Сцябло даўжынёй 2—5 см, простае або галінастае. Лісце чаргаванае, жорсткае, яйкападобна-ланцэтнае, з адхіленымі краямі. Жылка выходзіць з верхавінкі ліста кароткім зубчастым вастрыём. Клеткі ліста падоўжана-рамбаідальныя, са слабапатоўшчанымі сценкамі. Каробачка на чырвонай ножцы, адвіслая, маленькая, ад яйкападобнай да адваротна-яйкападобнай, спелая — чырвоная. Перыстом двайны. Вечка пукатае, з вострай верхавінкай.
Пашырэнне: Еўропа, Усходняя Азія, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Цэнтральная Афрыка. Ва Усходняй Еўропе трапляецца рэдка ў паўночна-заходніх яе раёнах, У Беларусі дакладна вядома адно месца росту — Сапоцкінскі біялагічны заказнік, у XIX стагоддзі адзначаўся для Белавежскай пушчы. Месцы росту: бетонныя апоры шлюзаў, тарфяныя берагі рэк. Трапляецца невялікімі рыхлымі дзярнінкамі, часцей сярод іншых відаў імхоў.