Бедленд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бедленд Хелс-Хаф-Эйкр, Ваёмінг

Бедленд (бэдленд, ад англ.: badlands, літаральна — дурныя, дрэнныя, неўрадлівыя землі) — мясцовасць з рэзка і моцна расчлянёным рэльефам, цяжкапраходным і непрыдатным для земляробства і жывёлагадоўлі. Тыповыя бедленды — гэта ўзгоркі з вузкімі грэбнямі са стромымі схіламі, перасечаныя ярамі. Характарызуюцца высокай гушчынёй часовых вадацёкаў і мінімальным раслінным покрывам. Тыповымі формамі рэльефу ў складзе бедлендаў з'яўляюцца каньёны, цясніны, астанцы, яры, сталовыя горы. Бедленды афарбаваны ў самыя разнастайныя колеры, ад чорных і чырвоных да светлых глін, і часта ўяўляюць сабой сапраўднае відовішча.

Нацыянальны парк Бедлендс

Утвараюцца ў выніку дзейнасці часовых водных патокаў (падчас залеваў) ва ўмовах разрэджанай расліннасці як на рыхлых, так і на гліністых пародах. Новыя залевы працягваюць справу ўкаранення бедлендаў, таму многія палеанталагічныя знаходкі былі зроблены менавіта ў бедлендзе, пасля вымывання чарговага пласта глебы.

Распаўсюджаны ў краінах з засушлівым кліматам. Класічныя бедленды сустракаюцца на стыку Вялікіх раўнін і Скалістых гор у ЗША і Канадзе. Яны ўваходзяць у склад нацыянальных паркаў Бедлендс (Паўднёвая Дакота) і Тэадор Рузвельт (Паўночная Дакота) і інш. Бедленды можна ўбачыць у Іспаніі, Аргенціне. На тэрыторыі СНД бедленды сустракаюцца на землях Сярэдняй Азіі, Казахстана, Арменіі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 333 с. ISBN 5-85700-085-8