Перайсці да зместу

Беспарадкі ў Кано (1953)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беспарадкі ў Кано
Дата 16—20 мая 1953
Месца Кано, Брытанская Нігерыя
Прычыны пытанне аб самакіраванні
Бакі канфлікту
Паўднёўцы (прыхільнікі ГД, народы ёруба і ігба) Паўночнікі (прыхільнікі КПН, паўночныя народы) Мясцовыя ўлады і сілавікі
Страты

У маі 1953 года ў горадзе Кано ў Паўночнай Нігерыі ўспыхнулі беспарадкі[1]. Падзеі былі выкліканыя канфліктам паміж паўночнікамі, якія выступалі за захаванне бягучай формы брытанскага валадарства, і паўднёўцамі, у асноўным ёруба і ігба, што змагаліся за самакіраванне. Сутыкненні працягваліся чатыры дні.

Паўночнікі былі прадстаўлены Кангрэсам паўночных народаў (КПН) пад кіраўніцтвам Ахмаду Бела, жыхары поўдня — Групай дзеяння (ГД) на чале з Энтані Энахара і Нацыянальным саветам Нігерыі і Камеруна (НСНК). Першыя жадалі захаваць бягучае становішча спраў, а другія імкнуліся атрымаць ад брытанцаў права на самакіраванне. Гэтае пытанне актыўна абмяркоўвалася ў нігерыйскай Палаце прадстаўнікоў. Прыхільнікі захавання ранейшых парадкаў паспрабавалі адкласці яго разгляд, на што апаненты проста пакінулі пасяджэнне.

Непасрэднай прычынай беспарадкаў стаў тур палітыка-паўднёўца Сэмуэля Акінтола, накіраваны на агітацыю за самакіраванне.

У выходныя 15—17 мая падчас турнэ Акінтола прыбыў у паўночны горад Кано. Мясцовыя жыхары варожа паставіліся да прыезду палітыка-паўднёўца. У першы дзень візіту праведзена арганізаваная дэманстрацыя прыхільнікаў Кангрэса паўночных народаў.

16 мая адбыліся невялікія сутычкі. Падзеі пачаліся каля гатэля «Каланіял», дзе Акінтола планаваў арганізаваць сустрэчу з прыхільнікамі. Гарадскія ўлады спачатку ўхвалілі правядзенне мерапрыемства, але раптам адмянілі сваё рашэнне. У гэты час каля будынка сабраўся натоўп і пачаў закідваць камянямі людзей. Падчас інцыдэнту загінулі два чалавекі, як мяркуецца, паўднёўцы. Пазней бунтаўшчыкі паспрабавалі пранікнуць у раён Сабон-Гары, населены паўднёвым народам ігба. Правапарушальнікі былі разагнаныя паліцыяй. 17 мая натоўпы хуліганаў з паўночнай часткі Кано, у прыватнасці Фагэ, усё ж прарваліся ў Сабон-Гары. У ходзе нападу неўстаноўленая колькасць ігба загінулі[2]. Крамы на мясцовым рынку былі разрабаваны. Намаганнямі паліцыі і ваенных бунтаўшчыкі былі разагнаныя. Тым часам сутычкі распаўсюдзіліся і на раёны карэнных народаў Кано, такія як Фагэ, дзе сутыкнуліся невялікія неарганізаваныя групы прадстаўнікоў розных этнасаў[3].

Каб знізіць напружанасць, улады вызвалілі ўсіх арыштаваных (як паўднёўцаў, так і паўночнікаў).

У ходзе беспарадкаў загінула каля 46 чалавек, у асноўным паўночнікі і ёруба, а таксама невялікая колькасць ігба. Больш за 200 чалавек атрымалі раненні.

Беспарадкі ўзмацнілі пагаршэнне адносін паміж Поўначчу і Поўднем, а Група дзеяння і НСНК заключылі часовы саюз супраць Кангрэса паўночных народаў.

Олівер Літэлтан, дзяржаўны сакратар па справах калоній, заявіў аб немагчымасці арганізацыі супрацоўніцтва паміж паўднёўцамі і паўночнікамі. У сувязі з гэтым для распрацоўкі нігерыйскай канстытуцыі 1954 года брытанцам давялося працаваць з кожным рэгіёнам паасобку.

Канфлікт паўднёўцаў і паўночнікаў шмат у чым абумовіў зацвярджэнне федэратыўнай формы дзяржаўнага ладу ў Нігерыі.

  1. Comprehensive GOVERNMENT for Senior Secondary Schools by Johnson Ugoji Anyaele page 183,Pp.8
  2. Olawale Albert. Urban Violence in Africa: Violence in metropolitan Kano: A Historical Perspective. — Institute of African Studies.
  3. Daily Times. (1953). "Zik and Akintola Abandon Northern Tour. Daily Times of Nigeria, 18 May 1953, p. 1