Перайсці да зместу

Грэнская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
     Яніславіцкая культура     Каморніцкая культура     Грэнская культура     Культура Кунда     Кудлаеўская культура     Бутаўская культура

Грэнская культура — археалагічная культура фінальнага палеаліту і ранняга мезаліту. Назву атрымала ад стаянкі Грэнск (Гомельская вобласць) у басейне р. Сож. Вылучана У. Д. Будзько ў 1960-я гг. Помнікі грэнскай культуры вядомы на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя Бароўка, Орша-1, Дальняе Ляда, Каромка, Магілёская, Зарэчча, Лудчыцы; Пасожжа — Хвойна, Гайкоўка, Грэнск, Журавель, Паклады-2; на Друці — Вірычаў, Вішанька, Чыгірынка; у басейне р. Бярэзіна — Гута-1; на Лепельскім возеры Віцебскай вобласці — Пясчаніца.

Комплексы з асіметрычнымі наканечнікамі стрэл (грэнскі тып) вядомы ў матэрыялах стаянак Волга-Окскага міжрэчча, басейнаў Дзясны, Прыпяці, Нёмана, Віслы і культур паўночнай Еўропы. Помнікі грэнскай культуры размешчаны на 1-й або 2-й надпоймавых тэрасах. У якасці сыравіны насельніцтвам грэнскай культуры выкарыстоўваўся мясцовы крэйдавы крэмень цёмна — шэрага колеру, паклады якога размяшчаліся непасрэдна каля паселішчаў. Сколванне нарыхтовак адбывалася з аднаго боку канкрэцыі да поўнай яе ўтылізацыі, калі нуклеусы прымалі сплюшчаны выгляд. Ядрышчы характарызуюцца аморфнасцю форм і шырокай плоскасцю сколвання (2 — 5 сколаў). Сярод нуклеусаў пераважаюць аднапляцовачныя ядрышчы (30 — 50 %), пры невялікай колькасці дзвюх- і трохпляцовачных форм. Контрфронт большасці ядрышчаў (80 %) не аформлены і захоўвае жаўлачную скарынку. Ударныя пляцоўкі захоўваюць гладкую паверхню, але ў працэсе расшчаплення маглі падпраўляцца 2 — 3 папярочнымі сколамі ці поўнасцю пераафармляцца. Вугал сколвання нарыхтовак вагаецца ў межах 55 — 90°, у сярэднім — 80—85°. Асноўным тыпам нарыхтоўкі з'яўляліся адшчэпы, радзей пласціністыя адшчэпы і пласціны, атрыманыя ў тэхніцы цвёрдага ўдару. Удругаснай апрацоўцы шырока выкарыстоўваліся стромкае і паўстромкае рэтушаванне, тэхніка разцовага сколу, абіўка. Сярод прылад канцавыя, двайныя, акруглыя, «з шыпам» скрабкі; рэтушаваныя, на зломе нарыхтоўкі, двухгранныя і камбінаваныя разцы; вырабы з выемкай, вуглавыя і сярэдзінныя праколкі, вастрыі, плас-цінкі са скошаным рэтушшу канцом і з прытупленым краем, сякучыя прылады, асобныя з якіх маюць перахват ці толькі падпраўленую папярочнымі сколамі лязовую частку. Культурна-вызначальнымі для крамянёвых комплексаў грэнскай культуры з'яўляюцца наканечнікі стрэл т.зв. «грэнскага тыпу»: асіметрычныя з супрацьлеглай бакавой выемкай і тронкавыя. Генезіс грэнскай культуры не высветлены. На думку У. Д. Будзько, фарміраванне культуры адбывалася на падставе культур касцёнкаўска-аўдзееўскай, елісеевіцкай, юдзінаўскай, ціманаўскай. Л. Л. Залізняк помнікі грэнскай культуры аб'ядноўвае ў межах вылучанай ім краснасельскай культуры, паходжанне якой звязана з традыцыямі культуры ўсходніх Лінгбі. У. П. Ксяндзоў паходжан-не грэнскай культуры разглядаў у кантэксце развіцця лінгбійскіх традыцый. Паводле В. Ф. Капыціна, насельніцтва грэнскай культуры з'яўлялася нашчадкам мезінскіх культурных традыцый позняга палеаліту, вылучаюцца 2 генетычныя лініі: адна з іх звязана з Мезінам і прасочвалася ў комплексе Бароўкі, у другой — праяўляецца падабенства з матэрыяламі Дабранёўкі і Каромкі. А. Г. Калечыц лічыць неабходным звярнуць увагу на магчымасць пошукаў мясцовага субстрату, прыкладам якога можа выступаць стаянка Падлужжа (Бердыжская стаянка). У 1960-я г. У. Д. Будзько былі вылучаны 3 храналагічныя этапы:

  • 1-ы ранні дрыяс (13—12,7 тыс. гадоў таму назад)
  • 2-і — не пазней бёлінгскага інтэрстадыялу (12—12,3 тыс. гадоў таму назад),
  • 3-і прыходзіўся на алярод (11,8—10,8 тыс. гадоў таму назад).

В. Ф. Капыцін падзяляў помнікі грэнскай культуры на 2 храналагічныя групы:

  • 1-я — стаянкі Бароўка, Каромка і Хвойна — датавалася фінальным палеалітам (12—10 тыс. гадоў таму назад)
  • 2-я — Грэнск, Магілёўская, Лудчыца, Чыгірынка — раннім мезалітам (10—8 тыс. гадоў таму назад).

АТ.Калечыц, з улікам палеагеаграфічных дадзеных, прапанавала ніжнюю мяжу грэнскай культуры лічыць больш старажытнай на 2—3 тысячагоддзі. Л. Л. Залізняк адносіў час фарміравання краснасельскай культуры да позняга дрыясу (10,8—10,3 тыс. гадоў таму назад), якая ў пачатку прыбарэальнага часу, праз помнікі тыпу Бароўка, паклала пачатак старажытнасцям іенеўскай і пясочнароўскай культур.

У. П. Ксяндзоў вылучыў 3 храналагічныя этапы:

  • 10,8— 10,3 тыс. гадоў таму назад — стаянкі Аносава, Берасценава, Лудчыцы, Каромка;
  • 10,3—8 тыс. гадоў таму назад — стаянкі Бароўка, Орша-1, Грэнск, Гута-1, Журавель, Пясчаніца і Хвойна;
  • 8—7 тыс. гадоў таму назад — стаянкі Рэкорд, Рэчыца-2 і Чыжоўка.

Польскі даследчык С. К. Казлоўскі пачатак дзяснінскай (грэнскай) культуры вядзе ад 9-га тыс. да н.э. і да ранняга галацэну, калі яна трансфармавалася ў шэраг «постдзяснінскіх» культур. Па дадзеных К.Шымчака, дзяснінскія элементы на помніках паўночна-ўсходняй Польшчы вядомы на працягу аляроду — барэальнага часу. Большасць даследчыкаў лічаць, што грэнская культура — прамы генетычны продак насельніцтва іенеўскай культуры міжрэчча Волгі і Акі і пясочнароўскай Сярэдняй Дзясны. На аснове арэнсбургскіх і краснасельскіх (грэнскіх) традыцый у Скандынавіі сфарміравалася культурна-гістарычная зона, у якую ўваходзіла культура Фосна і Комса.

  • Kozlowski, J. K., Kozlowski, S. K. Pradzieje Europy od XL do IV tysiaclecia p.n.e. — Warszawa, 1975.
  • Szymczak, K. Epoka kamienia Polski północno-wschodniej na tle środkowoeuropejskim. — Warszawa, 1995.
  • Будько, В. Д. Памятники свидерско-гренской культуры на территории Белоруссии // Материалы и исследования по археологии СССР. — 1966. — № 126. — С.
  • Залізняк, Л. Л. Фінальний палеоліт і мезоліт континентальної України. Культурний поділ та періодизація // Кам'яна доба України. — 2005. — Вип. 8. — С.
  • Калечиц, Е. Г. Человек и среда обитания: Восточная Беларусь: Каменый век / Е. Г. Калечиц. — Мн. : Экоперспектива, 2003. — 223 с. — ISBN 985-469-082-2
  • Коласаў, А. У. Грэнская культура / А. У. Коласаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С.. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Копытин, В. Ф. Памятники финального палеолита и мезолита Верхнего Поднепровья / В. Ф. Копытин; Министерство народного образования Республики Беларусь, Могилевский государственный педагогический институт им. А. А. Кулешова, Могилевский областной краеведческий музей. — Могилев: Могилевское управление по печати, 1991. — 86, [1] с. —
  • Копытин, В. Ф. У истоков гренской культуры: Боровка: Монография / В. Ф. Копытин; Могилев. гос. ун-т им. А. А. Кулешова. — Могилев: Изд-во МГУ, 2000. — 142, [2] с. — ISBN 985-6586-37-2
  • Ксензов, В. П. Мезолит Северной и Центральной Беларуси // Материалы по археологии Беларуси. — 2006. — № 13. — С.
  • Обуховский, В. С. «Гренский след» в финальном палеолите междуречья Немана, Припяти и Вислы // Романовские чтения — 3: сборник трудов Международной научной конференции, 23―24 ноября 2006 г., Могилев / [редсовет: М. И. Вишневский (председатель) и др.]. — Могилев : МГУ, 2007. — 174, [1] с. — С.