Індэпэндэнс I

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Індэпэндэнс I
Каменны век
Геаграфічны рэгіён Арктыка
Лакалізацыя Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг
Датаванне сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н.э. 2 тысячагоддзе да н.э.
Носьбіты палеаэскімосы
Тып гаспадаркі паляванне, рыбалоўства

Індэпэндэнс I (дацк.: Independence I) — археалагічная культура палеаэскімосаў на поўначы Грэнландыі і паўночнай часткі астравоў Канадскага Арктычнага архіпелага. Існавала ў сярэдзіне 3 — канцы 2 тысячагоддзяў да н. э. Адкрыта ў 1938 г. у раёне грэнландскага фіёрда Індэпэндэнс, хаця асобныя знаходкі рабіліся з пачатку XX ст.

Індэпэндэнс I — найбольш старажытная палеаэскімоская культура, носьбіты якой перасяліліся ў Грэнландыю. Аб іх паходжанні вядома мала. Мяркуецца, што яны маглі мець агульных продкаў з прадстаўнікамі культуры Сакак, аднак, у адрозненне ад апошніх, з’яўляліся сухапутнымі паляўнічымі. Палявалі пераважна на аўцабыкоў, таксама на белых мядзведзяў, пясцоў, птушак. Рэштак марскіх звяроў каля стаянак амаль не знойдзена. Некаторыя даследчыкі сумняваюцца нават у тым, ці трымалі носьбіты Індэпэндэнс I сабак, хаця вядомы адзінкавы выпадак знаходжання сабачых костак. Жылі ў круглявых, відавочна скураных хацінах з агменем пасярэдзіне. Паселішчы маглі ўключаць да 20 чалавек. Карысталіся крамянёвымі мікралітамі.

Знікненне культуры Індэпэндэнс I супадае з пахаладаннем клімату ў паўночным паўшар’і.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]