораду разам з жанчынай па прозвішчы Штэфан, якая працавала на электрастанцыі, да яе сваякоў у вёску Драбаўшчына Клецкага раёну. Хаваў сваё яўрэйскае паходжанне ад сялянскай сям’і Карсюкоў, у якой жыў, працаваў на гаспадарцы. Пасля заканчэння нацысцкай акупацыі ў ліпені 1944 года вярнуўся ў Мінск. Паступіў у рамеснае вучылішча, пасля сканчэння якога працаваў на ваенным заводзе.

З дазволу дырэктара завода паступіў у Інстытут фізкультуры, але 14 лістапада 1946 года быў арыштаваны. Выявілася, што дазвол дырэктара быў сумысля не аформлены папярова. Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 снежня 1941 года Рубін быў асуджаны ваенным трыбуналам на 5 год лагераў за самавольны сыход з ваеннага прадпрыемства (мінімальны тэрмін па гэтым указе). Адбываў пакаранне ў лагеры на станцыі Яя Кемераўскай вобласці. Стрыечная сястра Рубіна дамаглася перагляду яго справы Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР, тэрмін быў заменены на 1 год умоўна. Пасля вызвалення ў 1948 годзе вярнуўся ў Мінск, узнавіўся ў Інстытуце фізкультуры.

Пасля заканчэння інстытута працаваў выкладчыкам фізкультуры ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Цікавіўся яўрэйскай гісторыяй, культурай, развіццём дзяржавы Ізраіль. Збіраў літаратуру адпаведнай тэматыкі, даваў чытаць іншым яўрэям Мінска. Сустракаўся з замежнымі турыстамі. У 1957 годзе паехаў на Міжнародны фестываль моладзі ў Маскву, дзе пазнаёміўся з прадстаўнікамі дэлегацыі Ізраіля, супрацоўнікамі ізраільскага пасольства, атрымаў ад іх некаторую літаратуру пра Ізраіль і супраць антысемітызма. Арыштаваны КДБ 8 снежня 1958 года, да суда ўтрымліваўся ў следчай турме КДБ БССР у Мінску (т. зв. «амерыканцы»).

Быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы замаху на М. Хрушчова, «здрадзе радзімы» і «антысавецкай агітацыі і прапагандзе». Першыя два абвінавачанні разваліліся, паколькі былі цалкам плёнам фантазіі КДБ. «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» ў разуменні КДБ заключаліся ў прыватных размовах пра палітычнае становішча і праявы антысемітызма ў СССР, чытанні і распаўсюдзе літаратуры пра Ізраіль (у якой не было ані слова пра СССР), капіраванні выдадзенай у першыя паслярэвалюцыйныя гады брашуры Максіма Горкага аб антысемітызме ды іншых падобных дзеяннях.

«Саўдзельнікамі» па справе праходзілі ўрач Яўген Рафаілавіч Хейфец (1925 г. н., арыштаваны 9 снежня 1958 г.) і трэнер па класічнай барацьбе Гірш Срольевіч Ясялевіч (1915 г. н., арыштаваны 11 снежня 1958 г.). Хейфец супрацоўнічаў са следствам, агаварыў сябе і Рубіна. Хейфец і Ясялевіч абвінавачваліся ў размовах пра палітыку ўрада СССР у дачыненні да яўрэяў. Хейфец таксама браў у Рубіна яўрэйскую літаратуру і распаўсюджваў сярод сваіх знаёмых, а Ясялевіч прывёз з Варшавы, дзе быў на спаборніцтвах, ізраільскія выданні.

Справа Рубіна, Хейфеца і Ясялевіча № 19121-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

28-29 красавіка 1959 г. у закрытым рэжыме прайшоў суд. Ясялевіч, як і Хейфец, прызнаў сябе вінаватым, Рубін не прызнаў, паколькі не лічыў літаратуру, якую распаўсюджваў, антысавецкай. На судзе Рубін казаў пра дзяржаўны антысемітызм у СССР і свой намер выехаць у Ізраіль. Вярхоўны Суд БССР асудзіў Рубіна да 6 год пазбаўлення свабоды, Хейфеца – да 2 год, Ясялевіча – да 6 месяцаў. Усе асуджаны па артыкуле 7 Закона СССР ад 25.12.58 («Призывы к насильственным свержению или изменению советского государственного и общественного строя или к насильственному нарушению единства территории Союза ССР», тагачасны аналаг «антысавецкай агітацыі і прапаганды»). Хейфец быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова 11 красавіка 1960 г.

Рубін адбываў свой тэрмін у мардоўскіх лагерах. Там пазнаёміўся з палітычнымі зняволенымі самых розных перакананняў (ад марксістаў да манархістаў), у тым ліку з сіяністамі з розных гарадоў СССР (Масква, Ленінград, Рыга, Кіеў ды інш.).

20 снежня 1964 г., пасля адбыцця Рубіным тэрміна, Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР рэабілітавала Рубіна, Хейфеца і Ясялевіча. Пасля вызвалення Рубін вярнуўся ў Мінск, працаваў у гарадской бальніцы старшым метадыстам па лячэбнай фізкультуры. Падтрымліваў кантакты з прадстаўнікамі яўрэйскага руху (у тым ліку былымі сулагернікамі) з Масквы, Рыгі. Працягваў распаўсюджваць яўрэйскую, у тым ліку сіянісцкую, літаратуру.

Пасля Шасцідзённай вайны КДБ БССР вырашыў распачаць справу супраць сіяністаў. 29 мая 1968 года быў арыштаваны Маісей Саламонавіч Грынблат (1901 г. н.), інжынер-энергетык на пенсіі, які капіраваў і распаўсюджваў яўрэйскую літаратуру, у тым ліку атрыманую ад Рубіна самвыдавецкую кнігу Аркадзя Цімора пра Шасцідзённую вайну «Письма русскому другу». Рубін шмат разоў выклікаўся на працяглыя допыты па справе, у тым ліку на вочную стаўку з Грынблатам, але ўсе факты захоўвання, памнажэння ці перадачы літаратуры іншым асобам адмаўляў, а з дому ўсю літаратуру вынес адразу ж пасля арышта Грынблата.

Грынблат прызнаў сябе вінаватым, супрацоўнічаў са следствам. 4 снежня 1968 г. Вярхоўны Суд БССР асудзіў яго да 1 года 6 месяцаў лагераў па артыкуле 67 КК БССР («Антысавецкая агітацыя і прапаганда»). Тэрмін Грынблат адбываў у Дубраўлагу. Справа № 36834-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Л. Грынблат быў рэабілітаваны ў 1996 г.

Як толькі яўрэям СССР ізноў пасля Шасцідзённай вайны сталі даваць дазволы на выезд у Ізраіль, Анатоль Рубін падаў дакументы ў АВІР. Увесну 1969 года ён з’ехаў з СССР у Ізраіль.

Пасяліўся ў Іерусаліме. Працаваў урачом. Узяў шлюб з Карні, унучкай знакамітага сіяніста Уладзіміра (Зэева) Жабацінскага.

У Ізраілі арганізоўваў выклікі для жыхароў Мінска, якія таксама хацелі з’ехаць, у прыватнасці, для Ісака Жытніцкага.

У 1972 годзе напісаў успаміны пра сваё жыццё да пераезда ў Ізраіль пад назвай «Карычневыя і чырвоныя боты».

Памёр 16 студзеня 2017 года.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беленькая, Лилия; Зингер, Борис. Белорусское еврейство в 1960-1967 гг. Портрет в интерьере // Białoruskie Zeszyty Historyczne — Беларускі Гістарычны Зборнік. №45/2016. С. 141-157.
  • Левин, Эрнст. «Отпусти мой народ». Отрывок из мемуаров // Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Выпуск 3. Минск, 2007. С. 338-342.
  • Маракоў, Леанід. Рубін Анатоль Пінхусавіч // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энцыклапедычны даведнік. У 3 т. — Т. 3. кн. 2. — Мінск, 2005. — С. 241.
  • Трейстер. Михаил. Визит в КГБ // Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Выпуск 1. Минск, 2007. С. 311-323.
  • 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог. Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман, Москва, 1999. С. 521-522.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]