Безнаяўны разлік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Безнаяўны разлік — разлік без удзелу наяўных грошай — шляхам пераводу (пераліку) пэўнай сумы з рахунку плацельшчыка на рахунак крэдытора ў крэдытных установах ці шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. У нацыянальным абароце выконваецца: плацежнымі патрабаваннямі, даручэннямі, патрабаваннямі-даручэннямі, чэкамі, акрэдытывамі, вэксалямі, інкасавымі даручэннямі.

Найчасцей безнаяўны разлік звязаны з інкасаўскімі аперацыямі банкаў, калі банк паводле даручэння свайго кліента і на аснове разліковых дакументаў атрымлівае грашовыя сродкі, якія належаць гэтаму кліенту, ад іншых суб'ектаў гаспадарання і залічвае іх на рахунак атрымальніка (кліента). Плацяжы па безнаяўных разліках ажыццяўляюцца: пасля адгрузкі (водпуску) прадукцыі, выканання работ, аказання паслуг ці як папярэдняя аплата на агавораных (устаноўленых) умовах; са згоды плацельшчыка і пры наяўнасці сродкаў на яго рахунку ці крэдыту, прадугледжанага дагаворам. Безнаяўныя разлікі выкарыстоўваюцца і ў міжнародных эканамічных адносінах.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Маюць важнае эканамічнае значэнне ў паскарэнні абарачальнасці сродкаў, скарачэнні наяўных грошай, неабходных для звароту, зніжэнні выдаткаў звароту. Арганізацыя грашовых разлікаў з выкарыстаннем безнаяўных грошай значна пераважней плацяжоў наяўнымі грашыма. Шырокаму прымяненню безнаяўных разлікаў спрыяе разгалінаваная сетка банкаў, а таксама зацікаўленасць дзяржавы ў іх развіцці, як па адзначанай прычыне, так і з мэтай вывучэння і рэгулявання макраэканамічных працэсаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8