Перайсці да зместу

Аршанскія стаянкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аршанскія стаянкі каменнага веку — археалагічныя помнікі каля г. Орша Віцебскай вобласці.

Стаянка грэнскай культуры за 0,5 км на поўнач ад горада, ва ўрочышчы Кабыльнікі, на правым карэнным беразе Дняпра, вышыня над узроўнем вады 25 м. Плошча каля 2000 м². У 1978 г. адкрыў і ў 19801987 гг. даследаваў 300 м² У. П. Ксянзоў. Культурны пласт разбураны ворывам. Знойдзены 2873 экз. расшчэпленых крэменяў і прылад працы. Пераважаюць адшчэпы, нуклеусы і пласціны. Сярод 124 прылад працы сіметрычны тронкавы наканечнік стралы, скоблі, сярэдневуглавыя, вуглавыя і бакавыя разцы, праколкі, правёрткі, сякучыя і грубавыемчатыя прылады, скрабкі. Датуецца IX — VIII тыс. да н.э.

Стаянка неалітычнай эпохі ў межах горада, насупраць вуліц Бялінскага і Крылова, на 1-й надпоймавай тэрасе левага берага Дняпра, вышыня над узроўнем вады 8—9 м. Пляцоўка памерамі 30х70 м. У 1988 г. У. П. Ксянзоў даследаваў 168 м². Культурны пласт 0,2 — 0,5 м. Знойдзены 2858 крамянёвых вырабаў і прылад працы, у тым ліку лістападобны постсвідэрскі наканечнік стралы, праколка, скрабкі, вуглавыя разцы, укладышы, скоблі, фрагмент ляпнога посуду, арнаментаваны адбіткамі. Датуецца канцом III — пачаткам II тыс. да н.э.

  • Ксензов, В. П. Мезолит Северной и Центральной Беларуси / В. П. Ксензов; Ін-т гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Навук. рэд. І. М. Язэпенка. — Мінск: Ін-т гісторыі НАН Беларусі, 2006. — 169 с.: ил., табл. — (Матэрыялы па археалогіі Беларусі = Materials on the archaeology of Belarus; № 13).
  • Ксензов, В. П. Памятник гренской культуры Орша 1 // Гістарычныя лёсы Верхняга Падняпроўя: Рэгіянал. навук. канф. Ч. 1. Археалогія. — Магілёў, 1995.