Асвейскі ландшафтны заказнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 04:25, 6 лютага 2011, аўтар Хомелка (размовы | уклад) (вікіфікацыя, афармленне)

Шаблон:Вызнч — ландшафтны заказнік у Беларусі. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці.

Створаны ў 2000 на аснове былога паляўнічага заказніка. Плошча 22600 га.

Тэрыторыя заказніка ўяўляе сабой буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот, нізінных балот адносна мала. Ядром заказніка з'яўляецца возера Асвейскае, якое мае важнае гідралагічнае і кліматаўтвараючае значэнне для вялікага рэгіёна паўночнай часткі Беларусі. Вялікую частку ўгоддзя займаюць верхавыя і пераходныя балоты, якія пакрыты хвойнікамі, бярэзнікамі і алешнікамі. Сярод балот раскіданы нешматлікія мінеральныя астравы. Лясы займаюць каля 30 % агульнай плошчы заказніка, лугі — 6 %, хмызнякамі пакрыта 4 % тэрыторыі.

Гідраграфічная сетка добра развіта і прадстаўлена азёрамі, рэкамі і шматлікімі меліяратыўнымі каналамі. Галоўная водная артэрыя тэрыторыі — рака Свольна, якая адносіцца да басейна Заходняй Дзвіны. Найбольш значным натуральным вадаёмам з'яўляецца возера Асвейскае, плошча якога складае 47,95 км² (пасля Нарачы гэта другі па велічыні прыродны вадаём Беларусі). Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу, яно мелкаводнае, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У яго ўпадаюць некалькі невялікіх рэк і каналаў, аднак прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія дваццаць гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады, якая выцякае з возера па каналу Дзегцяроўка. Для пад'ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, на гэтым канале было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой верагоднай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Лесагаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі заказніка вядзецца ў рацыянальных памерах. З іншых відаў гаспадарання пераважаюць здабыча торфу, прамысловы і аматарскі збор грыбоў і ягад, рэгламентаванае паляванне. У Асвейскім возеры ёсць значныя запасы сапрапеляў высокай якасці, прыгодных для прамысловай здабычы.

На тэрыторыі заказніка гняздуецца 164 віды птушак, 36 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер'я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі Anas platyrhynchos, нырка-сівака Aythya ferina і лыскі Fulica atra. Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з'яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.

З рэдкіх раслін, якія сустракаюцца на тэрыторыі заказніка, трэба адзначыць гібрыдныя формы вольхі клейкай (Alnus glutinosa) і шэрай (Alnus incana), высокаствольныя формы бярозы карэльскай (Betula pendula var. carelica), буйныя папуляцыі гарлачыка жоўтага малога (Nuphar pumila), а таксама рэліктавую насякомаедную расліну — альдраванду пухіраватую (Aldrovanda vesiculosa). Увогуле, у заказніку выяўлена 16 відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. З млекакормячых, якія сустракаюцца на ТВП, ахове належаць 4 віды.

Неспрыяльныя фактары

Антрапагенная эўтрафікацыя возера Асвейскае, якая выклікана сцёкамі вады з сельгасугоддзяў і торфараспрацовак, камунальна-бытавых прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых ферм.

Парушэнне гідралагічнага рэжыму ў выніку дзейнасці торфапрадпрыемства.

Памяншэнне ўзроўню вады ў возеры вядзе да змен яе якасных паказчыкаў, хуткаму зарастанню возера, змяншэнню рыбапрадукцыйнасці, зніжэнню яго значэння для вадаплаўных птушак.

Прамысловае рыбалоўства магло стаць адной з прычын памяншэння запасаў рыбы ў возеры.

Меры аховы

У студзені 2009 пачаліся работы па рэнатуралізацыі парушанага тарфянога балота Асвейскае. Аднавіць гідралагічны рэжым тэрыторыі плануецца шляхам каскаднага перакрыцця перамычкамі асушальнай сеткі. За 3 месяцы работ праектам прадугледжана будаўніцтва 11 перамычак на дрэнажных каналах, а таксама стварэнне сістэмы плыткіх вадаёмаў з рэгуляванай глыбінёй вады.[1]

Мерапрыемствы ажыццяўляюцца ў рамках праекту ПРААН і Глябальнага экалягічнага фонду (ГЭФ) «Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі дзеля перадухілення дэградацыі земляў, змянення клімату і забеспячэння захавання глябальна значнай біялягічнай разнастайнасці», выканаўчым агенцтвам якога з'яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org