Дняпро
| Дняпро | |
|---|---|
| руск. Днепр, укр. Дніпро | |
| Дняпро, спадарожнікавы здымак НАСА | |
| Характарыстыка | |
| Даўжыня | 2201 км |
| Басейн | 504 000 км² |
| Расход вады | 1 670 м³/с (у вусці) |
| Вадацёк | |
| Выток | Валдайскае ўзвышша |
| • Месцазнаходжанне | ур. Раждзяство каля вёскі Бачарава |
| • Вышыня | 220 м |
| • Каардынаты | 55°52′21″ пн. ш. 33°43′27″ у. д.HGЯO |
| Вусце | Дняпроўскі ліман |
| • Месцазнаходжанне | каля вёскі Рыбальчэ |
| • Вышыня | 0 м |
| • Каардынаты | 46°29′47″ пн. ш. 32°17′14″ у. д.HGЯO |
| Ухіл ракі | 0,09 м/км |
| Размяшчэнне | |
| Водная сістэма | Чорнае мора |
|
|
|
| Расія | Смаленская вобласць |
| Беларусь | Віцебская вобласць, Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць |
| Украіна | Чарнігаўская вобласць, Кіеўская вобласць, Кіеў, Чаркаская вобласць, Кіраваградская вобласць, Палтаўская вобласць, Днепрапятроўская вобласць, Запарожская вобласць, Херсонская вобласць, Мікалаеўская вобласць |
| Краіны | |
| Код у ДВР | 04010000112105000007040 |
Дняпро́ (руск.: Днепр, укр.: Дніпро) — рака ў Расіі, Беларусі (у тым ліку ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл.) і Украіне. Даўжыня 2201 км (да пабудовы вадасховішчаў 2285 км), у Беларусі — 690 км (найбольш працяглая з усіх рэк Беларусі). Вадазбор 504 тыс. км², на тэрыторыі Беларусі — 63,7 тыс. км² (без басейна Прыпяці). Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с, каля Оршы 123 м³/с, каля Рэчыцы 364 м³/с. Агульнае падзенне ракі ў Беларусі 54 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,08 ‰.
Пачынаецца з невялікага балота на Валдайскім узвышшы (Смаленская вобл.) на вышыні 236 м над узроўнем мора, упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Большасць даследчыкаў лічыць паходжанне назвы сармацкім і выводзяць яе ад выразу дану апара, што азначае задняя рака (адносна Днястра). Іншыя лічаць, што назва ракі паходзіць ад каранёў дан (дон), што значыць вада, рака і пр (прс), што значыць прыкладна пырскі, якія ўтвараюцца парогамі ў ніжнім цячэнні ракі.
Іншыя вядомыя назвы Дняпра: Барысфе́н (грэч.: Βορυσθένης — паўночная рака), згадваецца ў працах старажытнагрэчаскіх гісторыкаў Герадота, Страбона і ў некаторых старажытнарымскіх (Плінія Старэйшага), хаця ў рымскіх працах пераважае назва Данапрыс. Славу́тыч, т.б. Славянская (?), метафарычная назва часоў Русі. Вар (верагодна, ад імя індаеўрапейскага бога вады Варуна), гунская назва ракі, ад яе паходзіць печанежская назва Варух або Варуч. Буры-Чай (ад імя бога вайны Барын-Буры, які, па паданні, адпачываў на гэтай ракі), старажытнабулгарская назва. Узу́ (тур. — доўгая), турэцкая назва. Элтэкс, назва, якая ўжывалася ў сярэднявечнай Італіі.
Фізічная геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Дняпро — тыповая для Усходне-Еўрапейскай раўніны буйная рака з павольным і спакойным цячэннем.
Рака падзяляецца на тры часткі: верхняе цячэнне (Верхні Дняпро) — ад вытоку да Кіева (1320 км), сярэдняе (Сярэдні Дняпро) — ад Кіева да Запарожжа (555 км) і ніжняе (Ніжні Дняпро) — ад Запарожжа да вусця (326 км)[1]. Агульная плошча дэльты складае 350 км²[2].
Палеагеаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паводле геалагічных рэканструкцый М. Векліча[3], басейн Дняпра пачаў фарміравацца каля 10 млн гадоў таму, у Берагаўскі час, пасля адступлення палеаген-неагенавага мора[4]. Першапачаткова сувязь з Чорным морам існавала толькі ў нізоўях, дзе рэкі Самара, Арэль, Кільчэнь і Конская ўтваралі аўтаномны басейн. У раннім антрапагене гідрасетка ўжо ўключала ўсе сучасныя элементы, за выключэннем басейна Прыпяці.
У сярэднім антрапагене пачалася «азёрная стадыя» — утварэнне вялізных пасляледавіковых азёр на значнай частцы басейна. Як абгрунтавалі даследчыкі В. Дакучаеў[5] і пазней Д. Квасаў[6], сучасны Дняпро сфарміраваўся менавіта ў выніку маштабных прарываў гэтых вадаёмаў. Азёрны перыяд завяршыўся катаклізмамі. Найбольш катастрафічнымі сталі апошнія 23 тысячы гадоў: гіганцкая паводка прарвала даліну сярэдняга Дняпра. Наступныя, менш моцныя паводкі 13–12 тысяч гадоў таму канчаткова сфарміравалі сучасную будову дняпроўскага басейна.
Рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]
Рэльеф басейна пераважна раўнінна-пагорысты. Вярхоўі вадазбору знаходзяцца ў межах Смаленскага, Аршанскага і Мінскага ўзвышшаў. Гэта найбольш узнёслая частка, якая ўяўляе сабой складаную сістэму буйнаўзгорыстых марэнавых узвышшаў з адноснымі вышынямі асобных грудоў ад 30–50 м да 120 м. Яны чаргуюцца са слабаўвагнутымі, часта забалочанымі нізінамі і моцна падзеленымі плятопадобнымі ўчасткамі.
Цэнтральная частка (ахоплівае вадазборы рэк Бярэзіна і Сож) пераважна раўнінная: правабярэжжа ляжыць на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, а левабярэжжа — на Аршанска-Магілёўскай раўніне. Тут сустракаюцца хвалістыя ўчасткі доннай марэны з меншымі перападамі вышынь (5–30 м). Пры гэтым левабярэжжа да Жлобіна прыўзнятае адносна правага берага на 40–60 м і моцна парэзана далінамі, ярамі і балкамі.
На поўдні, дзе раўніна пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся (на поўдзень ад Рагачова цягнецца Прыдняпроўская нізіна), рэльеф змяняецца. Тут сустракаюцца пясчаныя дзюнава-грудкаватыя ўтварэнні (вышынёй 5–8 м) і асобныя размытыя марэнавыя ўзгоркі.

У межах Беларусі шырыня рачной даліны складае да 18 км, яна мае пераважна трапецападобную форму. Схілы даліны ўмерана стромкія і спадзістыя, вышынёй 12–35 м, парэзаныя ярамі і лагамі. Шырыня даліны змяняецца: да Магілёва яна складае 0,8–3 км, ніжэй (да вусця Сожа) пашыраецца да 5–10 км, а ў межах Палескай нізіны робіцца невыразнай і зліваецца з прылеглай мясцовасцю.
Пойма ракі шырынёй да 12 км на значным працягу ўяўляе сабой двухбаковую тэрасу, якая ўзвышаецца над межанным узроўнем вады на 5–8 м. Яе шырыня вагаецца: ад 0,1–1 км каля Магілёва да 6 км каля Жлобіна і да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Паверхня поймы перасечана старыцамі, рукавамі, пратокамі і азёрамі, большай часткай адкрытая і разараная. Сустракаюцца павышаныя грывістыя ўчасткі і прырэчышчавыя валы.
Рэчышча Дняпра на вялікім працягу моцназвілістае, багатае на рукавы, выспы і мелі (асабліва паміж вусцямі Друці і Сожа). За 9 км вышэй Оршы, каля вёскі Прыдняпроўе, рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утвараючы так званыя Кабяляцкія парогі. Шырыня ракі 60–120 м, паміж вусцямі Бярэзіны і Сожа 0,2–0,6 км, ніжэй 0,8–1,5 км, а ў зоне падпору ад Кіеўскага вадасховішча 3–5 км. Дно пераважна роўнае, пясчанае, часам пясчана-жвіровае. Берагі вышынёй ад 0,5 да 10 м вар’іруюцца ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах яны часта разбураюцца, таму ў асобных месцах праведзена іхняе штучнае замацаванне.
Траекторыя
[правіць | правіць зыходнік]Рака Дняпро ўваходзіць у Беларусь з паўночнага ўсходу. Першыя дзве траціны свайго шляху па краіне рака цячэ пераважна паралельна мяжы з Расійскай Федэрацыяй, праходзячы на сярэдняй адлегласці каля 80 кіламетраў ад яе. У сваёй паўднёвай траціне Дняпро ўтварае дзяржаўную мяжу з Украінай. Па ўсходнім беразе ракі тут знаходзіцца Чарнігаўская вобласць Украіны.
Ва Украіну Дняпро ўваходзіць строга на поўначы (на стыку Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей) і цячэ на самы поўдзень, умоўна падзяляючы краіну амаль напалову на Правабярэжжа і Левабярэжжа, аж да ўпадзення ў Дняпроўска-Бугскі ліман Чорнага мора. Напрамак цячэння некалькі разоў змяняецца: ад вытокаў да Оршы Дняпро цячэ на паўднёвы захад, далей да Кіева — прама на поўдзень, ад Кіева да горада Дніпра — на паўднёвы ўсход[2]. Да Запарожжа ідзе больш кароткі адрэзак ракі даўжынёй 90 км, накіраваны на поўдзень[2]. Далей, да свайго лімана, яна цячэ ў паўднёва-заходнім напрамку. Такім чынам, Дняпро ў шырыню займае 9° 18' і ўтварае на тэрыторыі Украіны падабенства вялікага лука, звернутага на ўсход, што ўдвая павялічвае шлях па Дняпры з Цэнтральнай Украіны да Чорнага мора: адлегласць ад Кіева да вусця Дняпра па прамой лініі — 450 км, па рацэ — 950 км[2].
Верхняе і сярэдняе цячэнні
[правіць | правіць зыходнік]
Дняпро бярэ пачатак у невялікім балоце Аксёнінскі мох на паўднёвым схіле Валдайскага ўзвышша[7] каля вёскі Бачарава, што ў Сычоўскім раёне Смаленскай вобласці Расіі. Ад самага вытоку, дзе рака пачынаецца як невялікі ручай, мясцовыя жыхары называюць яе Дняпрэц (руск.: Днепрец). З гэтых жа схілаў выцякаюць і іншыя буйныя рэкі, такія як Волга, Заходняя Дзвіна, Ловаць, Сясь і Малога[8]
У верхняй частцы, да горада Дарагабуж, Дняпро яшчэ малаводны і цячэ сярод лясістай раўніны. Ягоная шырыня тут не перавышае 30 метраў[2]. Ніжэй за Дарагабуж, да Оршы, напрамак ракі змяняецца на заходні, і яна пашыраецца да 40–120 метраў. Ужо адсюль Дняпро робіцца сплаўным, а падчас высокага вадастая — нават суднаходным[2]. Вышэй за Оршу рака праразае дэвонскія вапнякі, утвараючы невялікія Кабяляцкія парогі. Ад Оршы да Кіева Дняпро цячэ проста на поўдзень і каля Рагачова выходзіць на Палескую нізіну. Ад Лоева рака пачынае працякаць па тэрыторыі Украіны.
- Краявіды верхняга цячэння Дняпра
- Мост над Дняпром у Дарагабужы
- У Оршы
- Каля Магілёва
- Узімку ў Копысі
На ўкраінскім участку Дняпро цячэ на поўдзень, дзе далей ад Кіева да горада Дніпро праходзіць па мяжы Прыдняпроўскага ўзвышша і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна ракі тут выразна асіметрычная:
- Правы бераг — круты і высокі, месцамі ўзвышаецца на 100–150 метраў. Ён зрэзаны глыбокімі ярамі ды залесены, утварае маляўнічы краявід «дняпроўскіх гор»[2]. На іх размяшчаецца Кіеў, а ніжэй па цячэнні, на Чарнечай (цяпер Тарасавай) гары каля Канева, знаходзіцца магіла выбітнага ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі.
- Левы бераг — нізкі, спадзісты, пясчаны і часта пакрыты хваёвым лесам, узвышаецца на ўсход шырокімі тэрасамі.
Шырыня даліны тут складае 6–10 км, а каля Пераяслава і Чаркас дасягае 15–18 км. Шырыня самога рэчышча вагаецца ад 200 да 1200 метраў[2]. Ніжэй за Чаркасы, да будаўніцтва Крамянчугскага вадасховішча ў 1959 годзе, Дняпро падзяляўся на рукавы і ўтвараў шматлікія выспы.
Паміж Дніпром і Запарожжам рака перасякае Украінскі шчыт[2]. У мінулым тут былі парогі, цяпер яны пакрытыя водамі Дняпроўскага вадасховішча.
Ніжняе цячэнне
[правіць | правіць зыходнік]
Ніжэй за Запарожжа Дняпро ўваходзіць у межы стэпавай, сухой (300–400 мм ападкаў у год) Прычарнаморскай нізіны і павольна нясе свае воды на паўднёвы захад, да мора[2]. Мінуўшы звужэнне рэчышча на паўночнай ускраіне Запарожжа (у гістарычнай мясцовасці Кічкас), рака падзяляецца на два рукавы. Яны абцякаюць вялікі скалісты востраў Хорціца — гранітны масіў, дзе раней месцілася Запарожская Сеч. Шырыня рачной даліны ў гэтым месцы складае 4 км, а далей пашыраецца да 20 км[2].
За Хорціцай рака разбіваецца на мноства рукавоў і цячэ па балоцістай раўніне. Вясной і падчас летніх паводак гэтая мясцовасць поўнасцю заліваецца вадой, утвараючы плаўні, пакрытыя лісцевым лесам, трыснягом, рагозам, пойменнымі лугамі, азёрамі і балотамі. Найбуйнейшыя плаўні, вядомыя як Вялікі Луг (шырынёй да 20 км і даўжынёй да 60 км), цягнуцца паміж Дняпром і ягоным левым прытокам Конкай. Ад другога буйнога прыроднага комплексу — Базаўлуцкіх плаўняў — іх аддзяляе вузкая паласа забалочаных зямель паблізу Нікапаля[2].
Пасля ўзвядзення другой вялікай плаціны на Дняпры і стварэння Кахоўскага вадасховішча (якое таксама называлі Кахоўскім морам) даліна ракі істотна змянілася. Амаль уся тэрыторыя Вялікага Луга апынулася пад вадой, за выключэннем некалькіх сотняў гектараў на паўднёвым усходзе вострава Хорціца і на левым беразе[2]. Аднак у выніку падрыву Кахоўскай ГЭС 6 чэрвеня 2023 года воды сышлі, і Вялікі Луг зноў агаліўся[9].
Ніжэй за ўпадзенне правага прытока — ракі Базаўлук — даліна Дняпра зноў звужаецца: шырыня поймы тут складае 3–7 км, павялічваючыся да 10 км толькі каля лімана[2]. Да Кахоўкі абодва берагі ракі высокія (каля Нікапаля — да 80 м), а ніжэй за Кахоўку левы бераг становіцца нізкім[2].
Ад Кахоўкі пачынаецца вусцевая частка Дняпра. Ніжэй за Херсон рака падзяляецца на рукавы, утвараючы вялікую дэльту плошчай 350 км² з мноствам выспаў і азёр. Каля дзвюх трацін дэльты займаюць плаўні, а адну траціну — водная паверхня[2].
Дняпро ўліваецца ў Дняпроўска-Бугскі ліман некалькімі мелкаводнымі рукавамі (вусцямі). Найважнейшыя з іх — Збур’еўскае, Кізілмыцкае і Бакач (альбо Рвач). Дзякуючы штучнаму паглыбленню рукава Рвач марскія судны маюць магчымасць даходзіць да Херсонскага порта[2].
- Краявіды ніжняга цячэння Дняпра
- Востраў Хорціца з космасу
- Каля Херсона
- Каля пасёлка Білазэрка
- Пасярод плаўняў вусця
- Дняпроўска-Бугскі ліман з космасу
Вадазборная плошча
[правіць | правіць зыходнік]
Плошча вадазбору Дняпра складае 504 000 км². З іх 291 400 км² знаходзіцца ў межах Украіны, што складае амаль 60 % ад агульнай плошчы[1]. Басейн ракі ахоплівае большасць гістарычных украінскіх зямель, за выключэннем Галічыны, заходняй часткі Валыні і Закарпацця[2].
У межах Беларусі плошча вадазбору складае прыкладна 118 000 км² (каля 23 % ад агульнай плошчы), што адпавядае 57–58 % усёй тэрыторыі краіны і фарміруе яе Чарнаморскі басейн. Гэтая велічыня ахоплівае ўсю рачную сістэму, уключаючы басейны найбуйнейшых прытокаў — Прыпяці, Бярэзіны і Сожа. Варта адзначыць, што ў некаторых гідралагічных крыніцах прыводзіцца меншая плошча (63 700–67 500 км²), паколькі басейн Прыпяці (які займае ў Беларусі каля 51 000–52 000 км²) праз сваі значныя памеры часта ўлічваецца статыстыкай асобна.
Прытокі і гідраграфічная сетка
[правіць | правіць зыходнік]
Размеркаванне прытокаў па цячэнні Дняпра вельмі нераўнамернае. Асноўная частка рачной сеткі засяроджана ў верхняй плыні, дзе рака прымае свае самыя магутныя прытокі. Ніжэй за Кіеў і да самага вусця колькасць і воднасць прытокаў значна змяншаюцца.
Усяго ў басейне Дняпра працякае 15 380 малых рэк (каля 25 % ад іхняй агульнай колькасці ва Украіне)[10]. Іхняя сумарная даўжыня складае 67 156 км. З гэтага ліку 13 998 рэк маюць даўжыню больш за 10 км (сукупная працягласць — 35 041 км)[10].
- Прытокі вярхоўя
У самым вярхоўі, да горада Дарагабуж, Дняпро застаецца параўнальна невялікай ракой. Рэзкае павелічэнне ягонай паўнаводнасці адбываецца дзякуючы ўпадзенню галоўных артэрый бліжэй да пачатку сярэдняй плыні. У Беларусі Дняпро прымае шматводную правабярэжную Бярэзіну (даўжыня — 613 км, басейн — 24 530 км²) і левабярэжны Сож (648 км, басейн — 42 140 км²). Сярод меншых рэк Беларусі ў Дняпро ўпадаюць: справа — Аршыца, Адроў, Лахва, Друць, і Добасна, а злева — Ухлясць і Ржаўка.
На поўначы Украіны ўпадаюць найбуйнейшыя прытокі — правабярэжная Прыпяць (802 км, басейн — 114 300 км²) і левабярэжная Дзясна (1 187 км, басейн — 88 840 км²). Таксама тут далучаюцца сярэднія рэкі — Цецераў, Ірпень[2], і малыя — Жыдок, Ратуха. Пасля прыёму гэтых рэк Дняпро пераўтвараецца ў магутную водную артэрыю. Ягоная шырыня дасягае 700 м, а глыбіня — 8 м[2]. Расход вады ўзрастае каласальна: з 45 м³/с каля Оршы да 108 м³/с каля Рагачова і да 1 380 м³/с каля Кіева[2].
- Прытокі нізоўя
Прытокі, якія ўпадаюць у Дняпро ніжэй Кіева, істотна саступаюць верхнім па воднасці і маюць розны характар у залежнасці ад берага:
- Правыя прытокі: Працякаюць праз гранітныя пароды Украінскага шчыта. Яны, як правіла, кароткія, маюць вузкія рэчышчы і больш імклівае цячэнне; асноўныя з іх: Стугна, Красна, Бобрыця, Сквыра, Леглыч, Рось, Вільшанка, Ірдынка, Цясмін, Цыбульнык[2]. Выключэннем сярод правабярэжных прытокаў нізоўя з’яўляецца доўгая рака Інгулец (346 км), якая ўпадае каля прычарнаморскага горада Херсона.
- Левыя прытокі: Бяруць пачатак пераважна на Сярэднярускім узвышшы і перасякаюць Прыдняпроўскую нізіну. Гэта больш доўгія і шырокія рэкі з нізкімі берагамі і развітымі тэрасамі. Аднак, нягледзячы на памеры, яны параўнальна мала павялічваюць сцёк Дняпра[2]. Асноўныя рэкі: Трубеж, Супой, Сула (457 км) з Удаем, Псёл (806 км), Ворскла (421 км), Самара (391 км).
- Краявіды прытокаў Дняпра
- Ворскла ўлiваецца ў Дняпро
Дняпроўскія парогі
[правіць | правіць зыходнік]
Да пачатку XX стагоддзя ў рэчышчы Дняпра існавалі парогі — на ўчастку паміж сучаснымі гарадамі Дніпро і Запарожжа. Сёння яны затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча. Гістарычна і геаграфічна парогі падзялялі сярэдняе і ніжняе цячэнні.
Калі камяні і скалы перасякалі толькі частку цячэння, іх называлі заборамі, калі ж перагароджвалі ўсю раку — парогамі. У сярэднім цячэнні Дняпра налічвалася 9 парогаў, 30–60 забораў і 60 астравоў. Агульная даўжыня ўчастка, дзе яны знаходзіліся, складала каля 65–75 км, а перапад вышыні вады — 30–40 м. Найбольш суднаходству перашкаджалі менавіта парогі, якія размяшчаліся ў наступным парадку:
- Кадацкі парог
- Сурскі парог
- Лаханскі парог
- Званецкі парог
- Ненасыцецкі парог (таксама вядомы як Ненасыцец або Равучы; лоцманы называлі яго Разбойнік або Дзед)
- Ваўніжскі парог (лоцманы называлі яго Унук)
- Будзільскі парог (Будзіла)
- Лішні парог
- Вольны парог
Першыя работы па расчыстцы парогаў загадаў выканаць яшчэ Пётр I[1]. У 1803—1805 гадах на самым вялікім і грозным Ненасыцецкім парозе быў абсталяваны двухкамерны шлюз з падпорам 4,27 м. Аднак ягоная канструкцыя аказалася недасканалай, і неўзабаве шлюз разбурыўся[1].
Паводле праекта Шытава (які прадугледжваў стварэнне 16 шлюзаў на абходных каналах уздоўж парогаў) работы вяліся ў 1833 і 1843—1853 гадах. Яны далі магчымасць падоўжыць сплаўную навігацыю па рацэ на 1,5-2 месяцы, а ў некаторыя гады — і на ўсё лета[1].

З развіццём чыгункі гідратэхнічныя работы на Дняпры адышлі на другі план, хоць праекты ўтаймавання парогаў усё яшчэ распрацоўваліся (у 1878, 1880—1884, 1891 гадах)[1]. Толькі ў 1905 годзе ў праекце шлюзавання парогаў інжынераў Максімава і Графціа з’явілася ідэя выкарыстаць энергію самой ракі[1].
На пачатку XX стагоддзя рэчышча Дняпра каля Кіева ўмацавалі і паглыбілі. Дзякуючы гэтаму глыбіня ракі вышэй за Кіеў дасягнула 0,8 м, паміж Кіевам і парогамі — да 1 м, ніжэй за парогі — да 1,8 м, а ніжэй Кахоўкі — нават да 4,2 м. Таксама быў пабудаваны порт у Кіеве і добраўпарадкаваны шэраг прыстаняў.
У праектах 1910—1913 гадоў (інжынер Шапюі, прафесар Галье, прафесар Бахмецеў) упершыню прадугледжвалася рэгуляванне сцёку для павышэння магутнасці гідрастанцыі[1]. Аднак планы затаплення парогаў, будаўніцтва гідраэлектрастанцый і злучэння Дняпра суднаходнымі каналамі з Дзвіной (шлях Херсон — Рыга), Віслай (Кіеў — Гданьск) і Данцом не былі рэалізаваны праз пачатак Першай сусветнай вайны. Не змог іх ажыццявіць і Дэпартамент воднай гаспадаркі новаўтворанай УНР. Тым не менш, нягледзячы на недастатковы аб’ём работ, транспартнае значэнне Дняпра перад вайной узрасло.
Жыўленне, сцёк і водна-лядовы рэжым
[правіць | правіць зыходнік]
Басейн Дняпра працягнуўся праз некалькі прыродна-кліматычных зон, што абумоўлівае характар ракі. Верхняя частка знаходзіцца ў лясным поясе з празмерным і дастатковым увільгатненнем, сярэдняя — у лесастэпе з няўстойлівым увільгатненнем, а ніжняя — у засушлівай стэпавай зоне[1]. Сярэдняя тэмпература вады ў летні перыяд дасягае 19‒22 °C.
У залежнасці ад шыраты таксама змяняецца жыўленне ракі, праз што яно змяшанае. Так, у вярхоўях пераважае снегавое жыўленне (каля 50 %), доля падземнага складае 30 %, дажджавога — 20 %. У стэпавай зоне роля снегавога жыўлення ўзрастае да 85–90 %, у той час як доля падземных вод змяншаецца да 10–15 %, а дажджавое жыўленне практычна адсутнічае[1].

Асноўны аб’ём вады (каля 80 % гадавога сцёку) фарміруецца ў верхняй частцы басейна, дзе вялікая колькасць ападкаў спалучаецца з малым выпарэннем[1]. У прыватнасці, верхні Дняпро з Бярэзінай і Сожам дае 35 % гадавога сцёку, Прыпяць — 26 % і Дзясна — 21 %.
Сярэднегадавы расход вады паблізу Кіева складае 1 370 м³/с (43,4 млрд м³ у год), а ў вусці ўзрастае да 1 700 м³/с (53,5 млрд м³)[1]. На тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваны наступныя экстрэмальныя значэнні: каля Оршы найбольшы расход складаў 2000 м³/с (1931 г.), найменшы — 8 м³/с (1892 г.); каля Рэчыцы — 4970 м³/с (1953 г.) і 36 м³/с (1921 г.) адпаведна.

Водны рэжым Дняпра тыповы для рэк умеранага клімату і вызначаецца выразнай сезоннай нераўнамернасцю:
- Увесну назіраецца добра выражанае разводдзе, якое праходзіць адной, радзей — двюма хвалямі. Менавіта ў гэтую пару, падчас раставання снягоў, праз рэчышча праходзіць найбольшы аб’ём вады — 68 % (у Беларусі) або 55–57 % (ва Украіне) гадавога сцёку. Гэты паказчык можа істотна вагацца: так, вясенні сцёк у Кіеве ў розныя гады складаў ад 46 % да 78 %[2].
- Улетку ўсталёўваецца нізкая межань, якая часам перарываецца дажджавымі паводкамі. На летні час прыпадае 17–21 % сцёку[2].
- Восень адзначаецца рэгулярным падняццем узроўню вады (12–14 % сцёку), а зімовая межань з’яўляецца часам мінімальнага сцёку (каля 12 %)[2].
Водны рэжым ракі істотна змяніўся пасля будаўніцтва каскаду вадасховішчаў на працягу XX стагоддзя. Дняпро фактычна ператварыўся ў ланцуг працяглых штучных вадаёмаў, падзеленых плацінамі і гідравузламі з сістэмай шлюзаў. З аднаго боку, вадасховішчы дазволілі выраўнаваць узровень вады і згладзіць пікі паводак, а таксама паўплывалі на тэрмічны рэжым (ніжэй плацін працягласць лядовага покрыва скарацілася). З іншага боку, ператварэнне праточнай ракі ў сістэму запаволенага сцёку парушыла прыродную экалагічную раўнавагу. Інтэнсіўнасць водаабмену рэзка знізілася — у параўнанні з натуральнымі ўмовамі ён запаволіўся ў 14–30 разоў, што стварыла ўмовы для застойных з’яў[11].
Гадавы сцёк завіслых наносаў у Беларусі 250 тыс. тон. Вада ў рацэ гідракарбанатна-кальцыевага класа, умерана жорсткая, павышанай і сярэдняй мінералізацыі. Для памяншэння забруджвання Дняпра пры прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаванні, вядзецца кантроль за гідрахімічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. Адмоўны ўплыў на ваду, ілы і жывёльны і раслінны свет у Дняпры аказала катастрофа на Чарнобыльскай АЭС.
Замярзанне і скрысанне
[правіць | правіць зыходнік]
Устойлівы ледастаў на Дняпры ўсталёўваецца напрыканцы лістапада — на пачатку снежня. Звычайна гэта адбываецца пасля перыяду працяглых маразоў, калі тэмпература паветра трымаецца ніжэй за 0 °C цягам прыблізна 20 дзён[2]. Замярзанне пачынаецца з поўначы, а скрысанне лядовага покрыва — з поўдня. Паколькі нізоўі вызваляюцца ад лёду раней, крыгі з верхоўяў могуць свабодна плыць уніз па цячэнні ўжо па адкрытай вадзе. Дзякуючы гэтаму лядовыя заторы і выкліканыя імі паводкі на Дняпры здараюцца рэдка[2]. У Беларусі найбольшая таўшчыня лёду дасягае ў асобныя гады 60–80 см (у пачатку сакавіка).

Навігацыя на Дняпры залежыць ад працягласці вясенняга крыгаходу і пачатку зімовага ледаставу. Згодна з гістарычнымі данымі назіранняў канца XIX ст., вясенняе скрысанне лёду на Дняпры праходзіла даволі імкліва — у сярэднім за 5–12 дзён. Самы доўгі крыгаход назіраўся ў верхняй частцы ракі (паміж Дарагабужам і Магілёвам), а таксама на ўчастку паміж Кіевам і парогамі[12]. Восеньскае замярзанне не ўплывала на навігацыю і заўсёды цягнулася значна даўжэй — ад 9 да 37 дзён, прычым найбольш зацяжным яно было на ўчастку ад вусця Прыпяці і аж да парогаў[12].
Палітычная геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Ад вытоку да вусця Дняпро цячэ па тэрыторыі трох дзяржаў: Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Украіны. На асобных участках рака і яе прытокі служаць натуральнай мяжой паміж краінамі. Іхнія воды жывяць і арашаюць 12 густанаселеных абласцей:
- 1 у Расіі: Смаленская вобласць.
- 3 у Беларусі: Мінская, Магілёўская, Гомельская вобласці.
- 8 ва Украіне: Чарнігаўская, Кіеўская, Чаркаская, Кіраваградская, Палтаўская, Днепрапятроўская, Запарожская і Херсонская вобласці.
На берагах ракі размешчана больш за паўсотні вялікіх і малых гарадоў, у тым ліку сталіца Украіны — Кіеў. На рацэ Свіслач — правым прытоку Бярэзіны — стаіць сталіца Беларусі — Мінск.

На расійскім участку Дняпра размясціліся 2 гарады:

На беларускім участку Дняпра размясціліся 12 гарадоў:

На ўкраінскім участку Дняпра размясціліся 25 гарадоў:
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]
Значная частка тэрыторыі (каля 25 %) занятая ляснымі масівамі, якія размешчаны нераўнамерна. Вялікія лясныя масівы знаходзяцца на вадазборах правабярэжных прытокаў (Бярэзіна, Друць). Левабярэжжа аблесенае значна менш. Лясы тут сустракаюцца параўнальна невялікімі дзялянкамі, найвялікшыя з іх засяроджаныя ў нізоўе Сожа. Лясы мяшаныя, асноўныя пароды — хвоя, елка, дуб.
Водарасці
[правіць | правіць зыходнік]
Дняпро і ягоныя вадасховішчы растуць і насяляюць прадстаўнікі 7 сістэматычных аддзелаў водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, дынафітавыя, эўгленавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, крыптафітавыя[13]. Асабліва разнастайныя — зялёныя. Сярод іх інтэнсіўна развіліся вальвоксавыя (Volvocaceae), пратакокавыя (Protococcophyceae), улатрыксавыя (Ulotrichales), зігнемавыя (Zygnema), дэсмідыевыя водарасці (Desmidiales). Таксама воды Дняпра багата населены цыянабактэрыямі — адзінымі пракарыётамі, здольнымі да фотасінтэзу, якіх паводле састарэлай класіфікацыі называлі сінезялёнымі водарствамі і адносілі да раслін.
Колькасць відаў водарасцей і інтэнсіўнасць іхняга развіцця на розных участках Дняпра ў значнай ступені змяняюцца ў залежнасці ад экалагічных асаблівасцей часткі вадаёма, сезона года, глыбіні і часу сутак. Па стане на 1 студзеня 1999 года агульная колькасць відаў водарасцей, знойдзеных у фітапланктоне вадасховішчаў Дняпра, складала 1192 віды, а разам з унутрывідавымі формамі — 1574[13].
Вышэйшыя расліны
[правіць | правіць зыходнік]Ад верхняга Дняпра да вусця
[правіць | правіць зыходнік]
На розных участках Дняпра да зарэгулявання і ў розныя гады існавання вадасховішчаў выяўлялі 69 відаў вышэйшых водных раслін — макрафітаў[14]. Будаўніцтва вадасховішчаў істотна паўплывала на водную і прыбярэжную расліннасць Дняпра і ягоныя поймы. Адны расліны не вытрымалі новых умоў існавання, іншыя, наадварот, развіваліся лепш, у выніку чаго відавы склад раслін да і пасля затаплення на ўсіх участках Дняпра змяніўся. У канцы 1970-х гадоў у кожным з вадасховішчаў расло некалькі дзясяткаў відаў вышэйшых водных раслін, але асаблівых адрозненняў у колькасці прадстаўленых відаў даследчыкі не адзначалі[14].
Найбольш інтэнсіўнае зарастанне ідзе на Кіеўскім і Крамянчугскім вадасховішчах. Значныя масівы зараснікаў разрасліся на Крамянчугскім вадасховішчы ўжо да 7-га года ягонага існавання. На Кахоўскім вадасховішчы гэта было заўважана толькі на 12-м годзе існавання, але ў значна меншых маштабах[14].
Агульная колькасць відаў вышэйшых водных раслін вусцевай часткі Дняпра (без Дняпроўска-Бугскага лімана) уключае 72 віды, якія належаць да 28 сямействаў і 42 родаў. Дамінуюць расліны, пагружаныя ў ваду (гідрафіты) — 33 віды; расліны з плаваючым лісцем (гідатафіты) — 19 відаў; паветрана-водныя — 20 відаў.
Дняпроўска-Бугскі ліман
[правіць | правіць зыходнік]
Вышэйшая водная расліннасць Дняпроўска-Бугскага лімана прадстаўлена 26 відамі. З павышэннем мінералізацыі вады ад дэльты Дняпра да Кінбурнскай касы колькасць відаў скарачаецца (ад 25 відаў ва ўсходняй частцы лімана да 7 відаў — у заходняй). Значныя плошчы незарослых водмеляў засяроджаныя ў заходняй частцы лімана, дзе вялікі ўплыў марской вады. А асноўныя масівы зараснікаў — ва ўсходняй частцы ўздоўж пярэдняга краю дняпроўскай дэльты і каля левага берага.
Амаль палова відаў, што растуць у лімане — гэта балотная расліннасць, пераважна трыснёг (Phragmites australis) і рагоз вузкалісты (Typha angustifolia). Паветрана-водныя расліны — трыснёг, чарот азёрны (Schoenoplectus lacustris) і часткова рагоз вузкалісты — займаюць пятую частку зараснікаў; пагружаная расліннасць — каля 30 %. Пераважае ўрэчнік грабеньчаты (Potamogeton pectinatus), урэчнік кучаравы (Potamogeton crispus), шышняк каласісты (Myriophyllum spicatum), рагаліснік занураны (Ceratophyllum demersum), валіснерыя спіральная (Valisneria spiralis), наяда марская (Najas marina).
Сярод расліннасці з плаваючым лісцем найбольшыя плошчы займаюць гарлачык белы (Nymphaea alba), гарлачык жоўты (Nuphar lutea) і балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Фармацыі вадзянога арэха (Trapa natans) на канец XX стагоддзя былі адзначаны на вельмі невялікіх участках, хоць у нядаўнім мінулым яны былі распаўсюджаны на вялікіх плошчах у затоках і пратоках дэльты Дняпра.
Жывёльны свет
[правіць | правіць зыходнік]Рыбы і членістаногія
[правіць | правіць зыходнік]
1 — гусцяра; 2 — плотка; 3 — карась сярэбраны; 4 — акунь; 5 — бычок-жаба; 6 — краснапёрка; 7 — лінь; 8 — лешч; 9 — джгір; 10 — галавень; 11 — таўсталобік белы; 12 — судак; 13 — сазан; 14 — шчупак; 15 — карась залаты; 16 — сом.
Павялічана ў 3 разы: А — цюлька; Б — аўсянка; В — пячкур; Г — колюшка трохіголкавая; Д — бычок-ганец; Ж — верхаводка; З — бычок-галавач; Е — шчыпоўка; Є — бычок-пясочнік; К — гарчак; Л — бычок-кругляк.
У Дняпры сустракаюцца як абарыгенныя, так і інтрадукаваныя (завезеныя) віды рыб. На ўкраінскім участку ракі выяўлена больш за 70 відаў — гэта практычна поўны пералік відаў, вядомых ва Украіне. Ніжняя частка ракі значна багацейшая на рыбу: там водзіцца 60—65 відаў, тым часам як каля Кіева, напрыклад, — толькі 40.
Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца карпавыя, а таксама прахадныя і паўпрахадныя рыбы (селядцовыя, асятровыя, таран і іншыя). Раней яны заходзілі высока па цячэнні, але пасля ўзвядзення каскада вадасховішчаў затрымліваюцца ля плацін, а часам і зусім не выходзяць за межы нізоўяў.
У верхнім Дняпры цалкам зніклі многія тыповыя рачныя віды, у прыватнасці прахадныя: бялуга, чарнаморска-азоўскі асетр і селядзец, ласось, рачны вугор. Таксама скарацілася колькасць сцерлядзі, падуста, галаўня, язя, жэраха, ліня і міногі ўкраінскай[15]. Іхняе месца займаюць азёрныя віды: лешч (каля 40 % улову), шчупак, сом, карп, плотка, акунь.
Агулам за час існавання вадасховішчаў відавы склад іхніх насельнікаў збяднеў: паводле даных 2006 года, у былым Кахоўскім вадасховішчы колькасць відаў скарацілася з 67 да 56, у астатніх — з 58 да 45–50[15]. З 56 відаў рыб дняпроўскіх вадаёмаў 13 адносілі да малакаштоўных (непрамысловых), якія праз малыя памеры не мелі гаспадарчага значэння. Карыснымі лічыліся толькі 23 віды[15].
У сярэдзіне 1950-х гадоў рака забяспечвала каля 80 % усяго рачнога ўлову УССР (7 800–11 000 тон за год[2]), і да сярэдзіны 1990-х гэты паказчык узрос да 18 500 тон, што ацэньвалася больш чым у 33 мільёны грыўняў. Аднак ужо ў 2000 годзе аб’ёмы здабычы істотна скараціліся, знізіўшыся да 7 000–8 000 тон за год[15].
У Дняпры, ад нізоўяў да Кіева, сустракаецца чарнаморская рыба-іголка Syngnathus abaster[16]. У 2010 годзе гэты інвазівны від быў знойдзены таксама ў Беларусі[17][18][19].
Таксама ў Дняпры водзяцца 2 віды ракаў: вузкапальцы (Astacus leptodyctylus) і таўстапальцы (Astacus pachypus).
Птушкі
[правіць | правіць зыходнік]Больш за сотню відаў птушак з’яўляюцца пастаяннымі або часовымі жыхарамі рэк, азёр і балот басейна Дняпра.
Тыповыя водныя насельнікі — розныя паганкі: яны будуюць жытло на вадзе і на сушу амаль не выходзяць. На ўзлесках пойменных лясоў, што прылягаюць да балот і поймы ракі, размяшчаюцца калоніі шэрых чапляў (Ardea cinerea). Апошнім часам сярод іх можна ўбачыць вялікую белую чаплю (Ardea alba) і пакуль яшчэ вельмі рэдкую — чырвоную чаплю (Ardea purpurea). На ніжнім Дняпры і ягоных прытоках таксама жыве кваква (Nycticorax nycticorax), якая гняздуецца на дрэвах.
Часова спыняюцца на Дняпры качкі, гусі і лебедзі, якія позняй восенню адлятаюць да Чорнага і Міжземнага мораў.
Драпежныя птушкі скапы (Pandion haliaetus) (занесеныя ў Чырвоную кнігу Украіны) гняздуюцца паблізу вады на высокіх дрэвах, а крывок (Haematopus ostralegus) і зуёк малы (Charadrius dubius) жывуць на пясчаных водмелях. На лугах каля Дняпра можна ўбачыць кнігаўку (Vanellus vanellus), а таксама малога (Limosa lapponica) і вялікага вераценнікаў (Limosa limosa), на берагах — белую сітаўку (Motacilla alba), якая гняздуецца ў берагавых схілах або проста ў ямцы на беразе. Таксама на абрывістых берагах рэк часта сустракаюцца норкі берагавых ластавак (Riparia riparia); часам яны ўтвараюць вялікія калоніі на некалькі соцень норак. Каля зарослых лесам участкаў ракі з абрывістымі берагамі сустракаецца зімародак (Alcedo atthis).
Характэрнымі жыхарамі трысняговых, чаротавых і асаковых зараснікаў уздоўж берагоў з’яўляюцца чаротаўкі (Acrocephalus). Самая буйная і прыкметная — чаротаўка драздовая (A. arundinaceus). Часта сустракаюцца таксама балотная (A. palustris), трысняговая (A. scirpaceus) і звычайная чаротаўкі (A. schoenobaenus).
Прыжыліся каля Дняпра нават шэрыя вароны (Corvus cornix) — яны збіраюць на беразе малюскаў і мёртвую рыбу, а таксама нападаюць на многіх птушак і іхнія гнёзды.
Млекакормячыя
[правіць | правіць зыходнік]Фаўна басейна Дняпра налічвае каля 30 відаў млекакормячых, якія адносяцца да 4 атрадаў: насякомаедных, рукакрылых, драпежных і грызуноў.
Сярод насякомаедных вылучаюцца хахулі (Desmana moschata) — рэліктавы від, эндэмічны на тэрыторыі былога СССР. Гэты рэдкі і каштоўны футравы звер занесены ў Чырвоную кнігу Украіны і Чырвоную кнігу РФ.
Рукакрылыя, якія вядуць начны і змрочны лад жыцця, вывучаны значна горш. Вядома, што ў басейні ракі сустракаюцца начніца вадзяная (Myotis daubentonii) і чырванакніжная начніца сажалкавая (Myotis dasycneme).
З атрада драпежных у рачных затоках жыве выдра (Lutra lutra), а ў прыбярэжнай зоне і вадзе — норка еўрапейская (Mustela lutreola). Абодва віды знаходзяцца пад аховай дзяржавы і ўключаны ў Чырвоную кнігу Украіны.
Багаты і свет грызуноў. У Дняпры і ягоных прытоках водзіцца бабёр рачны (Castor fiber) — самы буйны грызун Еўразіі. Таксама тут сустракаецца нутрыя (Myocastor coypus). Акрамя абарыгенных відаў, у фаўне прысутнічаюць і інтрадукаваныя: у 1944—1946 гадах у СССР завезлі паўночнаамерыканскую андатру (Ondatra zibethicus), якая паспяхова акліматызавалася ў мясцовых вадаёмах.
Гаспадарчае выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Суднаходства
[правіць | правіць зыходнік]
Здаўна Дняпро быў найважнейшай транспартнай артэрыяй, па якой пралягала асноўная частка знакамітага шляху «з варагаў у грэкі», што злучаў Балтыйскае мора з Чорным. Аднак з XII стагоддзя, з прычыны набегаў качэўнікаў у нізоўях, рака пачала страчваць сваё значэнне як міжнародны маршрут — навігацыя ажыццяўлялася пераважна ў верхнім цячэнні.
Скразны рух па ўсёй рацэ аднавіўся толькі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пасля разбурэння і паглынання Крымскага ханства Расійскай імперыяй. Да сярэдзіны XIX стагоддзя па Дняпры хадзілі пераважна на плытах (сплаўлялі лес) і на драўляных суднах, якімі перавозілі збожжа і іншыя тавары.
Эпоха паравога флоту на рацэ пачалася ў 1823 годзе. Першы дняпроўскі параход быў пабудаваны ў маёнтку Мошны Кіеўскай губерні па заказе князя Міхаіла Варанцова і спачатку прызначаўся для буксіроўкі барж. Праз два гады гэтае судна перавялі праз дняпроўскія парогі ў Херсон, адкуль яно пачало здзяйсняць рэйсы ў Мікалаеў[12]. У 1835 годзе з’явілася першая параходная кампанія. Два яе судны курсавалі па Дняпры аж да 1846 года, займаючыся пераважна транспарціроўкай каменя для будаўніцтва Кіеўскай крэпасці[12]. Рэгулярнае ж параходства па ўсёй даўжыні ракі ўсталявалася ў 1857 годзе[12]. Аднак паўнавартаснаму транзіту ў ніжнім цячэнні яшчэ доўгі час перашкаджалі дняпроўскія парогі. Гэтая натуральная перашкода была ліквідавана толькі ў 1930-я гады, калі небяспечныя скалістыя ўчасткі апынуліся глыбока пад вадой у выніку будаўніцтва плаціны ДнепраГЭСа.

Сёння Дняпро суднаходны на працягу 1990 км ад вусця. Праз Бярэзінскую водную сістэму, а таксама Агінскі і Дняпроўска-Бугскі каналы басейн ракі злучаны з рэкамі Балтыйскага сцёку — Заходняй Дзвіной, Нёманам і Заходнім Бугам (Віслай).

Рака мае выключнае значэнне для транспарту і эканомікі Украіны: на яе долю прыпадае палова ўсіх рачных шляхоў краіны і каля 60 % груза- і пасажыраперавозак. Усе вадасховішчы днепраўскага каскада абсталяваны магутнымі шлюзамі, дзякуючы якім судны памерамі да 270×18 метраў маюць доступ да порта Кіева.
На ўкраінскім участку дзейнічаюць шэсць суднаходных шлюзаў: Кіеўскі, Канеўскі, Крамянчугскі, Каменскі, Запарожскі, Кахоўскі. За праходжанне праз іх спаганяецца плата, памер якой залежыць ад модуля судна (у кубічных метрах) і віду плавання (замежнае або кабатажнае)[20]. Акрамя прамысловага транспарту, актыўна развіваецца турыстычны кірунак: з кожным годам расце папулярнасць круізаў па Дняпры і Дунаі.
ГЭС і вадасховішчы
[правіць | правіць зыходнік]Значная частка рэчышча Дняпра зарэгулявана каскадам вадасховішчаў, і ўсе яны знаходзяцца на тэрыторыі Украіны: Кіеўскае, Канеўскае, Крамянчугскае, Кам’янскае, Дняпроўскае і Кахоўскае. Станам на 2022 год, іхняя агульная плошча воднага люстэрка складала 6 979 км², а поўны аб’ём — 43,8 км³, што адпавядала 94,7 % і 90,8 % ад паказчыкаў усіх буйных вадасховішчаў Украіны[21]. У выніку актыўнага гідрабудаўніцтва на ўкраінскім участку ў натуральным стане захавалася толькі каля 100 км спрадвечнага рэчышча[21].

Маштабныя праектныя і будаўнічыя работы распачаліся ў 1927 годзе са ўзвядзеннем першынца савецкай гідраэнергетыкі — Дняпроўскай ГЭС (ДнепраГЭСа)[1]. Працэс пераўтварэння ўчастка ракі ад мяжы з Беларуссю да Кахоўкі ў ланцуг штучных мораў заняў больш за паўстагоддзя і завяршыўся толькі ў 1980 годзе[1].
Храналогія ўводу ў эксплуатацыю магутнасцей дняпроўскага каскада выглядае наступным чынам:
- ДнепраГЭС (Запарожжа) — флагман каскада, пабудаваны ў 1927—1932 гадах з першапачатковай магутнасцю 558 МВт. Падчас Другой сусветнай вайны станцыя была часткова разбурана, але да 1950 года цалкам адноўлена. У 1969—1975 гадах комплекс пашырылі другой чаргой (ДнепраГЭС-2).
- Кахоўская ГЭС — узведзена другой (1950—1956). У чэрвені 2023 года станцыя была разбурана ў выніку падрыву.
- Крамянчугская ГЭС (1954—1960).
- Кіеўская ГЭС (1960—1964).
- Сярэднедняпроўская ГЭС (1956—1964).
- Канеўская ГЭС (1963—1975) — яе будаўніцтва завяршыла фарміраванне каскада.
Першынцам каскада вадасховішчаў стала Дняпроўскае вадасховішча (раней вядомае як возера імя Леніна), запоўненае ў 1932—1933 гадах. З пачатку вайны і да 1946 года захоўваўся толькі прыплацінны ўчастак, а ў 1947 годзе вадасховішча зноў напоўнілі да сучаснага ўзроўню. Другім, у 1955—1958 гадах, з’явілася Кахоўскае вадасховішча, за якім паслядоўна ўтварыліся Крамянчугскае (1959—1961), Кам’янскае (1963—1965) і Кіеўскае (1964—1966), а завяршыла працэс стварэння каскада Канеўскае вадасховішча (1973—1976).
6 чэрвеня 2023 года Кахоўскае вадасховішча спыніла сваё існаванне ў выніку падрыву плаціны Кахоўскай ГЭС падчас расійскага ўварвання ва Украіну.
ДнепраГЭС уначы, 2006 |
Масты
[правіць | правіць зыходнік]У летапісах, пачынаючы з XI стагоддзя, сустракаюцца згадкі пра масты праз Дняпро, у прыватнасці — у Кіеве. У той час масты будавалі з дрэва; яны мелі даволі вялікія памеры, але былі ненадзейнымі. Кожную вясну падчас крыгаходу іх даводзілася разбіраць, інакш яны руйнаваліся самі, пасля чаго патрабавалася ўзводзіць новыя пераправы праз Дняпро і ягоныя прытокі. На сённяшні дзень (пачатак ХХІ ст.) рэчышча Дняпра перасякаюць каля 100 розных мастоў — чыгуначных і аўтамабільных. З іх 23 знаходзяцца ў Расіі, 21 — у Беларусі і каля 50 — у межах Украіны. Большасць з іх сканцэнтравана ў буйных гарадах: Смаленск (3), Орша (4), Магілёў (4), Жлобін (3), Кіеў (9), Дніпро (5), Запарожжа (4).
У Чаркасах створана Чаркаская дамба — найдаўжэйшае інжынернае збудаванне не толькі на рацэ, але і ва ўсёй Украіне. Пасля ўтварэння Крамянчугскага вадасховішча ўзнікла пільная патрэба ў пераправе праз гэты вадаём. Было вырашана насыпаць праз вадасховішча доўгую дамбу, а непасрэдна каля горада пабудаваць мост, пад якім маглі б праходзіць судны розных тыпаў. Ягонае будаўніцтва завяршылася ў 1960 годзе. Даўжыня ўласна маставой канструкцыі складае 1 174 м[22][23]. Ён складаецца з дзвюх частак — аўтамабільнай і чыгуначнай; таксама прадугледжаны тратуар для пешаходаў.
Мост каля вёскі Глушкава |
Мост ў Рагачове |
Спажыванне дняпроўскіх вод
[правіць | правіць зыходнік]Водаспажыванне ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Водаспажыванне ва Украіне
[правіць | правіць зыходнік]
Маштабы гаспадарчага выкарыстання ракі ва Украіне можна ацаніць па паказчыках 2001 года: з Дняпра было забрана 9,641 млрд м³ вады. З гэтага аб’ёму непасрэдна выкарыстана 7,589 млрд м³, скінута назад — 5,718 млрд м³, а беззваротнае спажыванне склала 2,219 млрд м³. Акрамя таго, штогод праз каналы Дняпро — Данбас, Паўночна-Крымскі і Кахоўскі за межы басейна перакідваецца 5–6 млрд м³ вады.
Структура водаспажывання размяркоўваецца наступным чынам[24]:
- 60 % (4,525 млрд м³) — прамысловыя патрэбы;
- 21 % (1,583 млрд м³) — гаспадарча-пітныя патрэбы;
- 13 % (0,974 млрд м³) — арашэнне;
- 2 % (0,148 млрд м³) — сельскагаспадарчае водазабеспячэнне.
Значнай праблемай застаецца нерацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў. Паводле звестак Савета па вывучэнні прадукцыйных сіл Украіны НАН, каля паловы вады пітной якасці выдаткоўваецца на тэхналагічныя патрэбы прамысловасці. Прыкладна 90 % гэтага аб’ёму можна было б захаваць пры ўкараненні сістэм адваротнага водазабеспячэння (замкнёных цыклаў) на прадпрыемствах і ў камунальнай гаспадарцы[11]. Эксперты адзначаюць высокі ўзровень страт вады на розных этапах: пры транспарціроўцы — 10–20 %, нерацыянальнае выкарыстанне і страты ў жыллёвым фондзе — больш за 20 %, і ў прамысловасці — 20–30 %. Паводле ацэнак спецыялістаў Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта будаўніцтва і архітэктуры, комплексны падыход да рацыянальнага водакарыстання дазволіў бы эканоміць у басейне Дняпра да 8 км³ вады штогод[11].
Дняпро з’яўляецца асноўнай воднай артэрыяй дзяржавы, забяспечваючы рэсурсамі 2/3 тэрыторыі Украіны. Вада з ракі крытычна важная для амаль 35 мільёнаў чалавек (70 % насельніцтва краіны)[1], 50 буйных гарадоў (уключаючы Кіеў, Дняпро, Запарожжа, Чаркасы) і прамысловых цэнтраў. Акрамя таго, рака задавальняе патрэбы больш чым 10 000 прадпрыемстваў і 4 атамных электрастанцый, а таксама адыгрывае ключавую ролю ў аграрным сектары, жывячы 2 200 сельскіх гаспадарак і 50 буйных арашальных сістэм.
Гісторыя развіцця камунальнай інфраструктуры сталіцы цесна звязана з ракой. Першы водазабор з пясчанымі фільтрамі для цэнтралізаванай падачы дняпроўскай вады быў пабудаваны ў Кіеве ў 1872 годзе ў раёне Паштовай плошчы[25]. Аднак у 1908 годзе праз эпідэмію халеры яго закрылі, і на працягу наступных 20 гадоў горад спажываў выключна артэзіянскую ваду. Сёння (пачатак ХХІ ст.) водазабеспячэнне Кіева дыверсіфікавана: 55 % вады паступае з ракі Дзясна, 28 % — з Дняпра (праз Дняпроўскую вадаправодную станцыю, адкрытую ў 1939 г.) і 17 % складаюць падземныя воды[25].
Сістэма адвядзення сцёкаў развівалася паралельна. Першая цэнтралізаваная каналізацыйная сетка з’явілася ў Кіеве ў 1894 годзе. Першапачаткова сцёкавыя воды накіроўваліся на палі фільтрацыі на пясчаных грунтах на поўнач ад горада (раён Куранёўкі). Пазней, у 1909 годзе, быў збудаваны Лыбецкі каналізацыйны калектар, праз які сцёкі траплялі ў адстойнікі каля Лысай гары, а затым скідваліся ў раку. Толькі ў 1964 годзе на левым беразе была запушчана першая чарга Бортніцкай станцыі аэрацыі. Нягледзячы на тое, што станцыя ачышчае каля 413 млн м³ сцёкаў штогод, яна значна састарэла і патрабуе маштабнай рэканструкцыі[25].
Экалогія
[правіць | правіць зыходнік]
Паводле ацэнак эколагаў, на працягу дзесяцігоддзяў гаспадарчая дзейнасць у басейне Дняпра вялася з пастаянным ростам водакарыстання, аднак без належнага ўліку эканамічных і экалагічных наступстваў[1].
У гэтым рэгіёне сканцэнтравана мноства прамысловых прадпрыемстваў, прычым дамінуюць экалагічна «брудныя» галіны: металургія, хімічная прамысловасць і вугальная здабыча. Стан пагаршаюць буйныя энергетычныя аб’екты, а таксама велізарныя масівы арашальных зямель, з якіх у ваду трапляюць тоны аграхімікатаў — угнаенняў і пестыцыдаў[26]. Як вынік, рака апынулася на мяжы гідраэкалагічнага крызісу. Спецыялісты канстатуюць: Дняпро і многія рэкі ягонага басейна страчваюць здольнасць да самаачышчэння і ўжо не могуць самастойна аднавіць парушаную экалагічную раўнавагу[24].
Забруджванне глеб, паверхневых і падземных вод дасягнула крытычнага ўзроўню — пры існых тэхналогіях іхняя поўная ачыстка становіцца немагчымай[24]. Насычэнне вадазборных ландшафтаў хімічнымі злучэннямі, многія з якіх чужародныя для жывой прыроды, змяніла прыродны хімічны склад вады. Гэта рэзка ўскладніла працэс яе падрыхтоўкі да стану пітной на ачышчальных збудаваннях[24].
Навукоўцы НАН Украіны папярэджваюць пра пагрозу экалагічнай катастрофы. Вадаём зарэгуляваны плацінамі практычна на ўсім працягу, што супярэчыць нормам Воднага кодэкса. Запаволенне цячэння разбурыла механізмы самаачышчэння ракі, а пад вадой апынуліся 30 % самых урадлівых пойменных зямель. На мелкаводдзі бурна размнажаюцца сіне-зялёныя водарасці. Гніючы, яны паглынаюць кісларод, што, паводле прагнозаў, можа цягам бліжэйшых 300 гадоў ператварыць Дняпро ў мёртвую пустыню.
Дырэктар Інстытута праблем прыродакарыстання і экалогіі НАН Украіны Аркадзь Шапар падчас прэс-канферэнцыі ў чэрвені 2016 года ахарактарызаваў сітуацыю так[27]:
«Дняпро — ўжо не рака, а сістэма зарэгуляваных балот, бо на Дняпру існуе 8 ГЭС. Цячэнне практычна знікла, і ўсё смецце з берагоў, якое змываецца дажджамі ў раку, не выносіцца ў мора, а асядае на дне. У выніку вадаём мялее і забруджваецца. Наша мэта — падняць грамадства на барацьбу за адраджэнне Дняпра <…> Дняпро памрэ праз 300 гадоў, калі не спусціць плаціны»
Арыгінальны тэкст (укр.)Дніпро — вже не річка, а система зарегульованих багнюк, адже на Дніпрі існує 8 ГЕС. Течія практично зникла, і все сміття з берегів, яке змивається дощами в річку, не виноситься в море, а осідає на дні. В результаті водойма міліє і забруднюється. Наша мета — підняти суспільство на боротьбу за відродження Дніпра <...> Дніпро помре через 300 років, якщо не спустити греблі
Якасць вады
[правіць | правіць зыходнік]
Сукупнасць негатыўных чыннікаў прывяла да заняпаду ўсёй экасістэмы басейна Дняпра і, у прыватнасці, да пагаршэння якасці вады. Аналіз шматгадовых назіранняў сведчыць: нягледзячы на захаванне прыроднай мінералізацыі ў норме (300–350 мг/дм³[28]), вада моцна забруджана. Асноўнымі палютантамі з’яўляюцца нітрыты, аманійны азот, біягенныя і арганічныя рэчывы, цяжкія металы, нафтапрадукты і фенолы. Канцэнтрацыя гэтых рэчываў перавышае нормы, устаноўленыя для рыбагаспадарчых і культурна-бытавых патрэб[11].
Хоць агульнае забруджванне вадасховішчаў зменшылася з прычыны эканамічнага спаду вытворчасці, назіраецца трывожная тэндэнцыя да росту ўтрымання лёгкаакісляльных арганічных злучэнняў, а таксама аманійнага і нітрытнага азоту. Паводле класіфікацыі хімічнага і бактэрыяльнага забруджвання, вада ў большасці рэк басейна ацэньваецца як «забруджаная» і «брудная»[11].
- Стан малых рэк і прытокаў
Найбольшую небяспеку ўяўляе забруджванне цяжкімі металамі. У рэках Гарынь, Цецераў, Гнілапяць, Псёл, Самара, Рось і Інгулец фіксаваліся экстрэмальныя паказчыкі. Максімальная канцэнтрацыя злучэнняў медзі ў асобных выпадках перавышала гранічну дапушчальную канцэнтрацыю (ГДК) у 34–96 разоў, канцэнтрацыя цынку і марганцу — у 10–91 разоў[11].
У водах Іршы, Ірпеня, Унавы і Сейма назіраецца павышанае ўтрыманне аманійнага азоту, фенолаў і нафтапрадуктаў. Вырасла канцэнтрацыя аманійнага азоту і ў Дзясне. Акрамя таго, гэтая рака забруджана цынкам (да 19 ГДК), марганцам (да 12 ГДК) і нафтапрадуктамі (да 32 ГДК). У Росі павялічылася колькасць аманійнага азоту, фіксаваліся выпадкі значнага забруджвання злучэннямі цынку, марганцу і нафтапрадуктамі. Вада ў рэках Сула, Удай, Псёл, Харол, Ворскла, Мерла, Арэль, Бераставая, Самара, Воўча забруджана лёгкаакісляльнымі арганічнымі рэчывамі, феноламі, злучэннямі медзі і марганцу. Вада ў рацэ Мокра забруджана аманійным і нітрытным азотам, а таксама злучэннямі цяжкіх металаў. На рэках Самара, Воўча, Салона цягам года адзначаліся выпадкі празмернага забруджвання сульфатамі.
- Стан вадасховішчаў
Каскад вадасховішчаў у сярэднім і ніжнім цячэннях акумулюе забруджвальнікі, аднак іхні склад адрозніваецца ў залежнасці ад размяшчэння:
- Кіеўскае і Канеўскае: пераважаюць амонійны азот, фенолы, медзь, цынк, марганец.
- Крамянчугскае і Кам’янскае: характэрны нітрытны азот і цяжкія металы.
- Дняпроўскае вадасховішча: найбольш забруджанае цяжкімі металамі. У асобныя гады канцэнтрацыя цынку дасягала тут 100 ГДК, медзі — 11 ГДК, марганцу — 10 ГДК[11].
- Статыстыка скідаў
Паводле даных Дзяржаўнага агенцтва водных рэсурсаў Украіны, толькі за 2006 год у басейн Дняпра трапіла каласальная колькасць рэчываў[29]:
- Нафтапрадукты: 321 тона, з якіх 194 тоны — напрамую ў рэчышча.
- Металы: 820 т жалеза, 70 т марганцу, 18 т медзі, 6,6 т нікелю.
- Іншыя злучэнні: 4 074 т фасфатаў, 9 936 т кальцыю, 3 435 т натрыю, 229 т фтору.
Такое маштабнае забруджванне разбурыла прыродныя механізмы самаачышчэння ракі. Гэта стварыла пагрозу для здароўя насельніцтва: водаправодныя ачышчальныя збудаванні тэхнічна не ў стане поўнасцю адфільтраваць такі «кактэйль» з арганічных і неарганічных рэчываў, што трапляе ў пітную ваду[11].
Стан падземных вод
[правіць | правіць зыходнік]Гаспадарчая дзейнасць чалавека па-ранейшаму застаецца прычынай інтэнсіўнага забруджвання падземных вод. Найбольш крытычная сітуацыя складваецца паблізу буйных прамысловых і аграрных аб’ектаў, а таксама населеных пунктаў.
Асабліва моцнае пагаршэнне якасці вады назіраецца ў эканамічна развітых раёнах Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцей . Гэта звязана з высокай канцэнтрацыяй прамысловасці і сельскай гаспадаркі пры вялікай шчыльнасці насельніцтва. Асноўнымі крыніцамі забруджвання выступаюць адстойнікі прамысловых і бытавых адходаў (як вадкіх, так і цвёрдых), мінералізаваныя шахтавыя воды, угнаенні, ядахімікаты, а таксама сховішчы адходаў на жывёлагадоўчых комплексах.
У басейні Дняпра налічваецца каля 1000 фільтрацыйных накапляльнікаў, прычым 80 % з іх знаходзіцца ў паўднёвай частцы рэгіёна, ва Украіне. Агульны аб’ём сабраных у іх высокамінералізаваных вод дасягае 1 км³, і 77 % ад гэтай колькасці прыпадае на Днепрапятроўскую вобласць[11]. З такіх рэзервуараў у падземныя ваданосныя гарызонты прасочваюцца растворы солей, нафтапрадукты, араматычныя рэчывы і іншыя шкодныя злучэнні.
У асобных раёнах экалагічная сітуацыя стала катастрафічнай. Напрыклад, на Кіеўшчыне, каля горада Узын плошча забруджвання нафтапрадуктамі дасягнула 100 км², а ў Белай Царкве пад пагрозай знікнення апынуўся знакаміты дэндралагічны парк «Александрыя»[11].
У горназдабыўных раёнах Днепрапятроўскай, Запарожскай, Данецкай і Палтаўскай абласцей у падземныя воды рэгулярна трапляюць дрэнажныя і шахтавыя сцёкі з высокай ступенню мінералізацыі. Так, у раёне Крыварожскага жалезаруднага басейне плошча забруджаных падземных вод складае каля 300 км²[11].
Такім чынам, у басейні Дняпра сфарміраваліся маштабныя асяродкі забруджвання падземных вод, сярод якіх вылучаюцца:
Радыяцыйнае забруджванне
[правіць | правіць зыходнік]
Закрытыя зоны (больш за 40 Кі/км²) Зоны пастаяннага кантролю (15–40 Кі/км²) Зоны перыядычнага кантролю (5–15 Кі/км²) Неназваныя зоны (1–15 Кі/км²)
Чарнобыльская катастрофа прывяла да маштабнага забруджвання тэрыторый Беларусі і Украіны радыенуклідамі, пераважна цэзіем-137, стронцыем-90 і плутоніем-239. Пад удар трапіла значная частка басейна Дняпра і ўвесь каскад вадасховішчаў[30].
Асноўны выкід радыенуклідаў у раку адбыўся ў першы перыяд пасля аварыі. Ужо ў маі 1986 года сумарная бэта-актыўнасць вады паблізу Кіева складала 5×10−8 кюры/л, што перавышала прыродны фон у 100—1000 разоў. Аднак ужо летам таго ж года гэты паказчык знізіўся ў некалькі разоў[31].
Асаблівую небяспеку ўяўляе выкід з рэактара 4-га энергаблока ЧАЭС каля 2000 кюры ізатопаў плутонію-239 (240), перыяд паўраспаду якога складае больш за 24 тысячы гадоў[32]. Пераважная частка гэтага плутонію асела ў донных адкладах Кіеўскага вадасховішча (агульная маса глею там складае каля 60 млн тон), а таксама ў грунтах прылеглых тэрыторый[32].
Вадасховішчы дняпроўскага каскада фактычна ператварыліся ў «пасткі» для радыяцыі. Асноўная маса небяспечных рэчываў сканцэнтравана ў глеі, а таксама ў біямасе раслін і водных арганізмаў, якія актыўна акумулююць цэзій і стронцый[33].
Маніторынг воднага асяроддзя паказаў высокую затрымальную здольнасць вадасховішчаў у перыяд з 1986 па 1995 год: у дняпроўскі каскад праз аэразольныя ападкі і рачны сцёк паступіла не менш як 6000 кюры цэзію-137 і 5000 кюры стронцыю-90, тады як у Чорнае мора трапіла толькі каля 40 кюры цэзію і 1400 кюры стронцыю. Гэта азначае, што экасістэма вадасховішчаў затрымала прынамсі 99 % цэзію-137 і 70 % стронцыю-90, не дапусціўшы іхняга трапляння ў нізоўі ракі і мора[33].
Нягледзячы на працэсы самаачышчэння, наступствы застаюцца адчувальнымі. Хоць да 1994 года канцэнтрацыя ізатопаў у вадасховішчах знізілася ў 100 разоў у параўнанні з пікавым 1986 годам, яна ўсё яшчэ ў 35 разоў перавышала дааварыйныя паказчыкі[11].
Што да ракі Прыпяць і ўсяго яе басейна плошчай 122 тыс. км², то аварыя фактычна знішчыла іхняе гаспадарчае значэнне — сёння гэтыя землі прыдатныя выключна для існавання ў рэжыме запаведнай зоны адчужэння.
Негатыўныя прыродныя з’явы
[правіць | правіць зыходнік]
Экалагічная сітуацыя ў басейне Дняпра ўскладняецца інтэнсіўным развіццём эразійных працэсаў і разбурэннем берагоў. Ступень разаранасці тэрыторыі вадазбору дасягнула 65 %, а ў Херсонскай вобласці і басейнах асобных малых рэк гэты паказчык складае 80–85 %, у той час як аптымальным лічыцца ўзровень 40 %. Пры гэтым лясістасць тэрыторыі басейна ў сярэднім складае толькі 14 % пры норме 30 %[11]. Гэта прывяло да таго, што за апошнія 25 гадоў агульнае ўтрыманне гумусу ў глебе зменшылася на 10 %[11]. Прадукты эрозіі, трапляючы ў ваду, выклікаюць яе заглейванне і забруджванне арганічнымі злучэннямі і мінеральнымі ўгнаеннямі (у прыватнасці, азотам і фосфарам).
Сур’ёзнай праблемай застаецца стан берагавой лініі Дняпроўскіх вадасховішчаў: з агульнай працягласці 3 079 км на абразійна-эразійныя берагі, што патрабуюць умацавання, прыпадае 1 110,9 км (з іх 302,7 км патрабуюць гэтага ў першую чаргу). Інтэнсіўнае разбурэнне берагоў ужо прывяло да страты 6 176 га зямлі, а толькі за перыяд з 1960 па 1995 год у чашы вадасховішчаў абрынулася 337 млн м³ грунту[11].
Працягваецца працэс падтаплення зямель у зонах уплыву вадасховішчаў — плошча такіх тэрыторый перавысіла 200 000 га[24]. У межах басейна падтоплена больш за 100 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу[24]. Гэта цягне за сабой дэградацыю глеб, заглейванне і забалочванне мясцовасці.
Акрамя таго, змена гідралагічнага рэжыму істотна паўплывала на актывізацыю небяспечных экзагенных геалагічных працэсаў (апоўзняў, карсту, прасяданняў грунту). Найбольш востра гэта праяўляецца ў межах буйных прамысловых цэнтраў — Дніпра, Запарожжа, Чаркас і іншых[24].
Запаведныя зоны і ахоўныя тэрыторыі
[правіць | правіць зыходнік]- Расія
У Расіі, дзе рака бярэ свой пачатак, створаны ахоўныя зоны для абароны яе вытокаў:
- Дзяржаўны комплексны заказнік «Выток ракі Дняпро»[34] — комплексны заказнік у Сычоўскім раёне Смаленскай вобласці. Створаны для аховы ляснога масіву Окаўскі лес і непасрэдна балота Аксёнінскі мох, з якога выцякае ручай, што дае пачатак Дняпру. Тэрыторыя мае вялікае гідралагічнае і гісторыка-культурнае значэнне.
- Беларусь
На тэрыторыі Беларусі ў басейне Дняпра створаны важныя ахоўныя прыродныя тэрыторыі, якія захоўваюць унікальныя экасістэмы:
- Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Смычок» — знаходзіцца ў Жлобінскім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці, непасрэдна ў месцы зліцця Дняпра і Бярэзіны. Заснаваны ў 2000 годзе для аховы каштоўных поймавых ландшафтаў і рэдкіх відаў раслін і жывёл. Плошча — 2 635 га.
- Біялагічны заказнік «Днепра-Сожскі» — размешчаны ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці, у міжрэччы Дняпра і Сожа. Створаны ў 1999 годзе, ягоная асноўная мэта — захаванне ўнікальных поймавых дуброў і лугоў, а таксама месцаў пражывання рэдкіх птушак. Плошча — 14 556 га.
- Украіна

Да Дняпра прылягае больш за 10 запаведных зон Украіны. Найбуйнейшыя з іх:
- Крамянчугскія плаўні — рэгіянальны ландшафтны парк, размешчаны паміж дзвюма часткамі Крамянчуга ў Сярэднім Падняпроўі. Створаны 12 ліпеня 2001 года. Плошча — 5 080 га.
- Канеўскі прыродны запаведнік — створаны ў 1923 годзе прыродны запаведнік плошчай 2 049 га непадалёк ад Канева (Чаркаская вобласць) на правым беразе і поймавых астравах Дняпра. Мяжуе непасрэдна з магілай Тараса Шаўчэнкі на Тарасавай (раней — Чарнечай) гары.
- Дняпроўска-Арэльскі прыродны запаведнік — запаведнік у даліне Дняпра і плаўнях Пратоўчы (сучаснае рэчышча Арэлі), створаны ў 1990 годзе. Плошча — 3 766 га.
- Нацыянальны запаведнік «Хорціца»[35] — створаны яшчэ ў 1965 годзе, а статус нацыянальнага атрымаў 6 красавіка 1993 года пастановай Кабінета міністраў Украіны № 254. У ягоны склад уваходзіць сам востраў Хорціца, а таксама прылеглыя астравы і скалы: Байда, Дубовы, Расцёбін, Тры Стагі, Сярэдняя, Блізняты, урочышча Вырва на правым беразе Дняпра, якія маюць агульнадзяржаўнае і гістарычнае значэнне. Агульная плошча запаведніка — 2 386,86 га.
Дняпро ў культуры
[правіць | правіць зыходнік]Дняпро апеты і апісаны ў раманах, паэзіі і прозе, песнях, а таксама ў сотнях гістарычных даследаванняў на розных мовах і ў розныя часы. Дняпроўскія краявіды таксама папулярныя сярод мастакоў — розных часоў і розных краін.
У літаратуры і мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]- Старажытная славеснасць і фальклор
Рака неаднаразова згадваецца ўжо ў адным з найстаражытнейшых літаратурных помнікаў усходніх славян — «Аповесці мінулых часоў». З ёй звязана легенда пра святога апостала Андрэя Першазванага, апавяданне пра хрышчэнне Русі Уладзімірам Святаславічам, а таксама гісторыі пра войны заснавальнікаў Кіеўскай дзяржавы са шматлікімі ворагамі.
У «Слове пра паход Ігараў» ёсць зварот Яраслаўны, жонкі князя Ігара Святаславіча: «О, Дняпро, Славуцічу!». Гэта сведчыць пра старажытнасць пашанотнага фальклорнага эпітэта ракі — Славуціч. Сустракаецца эпітэт і ў народных думах, як ва ўкраінскай «Думе пра Самійлу Кішку»:
«Тады казакі сабе добра дбалі, да Дняпра-Славуты нізенька ўкланялі».
Арыгінальны тэкст (укр.)Тогда козаки собі добре дбали, к Дніпру-Славуті низенько уклоняли.
Вобраз ракі жыве ў старадаўніх паданнях і песнях. Да яго звяртаюцца і ў літаратуры часоў Казацкай дзяржавы: творы «Вершы на жаласны пагрэб… Сагайдачнага» («Вірші на жалосний погреб… Сагайдачного»), драма «Міласць Божая» («Милость Божія»), казацкія летапісы.
Беларуская літаратура і мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Расійская літаратура і мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Пісьменнік Мікалай Гогаль, які сам быў украінцам з падняпроўскай Палтаўшчыны, прысвяціў рацэ 10-ы раздзел сваёй аповесці «Страшная помста» (1831) са зборніка «Вечары на хутары ля Дзіканькі». Першыя радкі ягонага апісання Дняпра сталі хрэстаматыйнымі ў рускай літаратуры:
Цудоўны Дняпро пры ціхім надвор’і, калі вольна і плыўна імчыць скрозь лясы і горы поўныя воды свае. Ні скалыхнецца; ні прагрыміць. Глядзіш, і не ведаеш, плыве ці не плыве ягоная велічная шырыня, і здаецца, быццам увесь выліты ён са шкла, і быццам блакітная люстраная дарога, без меры ў шырыню, без канца ў даўжыню, лунае і ўецца па зялёным свеце. Люба тады і гарачаму сонцу агледзецца з вышыні і пагрузіць прамяні ў холад шкляных водаў, і прыбярэжным лясам ярка адсвяціцца ў водах. Зялёнакучаравыя! Яны гуртуюцца разам з палявымі кветкамі да водаў і, нахіліўшыся, глядзяць у іх і не наглядзяцца, і не намілуюцца светлым сваім абліччам, і ўсміхаюцца яму, і вітаюць яго, ківаючы галінамі. У сярэдзіну ж Дняпра яны не смеюць глянуць: ніхто, акрамя сонца і блакітнага неба, не глядзіць у яго. Рэдкая птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра! Пышны! Яму няма роўнай ракі ў свеце.
Арыгінальны тэкст (руск.)Чуден Днепр при тихой погоде, когда вольно и плавно мчит сквозь леса и горы полные воды свои. Ни зашелохнёт; ни прогремит. Глядишь, и не знаешь, идёт или не идёт его величавая ширина, и чудится, будто весь вылит он из стекла, и будто голубая зеркальная дорога, без меры в ширину, без конца в длину, реет и вьётся по зелёному миру. Любо тогда и жаркому солнцу оглядеться с вышины и погрузить лучи в холод стеклянных вод и прибережным лесам ярко отсветиться в водах. Зеленокудрые! Они толпятся вместе с полевыми цветами к водам и, наклонившись, глядят в них и не наглядятся, и не налюбуются светлым своим зраком, и усмехаются к нему, и приветствуют его, кивая ветвями. В середину же Днепра они не смеют глянуть: никто, кроме солнца и голубого неба, не глядит в него. Редкая птица долетит до середины Днепра! Пышный! ему нет равной реки в мире.
—Мікалай Гогаль, «Страшная месть»
У 1913 годзе Фёдар Кузьміч Салагуб, прадстаўнік рускага дэкадэнцтва і сімвалізму, напісаў верш «Прекрасный Днепр, хохлацкая река…» («Цудоўны Дняпро, хахлацкая рака…»)[36].
«Ад’езд Кацярыны II з Канева ў 1787 годзе» Ян Багуміл Плерш, паміж 1787—1812 |
«Лёд на Дняпры» Іван Айвазоўскі, 1872 |
«Месячная ноч на Дняпры» Архіп Куінджы, 1880 |
«Дняпро пад Кіевам» Ян Станіслаўскі, 1904 |
Украінская літаратура і мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]
Мікалай Бурачак, 1941
Украінскае адраджэнне XIX стагоддзя таксама ўздымае тэму Дняпра. Вобраз ракі чырвонай ніткай праходзіць праз усю творчасць найславуцейшага ўкраінскага паэта і мастака Тараса Шаўчэнкі, выступаючы сімвалам гістарычнага лёсу народа.
І вырас я на чужыне
І сівею ў чужым краі:
То адзінокаму мне
Здаецца — лепшага няма
Нічога ў Бога, як Дняпро
Ды наша слаўная краіна…Арыгінальны тэкст (укр.)І виріс я на чужині
І сивію в чужому краї:
То одинокому мені
Здається — кращого немає
Нічого в бога, як Дніпро
Та наша славная країна…—Тарас Шаўчэнка, «І виріс я на чужині…»
«Запавет» Тараса Шаўчэнкі, у якім ён прасіў знайсці вечны спачын «сярод стэпу шырокага» над самым Дняпром, а таксама само пахаванне паэта на Чарнечай гары ў значнай ступені вызначылі сучасную традыцыю шанавання ракі як украінскай нацыянальнай святыні.
З выдатных украінскіх творцаў да тэматыкі Дняпра-Славуты таксама звярталіся Максім Рыльскі, Рыгор Чупрынка, Васіль Сіманенка, Павел Тычына, Уладзімір Сасюра («Іще не скресла крига на Дніпрі»), Мікалай Вінграноўскі («Чуєш, Дніпре мій», «Скажи мені, Дніпре», «Ніч Івана Богуна») ды многія іншыя.
У музыцы
[правіць | правіць зыходнік]У 1941 годзе кампазітар Марк Фрадкін на словы Яўгена Далматоўскага напісаў «Песню пра Дняпро»[37].
У 1983 годзе выйшла канцэртная праграма «Песня пра Дняпро» з цыкла «Салют перамогі», прысвечаная 40-годдзю вызвалення Кіева ад войск Восі. У ёй прагучалі творы савецкіх кампазітараў, а таксама ўкраінскія народныя песні і танцы. У праграме ўзялі ўдзел Ансамбль песні і танца Кіеўскай ваеннай акругі пад кіраўніцтвам А. Пуставалава, Дзяржаўны ансамбль народнага танца УССР імя П. Вірскага, Дзяржаўная заслужаная капэла бандурыстаў Украіны пад кіраўніцтвам М. Гвозда і Ваенны аркестр штаба Кіеўскай ваеннай акругі пад кіраўніцтвам А. Кузменкі. Сярод вакалістаў, што выступілі ў праекце, былі вядомыя спевакі: А. Макрэнка, Л. Зыкіна, А. Салаўяненка, Дз. Гнацюк, Н. Абарэнка, М. Стэфюк і М. Гнацюк[38].
Выкарыстанне назвы
[правіць | правіць зыходнік]Гідронім «Дняпро» шырока выкарыстоўваецца ў назвах населеных пунктаў, аб’ектаў інфраструктуры, тэхнікі і спартыўных клубаў на тэрыторыі Беларусі і Украіны.
Тапаніміка
[правіць | правіць зыходнік]
Найбуйнейшым аб’ектам, названым у гонар ракі, з’яўляецца ўкраінскі горад Дняпро (укр.: Дніпро). Гэтую назву ён атрымаў 19 траўня 2016 года ў межах працэсу дэкамунізацыі. Папярэдняя назва горада — Днепрапятроўск — хоць і ўключала імя ракі, але таксама ўшаноўвала савецкага партыйнага дзеяча Рыгора Пятроўскага.
Акрамя таго, корань гідроніма прысутнічае ў іншых тапонімах Украіны:
- З 1806 года назву Вэрхнёдніпроўск носіць горад у Днепрапятроўскай вобласці.
- Горад Кам’янскэ з 1936 па 2016 год меў назву Днепрадзяржынск.
У Беларусі гісторыка-этнаграфічны рэгіён уздоўж цячэння ракі (Магілёўская, частка Гомельскай і Віцебскай абласцей) традыцыйна называецца Падняпроўе.
Важным транспартным аб’ектам з’яўляецца Дняпроўска-Бугскі канал на тэрыторыі Брэсцкай вобласці — суднаходная артэрыя, якая злучае басейны Чорнага і Балтыйскага мораў.
Навука, прамысловасць і культура
[правіць | правіць зыходнік]
Імя ракі стала брэндам у розных галінах навукі і тэхнікі:
- Ракетабудаванне: У 1999 годзе была створана ўкраінска-расійская ракета-носьбіт лёгкага класа «Дняпро». Яна распрацавана на базе міжкантынентальных балістычных ракет РС-20 (SS-18 «Сатана»), што падлягалі скарачэнню.
- Радыётэхніка: З 1952 года Днепрапятроўскі радыёзавод выпускаў папулярныя ў СССР магнітафоны і радыёлы пад маркай «Дняпро».
- Дняпроўскі машынабудаўнічы завод з 1953 года на працягу 50 гадоў выпускаў халадзільнікі маркі «Днепр». Вытворчасць гэтай бытавой тэхнікі служыла прыкрыццём для асноўнага профілю прадпрыемства — стварэння радыёлакацыйных сродкаў ваеннага прызначэння.
- Выдавецкая справа: З 1944 года ва Украіне выдаецца літаратурна-мастацкі часопіс «Дніпро». Таксама ў 1964 годзе імя ракі атрымала кіеўскае выдавецтва мастацкай літаратуры «Дзяржлітвыдаў Украіны» (заснаванае ў 1919 годзе).
- Харчовая прамысловасць: З 1967 года візітоўкай горада Дняпро стала аднайменнае здобнае пячэнне з аўтарскім дызайнам (арнаментам у выглядзе хваль і надпісам па цэнтры).
Урбаністыка і архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Назва ракі шырока выкарыстоўваецца ў гарадскім асяроддзі населеных пунктаў, размешчаных на яе берагах. Так, у Кіеве ў 1960 годзе адкрылася ўнікальная станцыя метро «Дняпро» з платформамі на эстакадзе над набярэжнай, а ў 1964 годзе на Еўрапейскай плошчы сталіцы быў пабудаваны аднайменны чатырохзоркавы гатэль. На тэрыторыі Беларусі гасцініцы з назвай «Дняпро» працуюць у Магілёве і Рэчыцы, а ў Магілёве ўздоўж ракі пралягае Дняпроўскі бульвар.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]
Назва «Дняпро» з’яўляецца папулярнай сярод спартыўных арганізацый Беларусі і Украіны:
Беларусь: Флагманам рэгіёна з’яўляецца футбольны клуб «Дняпро Магілёў», заснаваны ў 1960 годзе — чэмпіён краіны 1998 года. Таксама існуюць аднайменныя клубы ў Рагачове («Дняпро Рагачоў») і Рэчыцы («Дняпро-ДЮСШ-1»).
Украіна: Знакаміты футбольны клуб «Дняпро» (Дніпро) быў заснаваны ў 1918 годзе і доўгі час выступаў у Прэм’ер-лізе. У 2008 годзе для клуба пабудавалі сучасны стадыён «Дняпро-Арэна» ўмяшчальнасцю больш за 31 тысячу гледачоў.
Дзень Дняпра
[правіць | правіць зыходнік]Штогод у першую суботу ліпеня ва Украіне адзначаецца дзень Дняпра і традыцыйна прымяркоўваецца да народнага свята Купалля (Івана Купалы)[29]. Гэтая дата паклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем рацыянальнага выкарыстання, аховы і аднаўлення водных рэсурсаў галоўнай воднай артэрыі Украіны.
Гісторыя свята пачалася ў лістападзе 2003 года, калі Кіеўская гарадская рада пастанавіла пашырыць спіс масавых мерапрыемстваў сталіцы і заснавала Дзень Дняпра. Асноўнай мэтай стала «данясенне да людзей інфармацыі пра праблемы сучаснага экалагічнага стану ракі, захаванне прыроднай раўнавагі ў яе басейне і культурнай спадчыны як асновы нацыянальнай культуры, а таксама клопат пра далейшае развіццё традыцыйных культур і этнасаў»[39].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 Яцик А. В., Яковлєв Є. О., Осадчук В. О. Коротка історія освоєння Дніпра // До питання щодо спуску Київського водосховища (укр.) / За ред. А. В. Яцика. — Київ: Оріяни, 2002. — С. 6–12. — 400 экз. — ISBN 966-7373-78-9.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 Дніпро // Енциклопедія Українознавства — В 10 т. / Гол. ред. В. Кубійович.. — Париж–Нью-Йорк: Молоде життя, 1957. — Т. 2. — С. 573–574.
- ↑ Веклич М.Ф. Палеогеографические условия территории Украины в позднем Кайнозое // Атлас природных ресурсов Украинской и Молдавской ССР (руск.). — Киев: Изд-во АН УССР, 1978. — С. 54–55.
- ↑ Парнікоза, І.Ю. Історія формування та будова долини Дніпра у Києві (укр.). МИСЛЕНЕ ДРЕВО.
- ↑ Докучаев В.В. Способы образования речных долин Европейской России (руск.). — Санкт-Петербург: тип. В. Демакова, 1878.
- ↑ Квасов Д.Д. Позднечетвертичная история крупных озер и внутренних морей Восточной Европы (руск.). — Ленинград: Наука, 1975. — 280 с. — 950 экз.
- ↑ Дніпро // Енциклопедія історії України. — К.: Наукова думка, 2004. — Т. 2. — С. 492.
- ↑ Валдайская возвышенность // Т. 4. Брасос — Веш. — М. : Советская энциклопедия, 1971. — С. 508. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.) (Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2014. Праверана 24 красавіка 2026.)
- ↑ Підрив Каховської ГЕС: яка доля чекає на сакральне місце українського козацтва Великий Луг (укр.). ТСН.ua (13 чэрвеня 2023). Праверана 13 чэрвеня 2023.
- 1 2 Дегодюк Е.Г., Дегодюк С.Е. Малі річки басейну Дніпра // Еколого-техногенна безпека України. — Київ: ЕКМО, 2006. — С. 72. — 306 с.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 Національна програма екологічного оздоровлення басейну Дніпра та поліпшення якості питної води. — К., 1997. — 92 с.. Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2018. Праверана 5 жніўня 2009.
- 1 2 3 4 5 Брокгауз Ф., Эфрон И. Днепр // Энциклопедический словарь в 86 книгах й 4 дополнениях. — Петербург, 1893. — Т. 10А. — С. 402. Архівавана 13 снежня 2007.
- 1 2 Щербак В. І. Структурно-функціональна характеристика дніпровського фітопланктону. — Автореф. дис. д-ра біол. наук: 03.00.17. — К.: НАН України. Ін-т гідробіології, 2000. — 32 с. Архівавана 6 верасня 2008.()
- 1 2 3 Корелякова Л. Растительность Кременчугского водохранилища. — К.: Наукова думка, 1977. — 198 с.
- 1 2 3 4 Дегодюк Е.Г., Дегодюк С.Е. Рибні ресурси водосховищ // Еколого-техногенна безпека України. — Київ: ЕКМО, 2006. — С. 158–160. — 306 с.
- ↑ Рыбы вод Украины/Морская игла пухлощекая (руск.). fish.kiev.ua. Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2019. Праверана 17 студзеня 2019.
- ↑ Марскія канькі ў нашых рэках . nashaniva.by. Праверана 17 студзеня 2019.
- ↑ Ризевский В.К., Плюта М.В., Лещенко А.В., Ермолаева И.А. Новый для фауны Беларуси вид рыб — пухлощёкая рыба-игла (Syngnathus abaster)(руск.) // Весцi НАН Беларусi. Сер. бiял. навук. — Мінск: «Беларуская навука», 2011. — № 2. — С. 102–105.
- ↑ Ризевский В.К., Плюта М.В., Лещенко А.В., Ермолаева И.А., Новик И.В. Новые виды рыб в фауне Беларуси(руск.) // Даклады НАН Беларусі. — Мінск: 2009. — Т. 53. — № 3. — С. 95–97.
- ↑ Пастанова Кабінета Міністраў Украіны «Пра ўнясенне змяненняў у памеры платы за праходжанне суднаў шлюзамі Дняпроўскага каскада» ад 16.10.2014 № 553 (укр.)
- 1 2 Дегодюк Е.Г., Дегодюк С.Е. Характеристика водосховищ дніпровського каскаду // Еколого-техногенна безпека України. — Київ: ЕКМО, 2006. — С. 136. — 306 с.
- ↑ Мартинова, Т.. Міст закрито на ремонт (укр.)(недаступная спасылка). Вечірні Черкаси (13 травня 2009). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2013.
- ↑ Черкасский мост через Днепр в ближайшее время закроют на ремонт (руск.)(недаступная спасылка). ПАТ «Мостобуд». Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2013.
- 1 2 3 4 5 6 7 Яцик А. В., Яковлєв Є. О., Осадчук В. О. Екологічний стан басейну Дніпра // До питання щодо спуску Київського водосховища / За ред. А. В. Яцика. — Київ: Оріяни, 2002. — С. 22–23. — 400 экз. — ISBN 966-7373-78-9.
- 1 2 3 Хільчевський В. К. Водопостачання і водовідведення: Гідроекологічні аспекти. — Київ: ВЦ «Київський університет», 1999. — 319 с. — ISBN 966-594-073-2. Архівавана 11 кастрычніка 2016.
- ↑ Хільчевський В. К. Роль агрохімічних засобів у формуванні якості вод басейну Дніпра. — К.: ВПЦ «Київський університет», 1996. — 222 с. — ISBN 6-1201-1412-4.
- ↑ Дняпро памрэ праз 300 гадоў (руск.). kherson.net.uа (10 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2016.
- ↑ Хільчевський В. К., Ромась М. І., Ромась І. М. Гідролого-гідрохімічна характеритика мінімального стоку річок басейну Дніпра / За ред. В. К. Хільчевського. — К.: Ніка-Центр, 2007. — 184 с.
- 1 2 /publish/article?art_id=84842588 Про День Дніпра на сайті Кабміну України. Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2009. Праверана 12 жніўня 2009.
- ↑ Яцик А. В., Яковлєв Є. О., Осадчук В. О. Радіаційне забруднення і радіаційні відходи // До питання щодо спуску Київського водосховища (укр.) / За ред. А. В. Яцика. — Київ: Оріяни, 2002. — С. 24. — 400 экз. — ISBN 966-7373-78-9.
- ↑ Вишневський В. І. Річки і водойми України. Стан і використання. — К.: Віпол, 2000. — 376 с.
- 1 2 Бондаренко О. О. Проблеми дозиметрії внутрішнього опромінення людини трансурановими радіонуклідами. — Автореф. дис. д-ра біол. наук. — Київ, 2002. — 37 с. Архівавана 2 снежня 2008.
- 1 2 Яцик А. В., Яковлєв Є. О., Осадчук В. О. Радіаційне забруднення Київського та інших водосховищ Дніпровського каскаду // До питання щодо спуску Київського водосховища (укр.) / За ред. А. В. Яцика. — Київ: Оріяни, 2002. — С. 25–33. — 400 экз. — ISBN 966-7373-78-9.
- ↑ Государственный комплексный (ландшафтный) заказник «Исток р. Днепр» (руск.). Министерство природных ресурсов и экологии Смоленской области.
- ↑ Афіцыйны сайт нацыянальнага запаведніка «Хорціца» (укр.). Праверана 23 лютага 2026.
- ↑ Сологуб Фёдор. Собрание сочинений: В 20 т. Том 17. Очарования земли. Стихи 1913 года (руск.). — СПб: Сирин, 1914.
- ↑
Капелла бандуристов УССР - Песня о Днепре - ↑
Салют Победы. Песня о Днепре (1983) - ↑ Пра заснаванне штогадовага свята «Дзень Дняпра» Архівавана 2 снежня 2013.// Рашэнне Кіеўскага гарадскога савета ад 27 лістапада 2003 года № 217/1091.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
- Вишневський В.І. Ріка Дніпро / За ред. Н. С. Павловської. — К.: Інтерпрес ЛТД, 2011. — 384 с. — 300 экз. — ISBN 978-966-501-082-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- ДНЯПРО на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»
- Сайт «Беларускі Пасейдон. Рэкі і вазёры Беларусі» Архівавана 26 траўня 2012.