Багуслаў Семірадскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Багуслаў Стэфанавіч Семірадскі
Паўстанцкі начальнік Мінска
1863 — 1863
Папярэднік Пётр Янавіч Чакатоўскі
Пераемнік няма (пасада скасавана)

Нараджэнне 13 лістапада 1838(1838-11-13)
Смерць 1864(1864)
Род Семірадскія
Веравызнанне каталік

Багуслаў Семірадскі, Багуслаў-Руфін Стэфанавіч Семірадскі (польск.: Bogusław Siemiradzki; 13 лістапада 1838 — 1864) — каталіцкі дваранін Расійскай імперыі, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Мінска (1863).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да шляхецкага (дваранскага) роду Семірадскіх. Каталік. Па прафесіі быў лекарам. Жыў у Мінску і быў вольнапрактыкуючым доктарам у Мінскай губерні.

Адносіўся да мінскай інтэлігенцыі. 18 мая 1861 г. у Мінску вядомы мінскі фатограф Антон Антонавіч Прушынскі (1826—1895) зрабіў фотаздымак групы прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі, многія з якіх пазней прынялі ўдзел у рэвалюцыйных гуртках і Студзеньскім паўстанні (1863—1864).

Стаў членам паўстанцкага камітэта ў Мінску. Падчас Студзеньскага паўстання (1863—1864), пасля арышту паўстанцкага начальніка Мінска Пятра Чакатоўскага, Багуслаў Семірадскі атрымаў ад Чакатоўскага мандат кіраўніка мінскай паўстанцкай арганізацыі (паўстанцкага начальніка Мінска).

Група прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі. Багуслаў Семірадскі — у верхнім радзе другі справа. Фатограф Антон Антонавіч Прушынскі (1826—1895), г. Мінск, 18 мая 1861 г.

Быў схоплены расійскімі ўладамі падчас лекарскай дапамогі аднаму паўстанцу, западозраны расійскімі ўладамі ў «палітычнай нядобранадзейнасці». Прысуд Семірадскаму быў адносна лёгкі, бо Семірадскі тлумачыў сваю дапамогу паўстанцу клятвай Гіпакрата, што ён павінен дапамагаць параненым: Семірадскі быў высланы (да 1 чэрвеня 1864 г.) «адміністрацыйным парадкам» пад нагляд паліцыі ў Ніжагародскую губерню.

Пазней выявілася, што Багуслаў Семірадскі быў не проста лекар, але і паўстанцкі начальнік Мінска. Тады на загад віленскага ваеннага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва Багуслава Семірадскага павезлі з Ніжагародскай губерні ў Вільню на допыт. Паводле інфармацыі Якуба Гейштара і З. Клюкоўскага, па дарозе на допыт у Вільню, баючыся новых катаванняў, Багуслаў Семірадзкі проста атруціўся — скончыў жыццё самагубствам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с.
  • Матвейчык Д. Ч. Паўстанне 1863—1864 гг.: крыніцы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (агульны агляд) // Архівы і справаводства. — 2013. — № 1. — С. 66—77.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
  • Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў : біяграфічны слоўнік : (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Дзмітрый Матвейчык ; Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Республікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2016. — 734 с. — 400 экз. — ISBN 978-985-01-1159-3.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Klukowski, Z. Lekarze zesłańcy po powstaniu 1863 r. // Lekarz Wojskowy. — 1927. — Т.IX. — S.20.
  • НГАБ. Ф.319, воп.2, спр.2946, арк. 22, 95, 117 адв.