Асгард

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

А́сгард (Ásgarðr, Asgard, Asgård) — у скандынаўскай міфалогіі нябесны горад, мясціна богаў-асаў. Акрамя багоў і багінь, у Асгардзе жывуць панны-ваяўніцы — валькірыі. Адзін з трох каранёў Дрэва Міру — Іггдрасіля - цягнецца ў бок Асгарда. У Малодшай Эдзе распавядаецца, што Асгард быў пабудаваны ётунам-муляром з дапамогай свайго каня Свадзільфары, і за гэта асы павінны былі аддаць сонца, месяц і багіню Фрэю. Але Локі, ператварыўшыся ў кабылу, адцягнуў каня Свадзільфары ад працы, і, паколькі праца не была выкананая ў тэрмін, багі пазьбеглі адплаты. А волат быў забіты Торам, калі ў гневе стаў кідаць у асаў будаўнічыя камяні.

У Асгардзе разьмешчаная Вальхала, жыллё загінулых у баі ваяроў.

Паводле еўгемерычнай традыцыі, адлюстраванай у “Коле зямным” Сноры Стурлусана, Асгард – гэта рэальная зямная крэпасць, размешчаная ля берагоў Чорнага мора непадалёк ад падзеленага на два рукавы вусця ракі Танаіс (Дон), што не адпавядае актуальнай геаграфічнай сітуацыі. Між тым, паводле вынікаў апошніх даследаванняў, старажытны Танаіс сапраўды ўпадаў непасрэдна ў Чорнае мора, абмінаючы з усходу багністую мясцовасць на месцы сучаснага Азоўскага мора. Пры гэтым вусце Танаіса (сучасная Керчанская пратока) практычна супадала з вусцем Гіпаніса (Кубані), а абодва вусці ўяўлялі сабой падзеленыя вялікай выспай водныя рукавы, якія можна атаясніць з Ванаквіслам і Танаквіслам – рукавамі Танаіса, згаданымі Сноры Стурлусанам як месца рассялення ванаў і асаў.

З гэтага вынікае, што легендарнымі ванамі з’яўляюцца каланізаваўшыя ў сярэдзіне І тыс. да н.э. Керчанскую паўвыспу іанійскія грэкі, іанійцы, этнонім якіх на мясцовым пракрыце гучаў як “яваны”, Асамі, у сваю чаргу, з’яўляліся сінды (“народ ракі” на пракрыце), што ў гэты перыяд стварылі пачаткі дзяржаўнасці на Таманскім паўвостраве. Асабліва паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца адна з этнапалітычных груп сіндаў – аспургіяне – якія ўяўлялі сабой ізаляваную супольнасць цяжкаўзброеных вершнікаў, адзначаных спецыфічным пахавальным рытуалам (пахаванні з коньмі). Іх сацыёнім “аспургіяне” з’яўляецца элінізаваным варыянтам пракрыцкага дэматыкона, роднаснага санскрыцкаму As-puraukas ‘жыхар крэпасці / горада асаў’ альбо ‘жыхар Асгарда, асгардзец’. Сам Асгард, хутчэй за ўсё, можна атаясніць з Лабрысам (Сямібратнім гарадзішчам) [1].

Кроскультурнае ўзаемадзеянне іанійцаў і сіндаў, адлюстраванае ў скандынаўскай міфалагічнай традыцыі як узаемадзеянне ванаў і асаў, прывяло да ўзнікнення Баспорскага царства. Вынікам ранняй эканамічнай экспансіі часткі гэтай супольнасці стала з’яўленне асаў у Скандынавіі і Прыбалтыцы.

  1. Даніленка, С.І. Асгард: геаграфічная лакалізацыя і этнічная атрыбуцыя / С.І. Даніленка, // Thesaurus: зборнік навуковых прац: / М-ва ўнутр. спраў Рэсп. Беларусь, установа адукацыі «Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ; пад агул. рэд. канд. філал. навук, дацэнта С.В. Венідзіктава. – Вып. V. Індагерманаславіка. – Магілёў : Магілёўскі інстытут МУС, 2018. – С. 3–41.[1]