Беларуская музычная восень

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень» — музычны фестываль, які праводзіцца штогод у Мінску. Арганізатарам мерапрыемства выступае Белдзяржфілармонія[1]. На працягу двух тыдняў у яе сценах гучыць як акадэмічная, так і фальклорная і папулярная музыка ва ўсёй сваёй разнастайнасці.

2021[правіць | правіць зыходнік]

XLVII Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень» пачаўся ў горадзе Мінску 12 лістапада. У праграме форуму запланаваны 15 канцэртаў, у якіх выступяць і вядучыя калектывы Белдзяржфілармоніі, і салісты — выдатныя выканаўцы з Беларусі і Расіі. Распачалася «Беларуская музычная восень» цыклам канцэртаў пад назвай «Класіка для ўсіх».

Свае новыя праграмы прадставіў выбітны піяніст, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Адбыўся канцэрт камернага аркестра, дзе ёсць і відэакантэнт, і глыбокая паэзія з цікавымі музычнымі рашэннямі.

У межах «Беларускай музычнай восені» адбылося 18 лістапада адкрыццё Міжнароднага арфавага фестывалю «Дзве сталіцы. Мінск — Масква». Тут выступілі найлепшыя арфісты дзвюх краін у суправаджэнні ансамбля салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.

21 лістапада ў Вялікай зале адзначылі 100-годдзе выдатнага хормайстра Віктара Уладзіміравіча Роўды. У канцэрце «Хор як лёс» былі выкананы творы беларускіх і рускіх кампазітараў, аснову праграмы склаў «Рускі рэквіем» — лірыка-філасофская кантата Сяргея Танеева «Іаан Дамаскін». У юбілейным канцэрце прынялі ўдзел салісты Вялікага тэатра Беларусі — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая (сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар) і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (барытон).

Таксама адбыўся сольны канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Шумілінай. У праграме «Чароўныя гукі раяля» піяністка 25 лістапада выконвала рамантычныя творы Глінкі, Ліста, Шуберта і Шумана.

Серыю акадэмічных канцэртаў завершыў аўтарскі вечар кампазітара Сяргея Бельцюкова, прымеркаваны да яго 65-годдзя. Творы маэстра 27 лістапада ў Малой зале імя Шырмы выканалі Мінскі струнны квартэт, салісты Філармоніі для дзяцей і юнацтва Ганна Янкоўская і Максім Абравец, салістка Вялікага тэатра Беларусі Іна Русіноўская, а таксама інструменталісты Ксенія Бельцюкова (скрыпка), Дыяна Гантарэнка (флейта), Марына Рамейка, Вольга Макеева, Алена Кузьміч, Мікіта Бельцюкоў (фартэпіяна). Прагучалі вакальныя цыклы на вершы Максіма Багдановіча і Леаніда Дранько-Майсюка, кантата «Начны матылёк», квартэт, трыа, камерныя п’есы. Таксама прайшла прэм’ера — фантазія «Мне шкада кветак» на вершы Бо Цзюй для голасу, скрыпкі і фартэпіяна.

У межах фестывалю адбылася прэзентацыя маштабнай працы — новай кнігі Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент. Гісторыя эстрады Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1930—1980-я гады». У кнізе ўпершыню падрабязна расказваецца аб зараджэнні і станаўленні Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў перадваенныя гады. У выданне ўвайшлі сотні фатаграфій і архіўных дакументаў.

У канцэрце-прэзентацыі 17 лістапада ў суправаджэнні аркестра выступілі славутыя беларускія артысты, якія сталі героямі кнігі: заснавальнік ВІА «Сябры» народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, легенды ВІА «Верасы» народная артыстка Беларусі Ядзвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, сузаснавальнік ВІА «Песняры» Уладзіміра Мулявіна заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч і многія іншыя.

21 лістапада адбыўся канцэрт-святкаванне «Я сэрца аддам Беларусі», прысвечаны 50-гадоваму юбілею мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаслава Статкевіча. Завяршальным акордам фестывалю мастацтваў стаў творчы вечар Ігара Іванова — выдатнага выканаўцы, мастацкага кіраўніка Ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]