Аркебуза

Аркебу́за (фр.: arquebuse), не блытаць з паняццем аркебуз — гладкаствольная кнотавая дульназарадная стрэльба.
Першыя аркебузы з’явіліся яшчэ ў пачатку XV стагоддзя. Вага аркебузы можа быць у межах 2,5-3,5 кг. Характэрным адрозненнем аркебуз ад больш ранніх узораў ручной агнястрэльнай зброі было наяўнасць эрганамічнага прыклада, падоўжанага ствала, ложы па ўсёй яго даўжыні, кнотавага замка са спускавым механізмам. Усё гэта дазваляла стралку прыкладвацца і весці прыцэльную страляніну з аркебузы на вельмі значныя адлегласці. Да таго ж усё аркебузы XVI стагоддзя забяспечваліся развітымі прыцэльнымі прыстасаваннямі.
Паводле даных музея Граца, тэхнічная кучнасць аркебузы XVI стагоддзя дазваляла трапіць у мішэнь памерам 60 на 60 см на адлегласці 100 метраў. Для стральбы з аркебуз выкарыстоўвалі свінцовыя кулі калібру 15-17 мм і зарад пораху прыкладна ў палову ад вагі кулі. Скорасць куль пры выкарыстанні якаснага грануляванага пораху магла дасягаць 450 м/с. Дастаткова высокая кінетычная энергія аркебузнай кулі (прыкладна 2000 Дж), дазваляла прабіваць рыцарскі даспех таўшчынёй 2 мм, з адлегласці 30 метраў.[1] Звычайна з такой адлегласці здзяйснялі залп па кавалерыі, якая наступае.
Гісторыя ўжывання
[правіць | правіць зыходнік]
Найстарэйшыя ўзоры і выявы падобнай зброі датуюць 1420-мі гадамі.
Упершыню масава аркебузы прымяняліся венгерскім каралём-палкаводцам Мацьяшам Корвінам (1458—1490), які стварыў перадавую па тым часе наёмную «Чорную армію», кожны чацвёрты пехацінец у якой узбройваўся падобнай зброяй. Таксама прымяняліся яны ў час Бургундскіх войнаў 1474—1477 гадоў. Паводле вядомага храніста і дыпламата Філіпу дэ Каміна, у Францыі і Бургундыі другой паловы XV стагоддзя аркебузу называлі «ручной куляўрынай».
Найбольшую вядомасць набылі аркебузы пасля бітвы пры Павіі ў 1525 годзе, калі ўзброеныя імі 3 тыс. іспанскіх жаўнераў атрымалі перамогу над 8 тыс. французскіх рыцараў, паклаўшы такім чынам канец магутнасці рыцарскіх армій у Еўропе. У тую ж эпоху на змену аркебузе пачынае прыходзіць мушкет, які мае большую прабіўную сілу, але ён і больш цяжкі. У выніку аркебуза да канца стагоддзя захавалася як лёгкая, кавалерыйская і паляўнічая зброя, а аркебузіры ператварыліся ў лёгкіх пехацінцаў. У XVI стагоддзі таксама распаўсюдзіліся аркебузы з колавымі замкамі і наразнымі стваламі. Пабольшылася даўжыня ствала, а самі ствалы пачалі вырабляць метадам свідравання (як і ў мушкетаў). Да пачатку XVII стагоддзя мушкет зусім выціснуў аркебузу.


У Японію аркебуза была завезена партугальскімі гандлярамі ў 1543 годзе; на землях правінцыі Сацума пачынаецца масавая вытворчасць гэтай зброі. У 1575 годзе ў бітве пры Нагасіна Ода Нобунага паставіў тры лініі ўзброеных аркебузамі асігару за драўляным частаколам, такім чынам падрыхтаваўшыся да нападу варожай конніцы. Пастраенне ў тры лініі дазваляла стралкам дзвюх задніх ліній перазараджаць сваю зброю, у той час, як першая лінія вяла агонь. Такая тактыка дазваляла весці бесперапынную страляніну. Падобная тактыка ў Еўропе называлася караколь. Апроч унутраных войнаў у самой Японіі, аркебузы шырока выкарыстоўваліся ва Імдзінскай вайне. Адзін з карэйскіх чыноўнікаў з прыкрасцю канстатаваў перавагу японскіх воінаў, узброеных аркебузамі. Пасля вайны Карэя і Кітай пачалі пераўзбройваць сваю армію аркебузамі. У час сёгуната Такугава (у 1603 годзе) насуперак папулярным «гарадскім легендам», выкарыстанне агнястрэльнай зброі працягвалася, як і яе вытворчасць, хоць з-за больш меншай інтэнсіўнасці канфліктаў у гэты перыяд яны радзей прымяняліся ў ваенных дзеяннях.[2] Больш таго, паступова ручная агнястрэльная зброя ператварылася больш скора ў фермерскі інструмент (які служыць для адпужвання жывёл ці іх забойства), чым рэальна як прылада для вядзення вайны, і такія погляды пачалі мяняцца толькі ў пачатку XIX стагоддзя.
Аркебуза таксама была на ўзбраенні воінаў тэрцыі. Тэрцыя (ісп.: tercio) — тактычная адзінка Іспанскай імперыі ў эпоху дамінавання Габсбургаў у еўрапейскіх бітвах у XVI стагоддзі і ў першай палове XVII стагоддзя. У тэрцыі былі наступныя віды войск — пікінёры, мечнікі і аркебузіры, ці мушкецёры. У тэорыі ў складзе тэрцыі мусіла знаходзіцца 3000 жаўнераў, на практыцы часта было менш за палову гэтай колькасці. Іспанскія тэрцыі былі першымі ў Еўропе тактычнымі адзінкамі, якія камплектаваліся асабовым складам з добра трэніраваных добраахвотнікаў-прафесіяналаў з выдатнай страявой дысцыплінай, замест наёмнікаў, якія складалі большасць еўрапейскіх армій таго часу. Часам тэрцыю называлі «іспанскім карэ». Да бітвы пры Ракруа (1643) тэрцыя лічылася непераможнай.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Peter Krenn, Paul Kalaus, Bert Hall Material Culture and Military History: Test-Firing Early Modern Small Arms(англ.) // Material Culture Review / Revue de la culture matérielle. — 1995. — В. 1. — Т. 42. — ISSN 1927-9264. Архівавана з першакрыніцы 10 жніўня 2018.
- ↑ David L. Howell The Social Life of Firearms in Tokugawa Japan(англ.) // Japanese Studies. — 2009-05. — В. 1. — Т. 29. — С. 65–80. — ISSN 1037-1397. — DOI:10.1080/10371390902780530
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ефимов С. В., Рымша С. С. Оружие Западной Европы XV—XVII вв. — Том 2. Арбалеты, артиллерия, ручное огнестрельное, комбинированное и охотничье оружие. — СПб.: Атлант, 2009. — 384 с.: ил. — Серия «Оружейная академия». — ISBN 978-5-98655-026-8.
- Карман Уильям. История огнестрельного оружия: с древнейших времен до XX века / Пер. с англ. М. Г. Барышникова. — М.: ЗАО «Центрполиграф», 2006. — 300 с.: ил. — ISBN 5-9524-2320-5.
- Маркевич В. Е. Ручное огнестрельное оружие. — СПб.: Полигон, 2005. — 2-е изд. — 492 с.: ил. — Серия «Военно-историческая библиотека». — ISBN 5-89173-276-9.
- Функен Л., Функен Ф. Средние века. Эпоха ренессанса: Пехота — Кавалерия — Артиллерия / Пер. с франц. М. Б. Ивановой. — М.: ООО «АСТ»; Астрель, 2004. — 146 с.: ил. — Серия «Энциклопедия вооружения и военного костюма». — ISBN 5-17-014796-1.