Токарава поле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Царкоўная зямля (ЦЗ) каля Прудка, у межах якой меркавана знаходзілася Токарава поле (1784 г.).

Токарава поле — мясцовасць у наваколлі старосцінскага Гомеля. Вядома з «Рэестра рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г.[1]

З’яўлялася зямельным наданнем святару валатаўской Мікольскай царквы. Згадваецца ў адной звязцы з аб’ектам Камсін (без тлумачэння спецыфікацыі). Гэтая акалічнасць разам з пазнакай меж царкоўнай зямлі ў раёне балота з рачулкай Камсіна на «Генеральным плане Беліцкага павета» 1784 г.[2] даюць падставу суаднесці азначаную мясцовасць з усходняй часткай сучаснага Прудка.

У 1560 г. гэтае наданне лічылася даўнім. Паступленні з Токарава поля вызначаліся як «пашни бочокъ десеть, сеножати возъ десеть», што «по старому при той церкви зоставлено»[1].

Зноскі

  1. а б Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 376.
  2. Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г.