Перайсці да зместу

Беларуская антарктычная станцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антарктычная станцыя
Гара Вячэрняя
Статус дзеючая сезонная
Краіна  Беларусь
Дата заставання кастрычнік 2015
Насельніцтва 0—7
Вышыня матэапляцоўкі 70 м
Каардынаты 67°39′33″ пд. ш. 46°09′30″ у. д.HGЯO
Гара Вячэрняя (Антарктыда)
Гара Вячэрняя
Гара Вячэрняя

Беларуская антарктычная станцыя — пастаянная беларуская антарктычная навуковая станцыя, якая знаходзіцца ў раёне гары Вячэрняй, на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў за 28 км ад сезоннай расійскай станцыі «Маладзёжная». Пабудавана побач закансерваваных модуляў, прыналежных расійскай станцыі «Маладзёжная».

Аб рашэнні арганізацыі такой станцыі паведаміў 6 ліпеня 2006 дырэктар Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Логінаў. Па яго словах, «расійскія калегі зацікаўленыя ў нашай прысутнасці на мацерыку, бо мы будзем дапамагаць ім ажыццяўляць даследаванні, якія вядуцца на працягу 50 гадоў на размешчанай па суседстве станцыі „Маладзёжная“, але з-за недахопу фінансавання могуць быць перапыненыя».

Супрацоўніцтва з Расіяй дазволіла Беларусі паменшыць выдаткі на стварэнне і падтрыманне антарктычнай станцыі. Па ацэнках экспертаў на ўзвядзенне станцыі з нуля спатрэбілася б не менш за $10 млн, акрамя таго, аналагічная сума неабходная штогод, каб фрахтаваць судна для дастаўкі паліва, абсталявання і прадуктаў. Суседства жа з сезоннай расійскай станцыяй «Маладзёжная» можа гарантаваць у бліжэйшыя 5-10 гадоў караблезабеспячэнне, бо спадарожная дастаўка грузаў будзе значна танней. Акрамя таго, у суровых кліматычных умовах суседства з іншымі станцыямі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі дазволіць палярнікам атрымаць своечасовую дапамогу.

Уладзімір Логінаў адзначыў, што матэрыяльная база станцыі поўнасцю падыходзіць для працы — трэба толькі мадэрнізаваць электракамунікацыі, усталяваць неабходнае абагравальнае і навукова-даследчае абсталяванне. На тэрыторыі станцыі таксама ёсць ангар для тэхнікі і цыстэрны для паліва. Геаграфічнае месцазнаходжанне станцыі зручнае — побач ёсць бухта, адкуль прама з карабля па часовым трубаправодзе можна дастаўляць у ёмістасці гаручае.

31 жніўня 2006 г. у падтрымку Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь была прынята дзяржаўная мэтавая праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2007—2010 гады і на перыяд да 2015 года».

Дзяржаўным заказчыкам вызначана Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, адказным за навуковае забеспячэнне НАН Беларусі. Праграма не вырашае існуючую няпэўнасць, якое ведамства будзе галоўным дзяржаўным выканаўцам нацыянальнай дзейнасці ў палярных раёнах; персанальная адказнасць за выкананне ўскладзена на Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Старшыню Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Фінансаванне мерапрыемстваў праграмы абмежавана сродкамі, прадугледжанымі ў рэспубліканскім бюджэце на фінансіраванне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, рэспубліканскага фонда аховы прыроды і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

У выніку выкананых у 2007—2010 гадах даследаванняў распрацаваны і створаны прыборны комплекс для маніторынгу атмасферы ў Антарктыдзе, алгарытмы і праграмы для ацэнкі характарыстык снежнага покрыва па дадзеных касмічных назіранняў, эксперыментальныя ўзоры аўтаматызаваных прыбораў для выканання вымярэнняў спектральнага размеркавання інтэнсіўнасці прыземнага сонечнага выпраменьвання і агульнага ўтрымання азону ў атмасферы, радыёлакацыйны комплекс падпаверхнаснага зандзіравання снежна-ледзянога покрыва, тэктанічная карта Зямлі Эндербі. Праведзены комплексныя біялагічныя даследаванні флоры і фауны гэтага рэгіёну.

Першая група беларускіх адмыслоўцаў адправілася на станцыю Маладзёжную ў лістападзе 2006 для падрыхтоўкі яе да круглагадовага пражывання навукоўцаў.

Прававыя падставы

[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь, як суверэнны суб’ект міжнароднага права, далучылася да Дагавора аб Антарктыцы ў чэрвені 2006 года. Згодна з умовай дагавора Беларусь з’яўлялася краінай-назіральніцай. Аднак па словах кіраўніка беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксея Гайдашова, гэта быў толькі крок да дасягнення статуса кансультатыўнага боку Дагавора аб Антарктыцы, які маюць краіны, якія зрабілі найбольшы ўклад у справу вывучэння кантынента[1].

Праз два месяцы, у жніўні 2006 была зацверджана дзяржаўная праграма па вывучэнні палярных раёнаў Зямлі.

У Санкт-Пецярбургу 15 сакавіка 2013 года быў падпісаны дагавор паміж РБ і РФ аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Гэты дагавор дазволіў Беларусі выкарыстоўваць частку расійскай закансерваванай базы «Маладзёжная», якая знаходзіцца на гары Вячэрняй (28 км ад асноўнай станцыі), а таксама расійскі водны і паветраны транспарт. Таксама была створана рабочая група па Антарктыцы, якая сустракаецца двойчы ў год: летам — у Беларусі, восенню — у Расіі[2].

У верасні 2015 года ў Нарвегіі прайшло XVII пасяджэнне Савета кіраўнікоў нацыянальных антарктычных праграм, дзе паводле галасавання 29 краін-удзельніц, Беларусь аднагалосна стала 30-м пастаянным членам Савета кіраўнікоў нацыянальных антарктычных праграм. Гэта дае Беларусі права на голас пры вырашэнні лёсавызначальных пытанняў для паўднёвага кантынента[2].

Пабудова станцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Будаванне станцыі было даручана беларускай кампаніі «Мідзівісана» і было скончана да кастрычніка 2015 года. Галоўным канструктарам стаў Сяргей Сірэнка.

Станцыя здольна вытрымаць тэмпературу да −60 градусаў і парывы ветру да 80 м/с. Будынак таксама абараняе палярнікаў ад моцнага ультрафіялетавага апрамянення.

Таўшчыня сцен складае 100 мм. Ацяпленне мае два віды: першы — непасрэдны, ад дызельнага генератара, другі — пасрэдны, ад акамулятараў.

На цяперашні момант складаецца з трох модуляў, у кожным з якіх ёсць жылы блок. Кожны жылы блок разлічаны на дзве асобы[3].

Станцыя пабудавана на адлегласці 250—280 метраў ад марской акваторыі.

Актуальны стан

[правіць | правіць зыходнік]

Па стане на люты 2016 года, у Антарктыдзе ўжо працуюць першыя тры модулі беларускай антарктычнай станцыі. Усяго плануецца пабудаваць каля 12-15 модуляў, разлічаных прыкладна на 12 чалавек[2].

Склад станцыі налічвае шэсць асоб, усе — мужчыны: інжынер-геафізік Максім Гарбацэвіч, інжынер-механік Аляксей Захватаў, медык Леанід Нікіцюк, кіраўнік Аляксей Гайдашоў і іншыя. Усе удзельнікі экспедыцыі, акрамя кіраўніка, першы раз знаходзяцца ў Антарктыдзе[3][4].

25 студзеня 2018 Аляксей Гайдашоў паведаміў аб увядзенні ў эксплуатацыю трох новых аб’ектаў — навуковай лабараторыі і службова-жылых пакояў — беларускай антарктычнай станцыі і ўрачыста ўручыў ключы ад іх удзельнікам дзясятай экспедыцыі — Аляксею Захватаву, Максіму Гарбацэвічу і Артуру Івашку.[5] Такім чынам, будоўля палярнай станцыі перасягнула свой экватар.

У пачатку снежня 2018 другая частка адзінаццатай экспедыцыі разам з расійскімі калегамі даставілі да Гары Вячэрняй каля 100 тон грузаў для развіцця станцыі. Галоўная задачы 11-й экспедыцыі — развіццё інфраструктуры станцыі.[6] Прынамсі, мае быць пабудавана энергетычнае сэрца станцыі.

10 жніўня 2020 года стала вядома, што падчас 12-й экспедыцыі станцыю ўпершыню наведала Міжнародная інспекцыя Дамовы аб Антарктыцы. Інспектары прызналіся, што чакалі досыць сціплы варыянт будаўніцтва антарктычнай станцыі, але ўбачанае іх захапіла. Афіцыйны дакумент з заключэннем Міжнароднай інспекцыі з Сакратарыята дагавора па Антарктыцы быў прадастаўлены ўраду і НАН Беларусі[7]

Навуковыя мэты станцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Станцыя прызначана для вывучэння: увогуле клімату Зямлі, а ў прыватнасці стану азонавага слою ды газавага і аэразольнага саставу атмасферы. Таксама перад навукоўцамі стаіць задача пратэсціраваць айчынныя прылады для зандзіравання атмасферы і лядовых утварэнняў.

Станцыя дапаможа беларусам больш дакладна прагназіраваць надвор’е ў нашых шыротах, бо менавіта Антарктыда з’яўляецца як бы «кухняй надвор’я», якая ўплывае на клімат усяе Зямлі[2].

Існуе біялагічны напрамак даследаванняў. Мяркуецца, што вывучэнне анаэробных і аэробных мікраарганізмаў, здольных выжываць ва ўмовах экстрэмальна нізкіх тэмператур, зможа мець практычны ўжытак у анкалогіі, фармакалогіі ды касметалогіі[1][2]. Падобнымі даследаваннямі ўжо займаюцца японскія навукоўцы, якія на базе антарктычнай мікрафаўны распрацоўваюць лекі супраць рака.

Беларускія вучоныя заўважылі, што некаторыя антарктычныя бактэрыі здольны пераапрацоўваць нафту. Біёлагі маюць мэту пратэсціраваць магчымую карысць ад гэтых бактэрый ва ўтылізацыі наступстваў нафтавых забруджванняў асяроддзя[2].

Эканамічныя мэты станцыі

[правіць | правіць зыходнік]
Антарктычны крыль

У адрозненне ад мацерыка, берагавыя воды Антарктыкі не з’яўляюцца зонай, дзе забаронена прамысловая дзейнасць чалавека. Шмат краін свету актуальна займаюцца здабычай багатых рэсурсаў крыля, рыбы ды іншых морапрадуктаў. Аднак, для таго каб разгарнуць сваю дзейнасць, краіна павінна атрымаць дазвол і ўласную квоту на лоўлю морапрадуктаў у камісіі ААН па марскім праве.

Для таго каб атрымаць дазвол, любой краіне неабходна даследаваць акваторыю, якая мяжуе з выбранай антарктычнай місіяй. Потым трэба ацаніць біяпрадукцыйнасць воднага абшару, і ў канцы звярнуцца ў ААН з пэўнымі абгрунтаваннямі для пачатку прамысловай дзейнасці.

Калі краіна не мае свайго флоту, як у прыватнасці Беларусь, то яна можа, на фінансавай аснове, перадаць права на прамысловае выкарыстанне акваторыі другой краіне[2].

Зноскі