Перайсці да зместу

Беларускі арабскі алфавіт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старонка з кітаба (каля 1750—1800 гг.)
Асноўныя літары і прынцыпы функцыянавання беларускай арабіцы[1]

Беларускі арабскі алфавіт, або Беларуская арабіца (ва ўласным запісе — بَلَرُصْقَيَ اَرَبِࢯَ) — алфавіт на аснове арабскага пісьма, прыстасаваны першапачаткова для запісу старабеларускай мовы. Сфарміраваўся ў XVI ст. (магчыма, пачаў складвацца яшчэ ў XV ст.) і выкарыстоўваўся да XX стагоддзя для сучаснай беларускай мовы.

Алфавіт складаўся з 28 графем арабскага пісьма з дадаваннем некалькіх літар для перадачы спецыфічных беларускіх гукаў, адсутных у арабскай мове.

Гісторыя і паходжанне

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускім арабскім алфавітам карысталіся беларуска-літоўскія татары, якія былі запрошаны вялікімі князямі літоўскімі для пасялення на землях Вялікага Княства Літоўскага. На працягу XIV—XVI стагоддзяў яны паступова перасталі карыстацца ўласнай цюркскай мовай і перайшлі на старабеларускую, аднак захавалі рэлігійную традыцыю і арабскае пісьмо.

Для запісу славянскай гаворкі арабскімі літарамі спатрэбілася мадыфікацыя графічнай сістэмы. Вынікам гэтага працэсу стала ўзнікненне багатай рукапіснай спадчыны — кніг-кітабаў, хамаілаў (малітоўнікаў), тэфсіраў (каментарыяў да Карана).

Вядомыя таксама і польскія тэксты, запісаныя арабскім пісьмом (мяркуецца, што яны з’явіліся не раней за XVII ст.)[2].

Гісторыя даследавання

[правіць | правіць зыходнік]

Навуковае вывучэнне беларускай арабіцы і пісьмовай спадчыны беларускіх татараў пачалося ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Першапачаткова кітабы разглядаліся як экзатычны кур’ёз, аднак неўзабаве даследчыкі зразумелі іх каштоўнасць для славянскай філалогіі.

Першым, хто ўвёў гэтыя помнікі ў навуковы ўжытак, быў прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Антон Мухлінскі. У 1857 годзе ён апублікаваў працу «Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татар», дзе апісаў знойдзеныя ім рукапісы і даказаў, што іх мова — славянская, а не ўсходняя[3]. Да гэтага часу існавала думка, што татары карыстаюцца выключна арабскай або турэцкай мовамі[4].

Фундаментальны ўклад у лінгвістычны аналіз тэкстаў унёс акадэмік Яўхім Карскі. Ён першым падрабязна апісаў фанетычныя асаблівасці беларускай гаворкі, зафіксаванай арабскім пісьмом, і даказаў яе беларускі характар, абвергшы тэорыі пра «польскую» або «рускую» аснову тэкстаў[4]. У сваёй працы «Беларусы» ён прысвяціў асобныя раздзелы аналізу графікі кітабаў[5].

Карскі таксама даследаваў працэс культурнай асіміляцыі татараў і іх пераход на мясцовую мову. Ён адзначаў, што арабскае пісьмо дакладна перадае такія рысы беларускай мовы, як дзеканне і цеканне[6]. Асноўныя працы:

  • Карскі Е. Беларуская мова арабскім пісьмом // Вестник Народного комиссариата просвещения С. С. Р. Б. — Минск, 1922. — № 1 (3). — С. 3-5.
  • Карский Е. Ф. Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области // Известия Отделения русского языка и словесности. Т. XXIX. — Л., 1925. — С. 1-22.

Даследаванні 1920—1930-х гадоў

[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд беларусізацыі 1920-х гадоў цікавасць да тэмы значна ўзрасла. Віталь Вольскі ў серыі артыкулаў для часопісаў «Узвышша» і «Наш край» разглядаў не толькі моўныя, але і этнаграфічныя аспекты жыцця татараў[7]. Ён аналізаваў прынцыпы транскрыпцыі і сцвярджаў, што кітабы з’яўляюцца каштоўнай крыніцай жывой народнай гаворкі[8].

Віталь Вольскі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-я гады Віталь Вольскі правёў шэраг даследаванняў, прысвечаных культуры і пісьменнасці беларускіх татараў. Ён вывучаў прынцыпы транскрыпцыі, асаблівасці мовы і фальклор. Асноўныя публікацыі:

  • Вольскі В. Татары на Беларусі // Наш край. — Менск, 1927. — № 4 (19).
  • Вольскі В. Асноўныя прынцыпы арабскай транскрыпцыі беларускага тэксту ў «кітабах» // Узвышша. — Менск, 1927. — № 6. — С. 189—193.
  • Вольскі В. Аб асаблівасьцях жывой мовы беларускіх татар і арабскай транскрыпцыі «Аль-Кітабаў» // Наш край. — Менск, 1927. — № 8-9. — С. 16-19.
  • Вольскі В. Цюрка-татарскія элемэнты ў беларускай мове // Узвышша. — Менск, 1929. — № 6. — С. 112—115.

У Заходняй Беларусі (Вільня) даследаванні працягваў Ян Станкевіч. У 1933 годзе ён выдаў брашуру, дзе палемізаваў з польскімі навукоўцамі і настойваў на выключна беларускім характары кітабаў[9]. Станкевіч падкрэсліваў, што гэтая літаратура — важны помнік нацыянальнай культуры[3]. Асноўная праца:

  • Станкевіч Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1933.

Антон Антановіч

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вайны і перыяду заняпаду татарскай культуры ў СССР, новы этап вывучэння пачаўся дзякуючы Антону Антановічу. Яго манаграфія 1968 года стала настольнай кнігай для ўсіх даследчыкаў арабіцы. Антановіч распрацаваў навуковую транслітарацыю тэкстаў і склаў падрабязныя табліцы адпаведнасці арабскіх літар беларускім гукам[10]. Менавіта ён увёў у шырокі навуковы ўжытак тэрміны для спецыфічных беларускіх літар (напрыклад, для мяккага [дз'])[4]. Яго манаграфія 1968 года з’яўляецца класічнай працай, дзе дэталёва разабраны кожны знак алфавіта, яго варыянты і правілы ўжывання. Антановіч стварыў зводныя табліцы адпаведнасці, якімі карыстаюцца сучасныя навукоўцы[10]. Асноўная праца:

  • Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. — Вильнюс: ВГУ им. В. Капсукаса, 1968.

У XXI стагоддзі даследаванні набылі міждысцыплінарны характар. Важную ролю адыгрываюць супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:

  • Міхаіл Тарэлка займаецца апісаннем і каталагізацыяй рукапісаў, якія захоўваюцца ў прыватных і дзяржаўных зборах. Ён з’яўляецца суаўтарам каталога «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі»[11].
  • Ірына Сынкова даследуе гісторыка-культурны кантэкст стварэння кітабаў і рэлігійнае жыццё татараў[12].

Значны ўклад у папулярызацыю тэмы ўнесла брытанская даследчыца Шырын Акінэр (Shirin Akiner), чыя праца пра рэлігійную мову кітабаў стала вядомай на Захадзе[4].

Асаблівасці графікі

[правіць | правіць зыходнік]
Прыклад тэксту (старонка з хамаіла Якубоўскага)

Алфавіт мае шэраг асаблівасцей прыстасавання да беларускай фанетыкі:

  • Для абазначэння гукаў, якія адсутнічаюць у класічнай арабскай мове, выкарыстоўваліся персідска-турэцкія графемы:
    پ — [п], چ — [ч], ژ — [ж].
  • Для перадачы афрыкат [дз’] і [ц’] (а таксама цвёрдага [ц]) былі створаны ўнікальныя графемы, якія не сустракаюцца ў іншых арабскіх алфавітах:
     — [дз’] (даль з трыма кропкамі ўнізе),  — [ц] (сад з трыма кропкамі ўнізе).
Гэтымі графемамі паслядоўна карысталіся ў XVIII—XX стст.
  • Для азначэння гукаў [ў] і [в] асобнай графемы не ўводзілі, а карысталіся адным знакам ваў:
    و — [в], [ў].

Табліца адпаведнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Галосныя, як і ў класічнай арабіцы, перадаюць агаласоўкамі над і пад зычнымі. Аднак у беларускіх кітабах назіралася тэндэнцыя да «поўнагалоснага» напісання (plene writing), калі галосныя абазначаліся асобнымі літарамі (аліф, ваў, йа), што набліжала пісьмо да алфавітнага тыпу.

На пачатку слова перад знакамі для абазначэння галосных гукаў пісаўся аліф (ا) або айн (ع). Такім жа чынам абазначаліся і галосныя ў сярэдзіне слова пасля галоснага гука. У рукапісах XVII—XVIII стст. гукі [о] і [у] часта абазначаліся аднолькава, але ў пазнейшых тэкстах (XIX—XX стст.) для [о] замацавалася спалучэнне вава з фатхай (وَ)[13].

Гук Арабіца Транслітарацыя Антановіча[14]
Канец слова Сярэдзіна слова Пачатак слова
[а] اَ اَ اَ а
آ а̃
عاَ а ̔
◌ٰ ◌ٰ а̍
ـي◌َ ـيـ◌َ а̄
ـى◌َ
ـي◌ٰ ـيـ◌ٰ а̄̍
ـى◌ٰ
[о], [у] ◌ُ ◌ُ اُ о̂, у
وُ وُ اوُ о̄, ӯ
عوُ ̔о̄, ̔ӯ
عُ ̔о̂, ̔у
وُا о̄ ̍, ӯ ̍
[о] وَ وَ اوَ о
عوَ ̔о
[э] ◌َ ◌َ е
عَ ̔е
[і], [ы] ◌ِ ◌ِ اِ и
ـي◌ِ ـيـ◌ِ اِيـ ӣ
ـى◌ِ
عِ ̔и
ـي◌ٖ ӣ̩
ـى◌ٖ

Гук [з] аднолькава абазначаецца літарамі дад (ض) і за (ظ) у рукапісах XVII—XIX стст., толькі літарай дад у рукапісах XVIII—XIX стст. і толькі літарай за у рукапісах XIX—XX стст.[15]

Для абазначэння гука [з’] выкарыстоўваюцца літары зайн (ز) і заль (ذ). У большасці рукапісаў літара заль або зусім не ўжываецца, або ўжываецца вельмі рэдка.[16]

Літарай ي абазначаецца гук [й]. Гукаспалучэнні [йа], [йо], [йэ], [йу], [йі] абазначаюцца спалучэннем літары ي з адпаведнымі знакамі для абазначэння галосных [а], [о], [э], [у], [і].[17]

Літарамі ث, س, ڛ абазначаецца гук [с’]. Літары ث і س ужываюцца ва ўсіх вядомых тэкстах XVII—XX стст. з рознай частатой.[18] Літара ڛ сустракаецца ў некалькіх рукапісах побач з літарамі ث і س.[19]

Гук [х] абазначаўся літарай ح. Літара خ сустракаецца ў рукапісах усяго некалькі разоў.[20]

Літара () можа абазначаць як цвёрды гук [ц], так і мяккі гук [ц’] (у рукапісах XVIII—XX стст.). Літара ت абазначае гук [ц’] у рукапісах XVII ст. У такім самым значэнні літара ت часам выступае ў рукапісах XVIII ст. побач з () і ў адзінкавых выпадках у рукапісах XIX ст. У некаторых рукапісах XVII—XVIII стст. і ў адзінкавых выпадках у рукапісах XIX—XX стст. літарай ت абазначаецца і гук [т].[21]

Літары аліф (ا), айн (ع) і хамза (ء) не маюць уласнага гукавога значэння. Аліф ужываецца для абазначэння гука [а], а таксама для абазначэння галосных у пачатку слова. У некаторых рукапісах аліф сустракаецца на канцы слоў, звычайна пасля вава (و). Айн з’яўляецца падстаўкай для галосных у пачатку слоў, а таксама можа сустракацца ў пазіцыі пасля галоснага (звычайна абазначанага з дапамогай вава) перад зычным або ў канцы слова. Хамза часам сустракаецца ў сярэдзіне і на канцы слоў, а таксама як падстаўка для кясры.[22]

Гук Арабіца Транслітарацыя Антановіча [23] Лацінская транслітарацыя[24]
Кантэкстуальныя формы Ізаляваныя
Канцавая Сярэдняя Пачатковая
[б] ـب ـبـ بـ ب б b
[в] ـو و в w
[γ] ـه ـهـ هـ ه г h
[g] ـغ ـغـ غـ غ г̣ ġ
[д] ـد د д d
[дж] ـج ـجـ جـ ج дж ǯ / ǧ[25]
[дз’] ـࢮ () дз ʒ
[ж] ـژ ژ ж ž
[з] ـض ـضـ ضـ ض з ż / ḍ[26]
ـظ ـظـ ظـ ظ з̣
[з’] ـز ز з́ z̲ / z[27]
ـذ ذ з̀
[й] ـي ـيـ يـ ي й j
[к] ـق ـقـ قـ ق к ḳ / q[28]
[к’] ـك ـكـ كـ ك ќ k
[л] ـل ـلـ لـ ل л l
[м] ـم ـمـ مـ م м m
[н] ـن ـنـ نـ ن н n
[п] ـپ ـپـ پـ پ п p
[р] ـر ر р r
[с] ـص ـصـ صـ ص с
[с’] ـث ـثـ ثـ ث с́ s̲ / t̲[29]
ـس ـسـ سـ س с̀ ś
ـڛ ـڛـ ڛـ ڛ с̨̀ s
[т] ـط ـطـ طـ ط т
[т’] ـت ـتـ تـ ت т́ t
[ф] ـف ـفـ فـ ف ф f
[х] ـح ـحـ حـ ح х
ـخ ـخـ خـ خ х̇
[ц] ـࢯ ـࢯـ ࢯـ () ц c
[ч] ـچ ـچـ چـ چ ч č
[ш] ـش ـشـ شـ ش ш š
ـا ا ̍ ̓
ـع ـعـ عـ ع ̔
ء ̓
Кірыліца Лацінка Арабіца
Кантэкстуальныя формы Ізаляваная
Канцавая Сярэдняя Пачатковая
Ла ла, Ля ля Ła ła, La la ـلا لا

Прыклад тэксту

[правіць | правіць зыходнік]

Артыкул 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека:

Беларуская кірыліца Усе людзі нараджаюцца свабоднымі i роўнымі ў сваёй годнасці i правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павінны ставіцца адзін да аднаго ў духу брацтва.
Беларуская лацінка Usie ludzi naradžajucca svabodnymi i roŭnymi ŭ svajoj hodnaści i pravach. Jany nadzieleny rozumam i sumlenniem i pavinny stavicca adzin da adnaho ŭ duchu bractva.
Беларуская арабіца اُوسَ ليُوࢮِى نَارَاجَايُوࢯَّا صْوَابَودْنِمِى اِى رَووْنِمِى وصْوَايَويْ هَودْنَاسْتِى اِى پْرَاوَاحْ. يَانِ نَاࢮَلَنِ رَوضُومَامْ اِى صُومْلَنَّمْ اِى پَاوِىنِّ صْتَاوِىࢯَّا آࢮِىنْ دَا آدْنَاهَو ودُوحُو بْرٰاࢯْطْوَا.
Тлумачэнне Варыянт запісу, які дэманструе выкарыстанне дадатковых літар і агаласовак.
  1. Seveleu-Dubrovnik, Maxime. The origin of the Belarusan Arabic alphabet. The Belarusian Arabic alphabet initiative at the FIAS. Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2023.
  2. Revised Proposal to encode Arabic characters used for Bashkir, Belarusian, Crimean Tatar, and Tatar languages, ISO/IEC JTC1/SC2/WG2 (20 мая 2011).
  3. а б Беларуская арабіца: як нашая мова стала сакральнай для татараў. Palatno.media. Праверана 24 студзеня 2025.
  4. а б в г Гісторыя вывучэння кітабаў. Праект FIAS. Праверана 24 студзеня 2025.
  5. Карский Е. Ф. Белорусы. Т. I. Вильна, 1904. С. 174—178.
  6. Карский Е. Ф. Белорусы. Т. III, вып. 2. Петроград, 1921. С. 239—240.
  7. Бібліяграфія па тэме беларускіх татараў. Славяна-ісламская акадэмія. Праверана 24 студзеня 2025.
  8. Вольскі В. Асноўныя прынцыпы арабскай транскрыпцыі беларускага тэксту ў «кітабах» // «Узвышша». Менск. 1927. № 6. С. 189—193.
  9. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Kamunikat.org. Праверана 24 студзеня 2025.
  10. а б Антонович 1968.
  11. Тарэлка Міхаіл Уладзіміравіч. Цэнтр даследаванняў беларускай культуры НАН Беларусі. Праверана 24 студзеня 2025.
  12. Сынкова Ірына Анатольеўна. Цэнтр даследаванняў беларускай культуры НАН Беларусі.
  13. Антонович 1968, с. 307—308.
  14. Антонович 1968, с. 194.
  15. Антонович 1968, с. 221.
  16. Антонович 1968, с. 224.
  17. Антонович 1968, с. 228.
  18. Антонович 1968, с. 243.
  19. Антонович 1968, с. 246.
  20. Антонович 1968, с. 265.
  21. Антонович 1968, с. 256—257.
  22. Антонович 1968, с. 330—332.
  23. Антановіч А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. — Вільнюс: Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт, 1968. — С. 192—193. — 418 с.
  24. Табліцы знакаў транслітарацыі літар арабскага алфавіта і дыякрытычных знакаў для галосных.
  25. Знакам ǧ гэты гук пазначаецца толькі ў арыенталізмах.
  26. Літара ض звычайна перадае ў беларускіх і польскіх тэкстах зычны [z], але ў некаторых рукапісах ХІХ–ХХ стст. яна азначае гук [d].
  27. Літары ذ і ز часта вельмі складана адрозніць адна ад адной, таму яны перадаюцца адным знакам (z̲) за выключэннем некаторых слоў арабскага паходжання з этымалагічным [d] (ذ), перададзеным знакам z.
  28. Знакам q гэты гук пазначаецца толькі ў арыенталізмах.
  29. Гэтая літара ў арабскай мове абазначае міжзубны глухі [t], але ў беларускіх і польскіх тэкстах выкарыстоўваецца для [s’].