Бязоднае балота

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Балота, рачулка Камсіна і царкоўная зямля (ЦЗ) каля Прудка, 1784 г.
Балота, рачулка Камсіна і царкоўная зямля (ЦЗ) каля Прудка, 1784 г.

Бязоднае балота — балота, якое да сярэдзіны ХХ ст. існавала на паўночны ўсход ад былой вёскі Прудок у Гомелі.

Пачало асушацца для пашырэння тэрыторыі пад жылую забудову, а таксама з мэтай ліквідаваць небяспеку, якая сыходзіла ад балота (там нярэдка танулі людзі і свойская жывёла). Было засыпана разам з невялікім азярцом. На вызваленым ад балота абшары паступова сфармавалася цяперашняя вуліца Юнацкая і іншыя вуліцы Прудка[1]. Рэшткі дрэнажнай сістэмы дагэтуль прысутнічаюць на ўчастку вуліцы Ніжняй, паралельным 2-му завулку Крупскай[2].

Былое балота доўга давалася прудкоўцам у знакі, асабліва вёснамі і падчас моцных дажджоў. Здаралася, што не толькі на вуліцах, але і ў дамах стаяла вада. Па звестках старажылаў, найбольш адчувальнай была паводка 1966 г.[3]

Фарманта «Бязоднае» ў тапоніме ўказвае на ўяўленні жыхароў аб надзвычайнай глыбіні балота. Між тым, супаставіць азначаны тапонім з гістарычна вядомымі праблематычна. Балота ў раёне Прудка без указання назвы зафіксавана «Генеральным планам Беліцкага павета» 1784 г. У яго раёне тады працякала невялікая рачулка Камсіна, утвараючы азярцо[4]. Апошняе, па ўсім відаць, мела сугучную назву. Прынамсі, у «Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г. згадваецца аб’ект Камсін (без тлумачэння яго спецыфікацыі), які разам з зямлёй Токарава поле трымаў святар валатаўской Мікольскай царквы[5].

Назва «Камсін» («Камсіна») можа разглядацца як рэлікт старажытнай балцкай гідраніміі, бо знаходзіць апелятывы ў літоўскай і латышскай мовах: «kamšà» (літ.), «kamsa» (лат.)  — 1) суччам і галлём высланая дарога, гаць; 2) багністае месца; 3) запруда ў рацэ; «kamšỹnė» (літ.) — 1) гразкае балоцістае месца; 2) гаць[6].

Зноскі

  1. Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 187.
  2. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 15.
  3. Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 188.
  4. Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г.
  5. Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 376.
  6. Невская Л. Г. Словарь балтийских географических апеллятивов / Л. Г. Невская // Балто-славянский сборник [Текст] / [Отв. ред. В. Н. Топоров] ; АН СССР. Ин-т славяноведения и балканистики. — Москва : Наука, 1972. — С. 334.