Паляванне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
«Лістапад», Ёахім фон Сандрарт, Масла, 1643
Паштовая марка Беларусі

Палява́нне — пошук і пераслед дзікіх звяроў і птушак з мэтаю іх здабычы, дзеля футра, дзічыны і г.д. У сярэднявеччы выдзялялі ло́вы — паляванне без кідальнай зброі.

Гл.далей: Лоўчыя прылады.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мае доўгую гісторыю развіцця і пераўтварэння з асноўнага занятку першабытнага чалавека у яго прамысловыя, аматарскія і спартыўныя формы у сучасны перыяд.

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Першабытны чалавек выкарыстоўваў для палявання тыя ж прылады, што служылі яму для самааховы і здабывання каранёў (камяні, палкі, драўляныя дубіны, завостраныя на агні ствалы маладых дрэўцаў, крамянёвыя секачы, пазней — дроцікі, дзіды, рагаціны, нажы). 3 такой зброяй паляванне было магчымым пры непасрэдным сутыкненні са зверам і патрабавала калектыўных форм і розных спосабаў палявання, заснаваных на веданні нораву, звычак, паводзін звяроў, паляванне вызначалася сукупнасцю традыцыйных прыёмаў высочвання і здабывання дзічыны і залежала ад сродкаў паляўніцтва. Спосабы палявання сфарміраваліся на працягу каменнага веку. Менавіта адтуль вядуць пачатак такія спосабы палявання, як высочванне, трапленне, падыход, пад'езд, подпуск (сежа), аблава з нагонкай. На эпоху палеаліту прыпадае і вынаходніцтва самалоўных прыстасаванняў.

Найбольш пашыранай і здабычлівай была аблава з нагонкай, якая існуе і ў наш час пры паляванні на ласёў, дзікоў і ваўкоў. У адрозненне ад далёкага мінулага гучкі (клікуны, загоншчыкі) гоняць цяпер звяроў не ў дрыгву і глыбокія яры са стромкімі схіламі, а на лінію расстаўленых пэўным чынам стралкоў. Жыццяздольнай аказалася аблога, ці аблава са сцяжкамі (чырвонымі стужкамі, у мінулым — пучкамі разнаколерных пёраў, прывязаных на адлегласці не больш метра да шматкіламетровага шнура, якім ашнуроўвалі дзялянку лесу з загадзя высачанымі ваўкамі або лісамі). Аблога бывае разамкнутай, калі гучкі з шумам гоняць звяроў на стралкоў, і самкнутай, калі паляўнічыя размяшчаюцца па ўсім перыметры аблогі, уздоўж шнура. Апошні варыянт палявання называецца катлом. На дробных звяроў, пераважна зайцоў, палявалі катлом і без папярэдняга ашнуроўвання — паляўнічыя абкружалі пэўную дзялянку поля і, пакрысе звужаючы круг, стралялі ўспуджаных звяроў.

Са з'яўленнем кап'я, дроціка і лука (9 тысячагоддзе да н. э.) побач з калектыўнымі склаліся і пашырыліся індывідуальныя спосабы палявання. Падыход (паляванне з падыходу, скрад, скрадванне) — падкрадванне крокам або паўзком да звера на адлегласць выстралу. Трапленне — пошук і выяўленне па слядах (тропах) месца знаходжання звера. Добры вынік ад яго зімой, асабліва па першым снезе, і летам па вільготнай зямлі, на якой даўжэй захоўваюцца сляды. Эфектыўнасць траплення значна ўзрасла пасля прыручэння сабакі (9 — 8-е тысячагоддзі да н. э.). Пад'езд (паляванне на пад'езд) — набліжэнне да звера на санях або лодцы на адлегласць дакладнага стрэлу. Аб'езд — павольны аб'езд на санях звера на адкрытым месцы, з паступовым звужэннем круга. Подпуск (засада, сежа) — паляванне, калі звера падпускаюць на выстрал са сховішча — загадзя пабудаванага будана або з палатак на дрэве. Подпуск часта спалучалі з вабай, асабліва у час гону ласёў. 3 лукам, а пазней са стрэльбай палявалі на баравую і балотную дзічыну. Цецерукоў стралялі на такавішчах ранняй вясной, зімой іх прываблівалі балванам (чучалам), якога саджалі на жэрдку крыху ніжэй верхавін дрэў. Качак білі у падход і на манькуту (надсадную качку). На бакасаў, слонак, гаршнэпаў, дупеляў, турухтанаў (батальёнаў) палявалі ранняй вясной. Паляванне са стральбой на дробных птушак мела пераважна спартыўны характар і карысталася папулярнасцю галоўным чынам сярод гарадскіх паляўнічых. Сяляне лічылі за празмерную раскошу траціць набой на птушку у чвэртку фунта вагай і лавілі іх пераважна сіламі.

Сярэднявечча і Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Здаўна вядомы і неактыўныя спосабы палявання, заснаваныя на выкарыстанні самалоўных прылад і прыстасаванняў: лоўчых ям, петляў са скураных паскаў і сухажылля і інш. Асноўнай старажытнай зброяй палявання быў лук, з XII ст. пашырыўся ўдасканалены лук — куша (арбалет) з кольбай, ложай і механічным напінаннем цецівы, што павялічыла магчымасць актыўнага палявання. У X — XIV ст. паляванне у Беларусі належала значная роля. На Полаччыне, Віцебшчыне і Тураўшчыне асноўным аб'ектам палявання былі тур і зубр, ля Ваўкавыска — дзік, у Пагарынні — бабёр, у ваколіцах Клецка — казуля. Для палявання выкарыстоўваліся ўсе віды наступальнай і абарончай зброі: лукі, кушы, коп'і, дзіды, дроцікі, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы, кісцяні. Коп'і і дроцікі кідалі наводмаш з бягу ці нагнаўшы звера верхам, дзіды і рагаціны выкарыстоўвалі пры паляванні на буйных звяроў, асабліва мядзведзя. Пашыраным было паляванне разнастайнымі самаловамі, пасткамі (ступіца, ступа, торгала, ашчэп, ваўкоўня, трызубец), сеткамі (лятуха, звон, шацёр, плат, стажок, раз'езд), петлямі, сіламі (пружок, панажы, кола), з XVIII ст. — капканамі саматужнай і фабрычнай вытворчасці. У сярэднявеччы папулярным было паляванне з сабакамі ці сокаламі. У XV — XVII ст. для палявання выкарыстоўвалі сабак-хартоў, якія даганялі і душылі звера, гончых, якія гналі звера з брэхам, выжлаў, якія нюхам адшуквалі птушак і ўзнімалі іх, а потым знаходзілі і прыносілі здабычу, ямнікаў (таксаў), з якімі палявалі на норнага звера. Сакалінае паляванне з «белазорамі» і «балабанамі» было выключнай прэрагатывай караля і магнатаў. 3 канца XV — пачатку XVI ст. пашырылася паляванне з агнястрэльнай зброяй (напачатку сярод прадстаўнікоў пануючых класаў, з сярэдзіны XVI ст. — і сярод сялян). Да канца XIX ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: ручніцамі, губчастымі («звярынымі» і «птушынымі»), крамянёвымі («крамзелямі» і «сакалоўкамі»), аднаствольнымі, пазней двух-ствольнымі дубальтоўкамі («пістонаўкамі»), у канцы XIX — пачатку XX ст., «бярданкай» — стрэльбай з зарадамі патроннага тыпу. Паляванне з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан і іншыя). Паляванне насіла характар варварскай забавы прывілеяваных асоб і стала амаль недаступным для астатніх. Напрыклад, у 1860 годзе цар Аляксандр II і яго світа за 2 дні знішчылі ў Белавежскай пушчы 28 зуброў, 23 дзікі, 36 казуляў і шмат іншых звяроў. Для загону звяроў, акрамя егераў і аб'ездчыкаў, было мабілізавана больш за 2 тысячы сялян, якія 3 тыдні заганялі звяроў у загарадзь. У час палявання цара Мікалая II за 2 тыдні забіта 40 зуброў, 53 алені, 26 рысей, 36 ланей, 325 казуляў, 138 дзікоў, 51 ліс і інш.

Паляванне на Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Сучаснае паляванне на Беларусі істотна адрозніваецца ад старажытнага, маючы спартыўна-аматарскі характар. Паляванне дазволенае толькі членам таварыстваў паляўнічых і рыбаловаў у паляўнічы сезон па пуцёўках або ліцэнзіях, у вызначаных для палявання паляўнічых угоддзях.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Цярохін С. Паляванне // Праект «Наша ежа»

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]