Бобі Ціманс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Бобі Ціманс
Бобі Ціманс.jpg
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя

Роберт Генры Ціманс

Дата нараджэння

19 снежня 1935(1935-12-19)[1][2]

Месца нараджэння

Філадэльфія, Пенсільванія, ЗША

Дата смерці

1 сакавіка 1974(1974-03-01)[1][2] (38 гадоў)

Месца смерці

Нью-Ёрк, ЗША

Краіна

Сцяг ЗША ЗША

Музычная дзейнасць
Прафесіі

кампазітар, піяніст, джазмен

Гады актыўнасці

1950я–1970я

Інструменты

фартэпіяна

Жанры

джаз, хард-боп, соўл-джаз

Супрацоўніцтва

Арт Блэйкі, Кэнанбол Эдэрлі, Чэт Бэйкер, Кені Бюрэл

Лэйблы

Riverside, Prestige, Blue Note, Milestone

bobbytimmons.net

Бобі Ціманс (англ.: Bobby Timmons), сапр. Роберт Генры Ціманс (англ.: Robert Henry Timmons; 19 снежня 1935 — 1 сакавіка 1974) — амерыканскі джазавы піяніст і кампазітар, выканаўца ў стылі соўл-джаз, стваральнік музычнай кампазіцыі Moanin, больш вядомы як удзельнік джаз-бэнда Jazz Messengers.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 19 снежня 1935 года ў Філадэльфіі, штат Пенсільванія, у музыкальнай сям'і. Яго бацькі, дзядзькі і цёткі ігралі на фартэпіяна.[3] Яго дзед быў святаром у царкве, дзе маленькі Бобі Ціманс іграў на аргане. [4] Паралельна займаўся класічнай музыкай у свайго дзядзькі Роберта Хэйбершоу, які меў ступень магістра па музыцы і прафесійна даваў урокі вакалу, фартэпіяна і аргана.[3]

Адносна позна (ва ўзросце 16 гадоў) стаў вывучаць джаз. Ён вырас у тых жа мясцінах, што і вядомыя джазавыя музыканты браты Хіт. Адзін з іх — саксафаніст Джымі Хіт — стаў вучыць Бобі Ціманса гармоніі ў джазе. Іншы з братоў Хіт — барабаншчык Туці Хіт — пачаў іграць разам з Бобі Цімансам у складзе трыа ў студэнцкіх клубах вакол Універсітэта Пенсільваніі. Акрамя таго, Бобі Ціманс уваходзіў у біг-бэнд, дзе ў свой час таксама іграў пазней вядомы музыкант Лі Морган. Туці Хіт успамінаў, што яны спрабавалі імітаваць ігру вядомых джазменаў, якую чулі на запісах. Бобі Ціманс хацеў быць падобным асабліва на піяніста Ахмада Джамала. Калі Ахмад Джамал прыязджаў у Філадэльфію выступаць са сваім трыа, Туці Хіт і Бобі Ціманс былі занадта маладымі, каб трапіць у клуб, таму яны ўвесь вечар прастаялі звонку, схватваючы гукі, што даносіліся, калі дзверы былі адчыненыя.[5] Паводле Туці Хіта, Бобі Ціманс тады меў добрае пачуццё гумару і густу наконт адзення[5]. Пасля сканчэння школы Бобі Ціманс працягнуў навучанне ў Філадэльфійскай Музычнай Акадэміі.

У 1954 годзе Ціманс пераехаў у Нью-Ёрк, дзе амаль адразу пакінуў добрае ўражанне і стаў запатрабаваным джазавым піяністам. У 1956 годзе ён стаў іграць разам з трубачом Кені Дорэмам, увайшоўшы ў склад бэнда Jazz Prophets, дзе таксама іграў гітарыст Кені Бюрэл. Пасля, з 1956 па 1957 год, ён іграў з трубачом Чэтам Бэйкерам. У 1957 годзе таксама запісваўся з Хэнкам Моблі, Соні Сцітам, Лі Морганам і Кёрцісам Фулерам. У 1958 годзе рабіў сумесныя запісы з Артам Пеперам і Кені Бюрэлам. У тым жа годзе, ва ўзросце 23 гадоў, ён заняў месца піяніста ў вядомым джазавым бэндзе Jazz Messengers. У той перыяд ён склаў вядомую кампазіцыю "Moanin'", якая стала візітнай карткай бэнда і самога Бобі Ціманса на пряцягу ўсёй яго кар'еры. Два іншыя хіты — "Dis Here" і "Dat Dere" — ён склаў ў 1959 годзе, калі ён быў членам квінтэта Кэнанбола Эдэрлі. У 1960 годзе зноў далучыўся да гурта Jazz Messengers, дзе застаўся да 1961 года. Да гэтага часу ў Бобі Ціманса развілася цяга да алкагольных напояў, якую ён потым не зможа пераадолець.

У 1961 годзе распачаў плённую і насычаную сольную кар'еру, зрабіўшы шмат запісаў у фармаце трыа. Яго альбомы выдаваліся пераважна лэйбламі Riverside і Prestige. Да канца 1960-х гадоў колькасць запісаў рэзка скарацілася. У 1969 годзе ён з'явіўся на альбоме Дэкстэра Гордана. У пачатку 1970-х гадоў працаваў у маленькіх барах і клубах.[4]

У 1974 годзе быў запрошаны ў біг-бэнд Кларка Тэры, з якім паляцеў на гастролі ў Еўропу. Па ўспамінах Джымі Хіта, Бобі Ціманс быў ужо п'яны ў самалёце, і ў яго здарылася абвастрэнне флебіта. Прыляцеўшы ў Мальмё, ён пайшоў у бар, дзе яму стала зусім кепска і яго адправілі назад у Нью-Ёрк.[6] 1 сакавіка 1974 года Бобі Ціманс памёр ад цырозу печані ва ўзросце 38 гадоў, пакінуўшы пасля сябе жонку Эстэль і сына Бобі.[7]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Бобі Ціманс прыўнёс з царквы ў джаз прынцыпы музыкі госпел.[4] Кантрабасіст Рон Картэр адзначаў, што галоўным піяністам, паўплываўшым на Бобі Ціманса, быў Бад Паўэл, а таксама, у меншай ступені, Ахмад Джамал і Рэд Гарланд.[5] Акрамя таго, Бобі Ціманс быў паслядоўнікам фанкавай канцэпцыі ігры на фартэпіяна, якую распрацаваў Хорас Сільвер. Сам Ціманс адзначаў, што ў яго было прыроднае пачуццё соўла, што не кожны можа спазнаць.[8]

У шырокіх колах Бобі Ціманс вядомы больш як кампазітар. Але сам Ціманс катэгарычна адмаўляў такое стаўленне, адзначаючы, што ён як кампазітар — дылетант, і што ён ніколі адмыслова не садзіўся ствараць песні, прыкладаючы вялікія намаганні, а складаў кампазіцыі, гуляючы з нотамі з дапамогай насвіствання. Ціманс успамінаў, што напісаў Moanin' за 2 гады да таго, як прапанаваў яе кіраўніку бэнда Jazz Messengers Арту Блэйкі, які скардзіўся (англ.: moaning) на тое, што бэнду не ставала свежых кампазіцый.[3] Але па версіі іншага чальца Jazz Messengers Бені Голсана, Бобі Ціманс напісаў невялічкі кавалак мелодыі, і канчатковую форму кампазіцыя атрымала пасля прапановы Голсана дапрацаваць мелодыю і дадаць туды брыдж. А назва Moanin' была дадзена за тое, што мелодыя гучала як енк.[5]

Уплыў Бобі Ціманса і ягоны почырк можна пачуць у музыцы джазавых піяністаў наступнага пакалення 1970х гадоў, у першую чаргу Леса МакШэна і Рэмсі Льюіса.[4]

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Як лідар[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011.
  2. 2,0 2,1 (unspecified title)
  3. 3,0 3,1 3,2 Pagones, John (February 16, 1964) "Timmons Shuns Composer Role". The Washington Post. p. G4.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 "Bobby Timmons". All About Jazz.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 Panken, Ted "For the 78th Birthday Anniversary of Bobby Timmons (1935–1974), a Liner Note and Five Interviews Conducted for It". (December 19, 2013) tedpanken.wordpress.com
  6. Heath, Jimmy (2010). I Walked With Giants: The Autobiography of Jimmy Heath. ISBN 978-1439901984. 
  7. "Bobby Timmons, 38, Jazz Pianist, Dead". (March 2, 1974) New York Times. p. 34.
  8. Goldsher, Alan (2002). Hard Bop Academy. ISBN 978-0634037931. 
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.