Прудок (Гомель)
Прудок | |
---|---|
Прудок | |
52°28′36″ пн. ш. 31°00′48″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Горад | Гомель |
Адміністрацыйны раён горада | Чыгуначны |
Першае згадванне | першая трэць XVIII ст. |
Ранейшы статус | вёска |
Год уключэння ў межы горада | 1957 |
Этнахаронім | прудкоўцы |
Паштовыя індэксы | 246015 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Прудок (трансліт.: Prudok, руск.: Прудок) — жылы масіў у паўночна-ўсходняй частцы Гомеля, адміністрацыйна прыналежыць да Чыгуначнага раёна[1][2]. У межах Гомеля з 1957 года, да гэтага — вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Час узнікнення
[правіць | правіць зыходнік]Час узнікнення Прудка як вёскі традыцыйна звязваецца з першай чвэрцю XVIII ст.[1][3]. Аднак канкрэтная гістарычная крыніца з указаннем на час пабудовы ці першай пісьмовай згадкі Прудка ў краязнаўчай літаратуры не называецца. Верагодна, што падставай для такога датавання маглі стаць непадмацаваныя крыніцамі звесткі Л. Вінаградава аб пажары 1738 г., якім была знішчана прудкоўская царква[4]. З раёнам будучага Прудка, як дапускаў А. Макушнікаў, магло быць звязана ўрочышча Воласкава, дзе станам на 1681 г. знаходзілася адно з ворных палёў гомельскага замка[5].
Версіі паходжання назвы
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з пашыраным меркаваннем назва «Прудок» магла ўзнікнуць ад рускага слова «пруд», г.зн. сажалка, стаў. Прыхільнікі гэтай версіі лічаць, што тапонім «Прудок» не мог быць уласцівы паселішчам з перавагай карэннага беларускае насельніцтва. Таму заснаванне вёскі Прудок пад Гомелем яны звязваюць з рускімі перасяленцамі-стараверамі, якія, шукаючы магчымасці вольна адпраўляць набажэнствы, уцякалі з Расіі ў Вялікае Княства Літоўскае[1]. Аднак гістарычных ці фальклорных сведчанняў нейкай прыкметнай прысутнасці тут старавераў на сёння няма. Л. Вінаградаў згадваў прудкоўскую царкву ў кантэксце ўціску праваслаўя каталікамі, г.зн. царкава была праваслаўнай[4].
Іншая версія грунтуецца на разглядзе слова «пруд» як арганічнага для беларускіх гаворак, яе прыхільнікі паказваюць наяўнасць тапонімаў з адпаведнай асновай у розных кутках Беларусі: Прудок, Пруды, Прудкі, Прудзец, Прудзішча, Прудцы, Прудаўё[3]. У беларускіх гаворках слова «пруд» мела значэнні «плаціна на рэчцы і млын пры ёй; штучнае возера, ставок», «вятрак», «курган, высокае месца, якое агібаецца ракой»[6]. У помніках старабеларускай мовы панецце «прудъ» фіксуецца са значэннямі «стаў, сажалка» і «хуткая плынь», апошняе можа суадносіцца са словам «прудко» у значэнні — «хутка, жвава, шпарка»[7]. Знаходжанне часткі сучаснага Прудка на ўзвышшах (напр., вул. Нагорная[2]), гістарычныя сведчанні аб працяканні праз вёску Прудок рэчкі[8], гіпатэтычная наяўнасць там млына[3] ў XVIII ст. даюць падставы лічыць версію, што выводзіць назву «Прудок» з беларускіх гаворак найбольш праўдападобнай.
Версія аб узнікненні назвы паселішча ў сувязі з блізкім суседствам Валатаўскога возера (цяпер — паміж Валатавой, Клёнкаўскім, Старой Валатавой, Мельнікавым Лугам і Прудком) не вытрымлівае крытыкі, бо гэты вадаём з’явіўся толькі ў 1970-я гг. як вынік чалавечай дзейнасці, выкліканай патрэбамі здабачы пяску для стварэння гідранамыўнай падушкі пад будаўніцтва мікрараёнаў і асушэння Бурага балота[9]. Не менш беспадстаўным выглядае і меркаванне, што з’яўленне назвы «Прудок» магло быць абумоўлена ўладкаваннем тут «маляўнічага саду з сажалкамі» («живописного сада с прудами») ў часы І. Ф. Паскевіча, г.зн. сярэдзіне ХІХ ст.[1] — назва існавала яшчэ ў XVIII ст.
Рэч Паспалітая і Расійская імперыя
[правіць | правіць зыходнік]Адсутнасць згадак Прудка ў спісах вёсак Гомельскага староства 1738, 1765 і 1771 гадоў указвае на яго знаходжанне па-за межамі азначанага дзяржаўнага ўладання. Ускосныя звесткі «отграничений» (вызначэння меж) «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак» 1776 г. даюць падставу меркаваць, што землямі, на якіх знаходзіўся Прудок, былі тады сярод «грунтов шляхтича Красинского»[10]. Згодна з «Ведамасцю аб дваранах Магілёўскай губерні» 1777 г. Прудок належаў Багуславу Корвін-Красінскаму, а яго насельніцтва («число головъ») складала 149 чалавек — 140 хрысціянскага і 9 іўдзейскага веравызнання[11]. Па ўсім відаць, ад імя ўладальніка прудкоўскі фальварак атрымаў назвы «Багуслаўскі», «Багуслаўск», якія захоўваліся ў ХІХ ст.[12][13]
На «Генеральным плане Беліцкага павета» 1784 г. Прудок пазначаны як сяло (у арыгінале — «С: Прудокъ») на рэчцы Струпіца[14] (у «Адказной кнізе» 1776 г. названая таксама «протовиною»[10]). Знаходжанне населенага пункта ў статусе сяла азначала наяўнасць там царквы. «Планы дач генеральнага межавання» таго часу дазваляюць удакладніць, што Прудок (у арыгінале — «Прудки») прынамсі з лістапада 1783 г. з’яўляўся «сяльцом» графа П. А. Румянцава-Задунайскага[15].
У пачатку 1812 г. Прудок значыўся ў раскладзе кватэр 7-й пяхотнай дывізіі сярод «селений» для кватаравання 5-й мушкецёрскай роты. У ім было на той час 25 двароў[16].
Станам на 1833 і 1834 гады Прудок разам з іншымі сельскімі паселішчамі — Пакалюбічы, Лапацін, Валатава, Плёсы і Зялёныя Лукі — належаў да Багуслаўскага фальварка Багуслаўскай эканоміі Гомельскага маёнтка С. П. Румянцава[12][13]. На 1 студзеня 1833 г. за Прудком значылася 166 рэвізскіх душ, а паселішча мела статус вёскі («Дер. Прудок»)[12]. Рэчка Струпіца ў 1848 г. характарызавалася як невялікая ручаіна, што прабягала праз Прудок, утварыўшыся з рукава Кабылінага балота, улетку гэтая ручаіна перасыхала[8]. Мясцовасці між Прудком і Пакалюбічамі, Прудком і Гомелем вызначаліся расійскімі ваеннымі ведамаствамі як прыдатныя для размяшчэння па адной пяхотнай дывізіі з артылерыяй адпаведна[17].
У сярэдзіне XIX ст. у вёсцы знаходзіўся сядзіба аканома князя І. Ф. Паскевіча. Разбіты тут сад з сажалкамі лічыўся ўзорным у Расіі і нават у Еўропе[1]. Сучаснікі называлі Прудок «райскім кутком» абсяжнага гомельскага маёнтка. Ваенны дзеяч Іван Цімчанка-Рубан, які ў 1835 г. пабываў у Беліцы, Гомелі і, па ўсім відаць, у Прудку, згадваў у сваіх мемуарах[18]:
Не ведаю, наколькі гэта дакладна, але былы аканом графа, нейкі Ступак, расказваў нам, што Паскевіч так быў усцешаны таннасцю пакупкі, што падарыў свайму ад'ютанту Мельнікаву, упаўнаважанаму ім здзейсніць прыгонны акт, дзвесце тысяч рублёў асігнацыямі. Разам з маёнткам перайшлі ў рукі Паскевіча не толькі велізарныя запасы збожжа, але і ўсе каштоўнасці, якія толькі захоўваліся ў «Прудку». Гэта, большай часткай, былі падарункі замежных двароў.Арыгінальны тэкст (руск.)Не знаю, насколько это верно, но бывший управляющий графа, некий Ступок, рассказывал нам, что Паскевич до того был обрадован дешевизною покупки, что подарил своему адъютанту Мельникову, уполномоченному им совершить крепостной акт, двести тысяч рублей ассигнациями. Вместе с имением перешли в руки Паскевича не только огромные запасы хлеба, но и все драгоценности, которые только хранились в «Прудке». Это, по большей части, были подарки иностранных дворов.
Арганізацыя працы ў прудкоўскім фальварку высока ацэньвалася ў аглядзе маёнткаў Магілёўскай губерні на старонках «Могилевских губернских ведомостей» (1849 г.). Падкрэслівалася адпаведнасць грунту і клімату для вырошчвання цукровых буракоў. Аглядальнік адзначыў наяўнасць у фальварку старанна дагледжанай «цірольскай жывёлы», розных «незвычайных ў тутэйшым краі» земляробчых прылад, «францістага варшаўскага вырабу» сельскіх павозак (фур) на чатырох коней, а таксама перадаў словы аўчара немца — «вельмі дасведчанага і адданага сваёй справе чалавека», які служыў у фальварку — пра натуральныя (прыродныя) выгоды мясцовасці для заняткаў тут авечкагадоўляй «без усялякага травасеяння, нават без стварэння штучных выганаў»[19].
Перавод сялян Прудка («Прутка») (поруч з жыхарамі шэрагу іншых вёсак) на аброк абумоўліваўся асобным пунктам распараджэння Ф. І. Паскевіча ад 9 кастрычніка 1856 г.: сяляне павінны былі абавязацца сеяць прынамсі на трэцяй частцы сваіх агародаў цукровыя буракі «з тым, што за кожную чвэрць цукровых буракоў вагой у 11 пуд. будзе выдавацца з Гомельскага цукровага завода па 90 кап. срэбрам». Сялянам, што паабяцалі б гэтую ўмову выканаць, а ў выніку парушылі б абяцанне, пагражаў перавод на паншчыну з 1 ліпеня 1857 г. без права вяртання на аброк цягам паўгоддзя[20].
Падчас жніва 1861 г. у Прудку выкарыстоўвалася не толькі ручная, але і машынная праца — працавалі жняяркі «Wood»[21].
У 1866 г. жыхар Прудка Іван Захараў Перакладаў быў адным з падпісантаў адрасаванай расійскаму імператару Аляксандру II скрагі сялян Пакалюбіцкай воласці на ўціск і «тыранства» з боку «бывшего помещика» Ф. І. Паскевіча. Падача скрагі разглядалася мясцовымі ўладамі як сялянскае хваляванне з падбухторваннем да бунту, але ў выніку судовага разбіральніцтва 1870 г. большасць падпісантаў (у т.л. І. Перакладава), прызналі невінаватай[22].
Цягам першай паловы 1880-х гадоў насельніцтва Прудка вырасла з 540 да 551 чалавека (са 116-ці да 117-ці двароў адпаведна). 50 прудкоўцаў-мужчын займаліся возніцкім промыслам з гадавым даходам да 30 рублёў на чалавека. 6 мужчын былі занятыя сталярным промыслам, а іх чысты гадавы даход вагаўся ад 50-ці да 120-ці рублёў з чалавека. 5 мужчын займаліся кавальскай справай (чысты даход кожнага за год дасягаў 50 рублёў). Па адным прудкоўцу былі звязаныя абутковым промыслам (чысты даход 150 рублёў за год) і нарыхтоўкай лясных матэрыялаў для драўляных вырабаў (чысты даход 50 рублёў за год)[23].
Згодна са звесткамі перапісу 1897 г. насельніцтва Прудка складала 984 чалавек (мужчын — 492, жанчын — 492), пераважная большасць з якіх належала да праваслаўнага веравызнання — 956[24].
У час гомельскіх сутыкненняў на рэлігійна-нацыянальнай глебе канца жніўня — пачатку верасня 1903 г. у Прудку адбыліся «разгром крам яўрэяў» і «беспарадкі» [25]. Прынамсі двое прудкоўцаў абвінавачваліся ў гвалтоўных дзеяннях, кіраваных «рэлігійнай і племянной варажнечай да яўрэйскага насельніцтва» і ўчыненых у Гомелі «на вуліцах і плошчах у публічным зграмаджэнні»; з іх вінаватым быў прызнаны селянін Павел Фёдараў Садоўнікаў 26-ці гадоў (прысуджаны да пяці месяцаў і дзесяці дзён турмы), а радавы 2-й сапёрнай брыгады «з сялян Прудка» Еўдакім Іванаў Кавуноў 19-ці гадоў — апраўданы[26].
У 1907 г. некаторыя жыхары Прудка далучыліся да «анарха-рэвалюцыйнай» групы Аляксандра Савіцкага, якая дзейнічала на тэрыторыі Магілёўскай, Чарнігаўскай і Арлоўскай губерняў. Адзін з яе ўдзельнікаў, прудковец Кабкоў, арыштаваны 27 красавіка 1909 г., пад катаваннямі (дапытваў асабіста гомельскі паліцэйскі спраўнік С. Мізгайла) выдаў паліцыі інфармацыю аб месцазнаходжанні А. Савіцкага, які разам з двума паплечнікамі быў застрэлены ў выніку жорсткага сутыкнення з паліцыянтамі ў вёсцы Краснае пад Гомелем[27].
У 1910 г. Прудок апісваўся як вёска пры калодзежы («при какой находится водѣ») на дарозе з Гомеля на Ветку. Тут налічвалася 209 двароў, жыло 1143 чалавекі (мужчын — 570, жанчын — 573), меўся млын, працавала школа[28], уласнікам зямлі было Прудкоўскае сельскае таварыства, вернікі адносіліся да Валатаўскога прыхода[29]. Цікава, што ў кастрычніку 1910 г. Прудок уключылі ў маршрут, па якім урачыста пераносіўся цудадзейны абраз Божай Маці, і гэта быў адзіны пункт маршрута, дзе не было царквы[30]. Сваю дзейнасць на Прудок пашырала гомельскае Хрысціянскае пазыкова-ашчаднае таварыства[31]. У жніўні 1910 г. тут «праз неасцярожнасць у абыходжанні з агнём» здарыўся пажар, які знішчыў 3 двары, страты склалі 1350 рублёў[32]. У верасні 1911 г. пажар знішчыў 16 дамоў з надворнымі пабудовамі, а сярод пацярпелых значылася і некалькі гаспадароў, якія толькі паспелі на той час адбудавацца пасля ранейшага пажару[33].
Гаспадарчыя поспехі прудкоўскага фальварка дазвалялі дзяліцца адпаведным досведам з зацікаўленымі асобамі. Улетку 1911 г. у рамках гомельскай экскурсіі Прудок наведалі слухачы сельскагаспадарчых курсаў, зладжаных Чарнігаўскім земствам. У Прудку экскурсанты азнаёміліся з «узорна пастаўленай там малочнай гаспадаркай»[34].
Гомельскі аддзел Заходняй выканаўчай камісіі Цэнтральнага грамадзянскага камітэта ў Варшаве планаваў на красавік 1916 г. адкрыццё ў Прудку прытулку на 50 дзяцей з ліку бежанцаў[35]. Сярод інвентара, які пасля адкрыцця атрымала ўстанова ў асобе нейкага Францішка Душака значыліся 2 сталы, 5 лавак, 1 дошка. На імя самога Душака была выпісана 1 труна[36].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У жніўні 1917 г. у Прудку прайшоў «хлебны бунт» салдатак — жонкі і ўдовы, мабілізаваных у войска, падняліся, не атрымаўшы належных ім харчовых пайкоў[37].
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
28 сакавіка 1919 года, падчас Стракапытаўскага паўстання, праз Прудок быў скіраваны ўзвод з шаснаццаці чырвонаармейцаў магілёўскіх камандных курсаў («комкурсы») для ўзяцця Палескага чыгуначнага вакзала, які кантралявалі паўстанцы[38].
У рамках працы Гомельскай кінафотасекцыі ў саўгасе «Прудок» у 1921 г. быў абсталяваны кінематограф[39].
У снежні 1926 года вёску вярнулі БССР. З 8 снежня 1926 па 16 ліпеня 1954 года цэнтр Прудкоўскага сельсавета, да 7 кастрычніка 1957 года — у Пакалюбіцкім сельсавеце Гомельскага раёна.
Станам на 1926 г. у вёсцы Прудок знаходзілася 304 домагаспадаркі, дзе пражывала 1513 чалавек (мужчын — 715, жанчын — 798), а нацыянальная прыналежнасць («народнасць») гаспадароў размяркоўвалася наступным чынам: беларусы — 226, велікарусы — 76, іншыя — 2[40]. У вёсцы меліся паштовы пункт і школа I-й ступені[40].
З 1927-1928 гадоў вяліся работы па брукаванні тракта Гомель—Хальч, які праходзіў праз Прудок. На 1928 г. ставілася задача забрукаваць тракт «на працягу аднаго кілёмэтру». Работы ўвязваліся з будаўніцтвам Хальчанскага моста праз Сож[41]. Сярод падрадчыкаў быў і прудковец, вядомы («звали его по-уличному») як Амелька Сабакар. Паводле ўспамінаў паэта Дзмітрыя Кавалёва, які спрабаваў у яго зарабіць, праца аплочвалася несправядліва: «многія вазілі грабаркамі цэлае лета пясок, замервалі кучы, ставячы вугольнік. А атрымліваць не было чаго»[42].
Прыкладам падкантрольнай камуністычнай партыі грамадскай актыўнасці жыхароў Прудка (і суседніх вёсак) служаць выбары ў мясцовыя саветы ў лістападзе 1934 года: вёску ўпрыгожылі партрэтамі савецкіх правадыроў, адпаведнымі плакатамі і лозунгамі, святочна апранутая паўтысячная калона выбаршчыкаў пад гукі аркестра прайшла да будынку мясцовага клуба, дзе адбыўся выбарчы сход, на якім у сельсавет былі абраныя «22 лепшыя калгаснікі, калгасніцы, рабочыя-ўдарнікі соўгасаў», а ганаровымі членамі савета — Л. М. Кагановіч і М. Ф. Гікала[43].
Як моцна закранулі Прудок сталінскія рэпрэсіі — невядома. У спісах іх ахвяр, апублікаваных у кнізе «Памяць», згадваюцца рэпрэсаваныя ў 1937 і 1938 гадах прудкоўцы: Андрэй Аверкін (вартаўнік на будоўлі), Станіслаў Вержыкоўскі (ураджэнец Польшчы), Сяргей Гардзееў, Антон Горскі (працаваў на конезаводзе), Фёдар Зіневіч (рабочы), Фёдар Кавуноў, Іван Марціновіч (працаваў на свінагадоўчым комплексе), Антон Шыманскі (працаваў на цагельні)[44].
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Гомеля заняць рубеж паўночнай ускраіны Прудка 16 жніўня 1941 г. было даручана аднаму з падраздзяленняў Гомельскага гарнізона — батальёну пад камандаваннем капітана Іванова. Батальён складаўся з трох рот і налічваў 450 чалавек, з якіх 70 былі байцамі МСПА. Асноўным узбраеннем батальёна з'яўляліся вінтоўкі. Мелася адна гармата 45-мм СПА з 400 снарадамі[45].
Пасля аднаўлення 25 кастрычніка 1941 г. Георгіеўскай царквы ў Гомелі Прудок быў прыпісаны да яе[46].
У лістападзе 1941 г. атрад гітлераўскіх карнікаў ачапіў Прудок з мэтай правядзення акцыі застрашэння жыхароў. Усіх вяскоўцаў сагналі ў школу, дзе адасобілі мужчын ад жанчын. Выбраўшы дванаццаць чалавек, на якіх меўся данос аднавяскоўца з абвінавачаннямі ў партызанстве, карнікі пратрымалі іх да вечара ў школе, пасля чаго пад узмоцненым канвоем вадзілі па дамах развітацца з сем'ямі, а потым завялі за вёску, паклалі ў яміну тварамі і расстралялі. У жывых выпадкова застаўся В. В. Краўцоў (у агульным спісе ахвяр фігуруе як жыхар пасёлка Чырвоны Кастрычнік[47]). Цяжка паранены, ён уначы дабраўся да свайго дома, дзе хаваўся чатыры дні. Даведаўшыся пра гэта, гітлераўцы схапілі і расстралялі Краўцова на вачах сям’і[48][49]. Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, усяго за час нямецкай нацысцкай акупацыі захопнікамі было расстраляна 14 прудкоўцаў[47]. Напрыклад, за адмову ад працы ў лістападзе 1943 г. акупанты забілі жыхара Прудка Мікалая Дзмітрыевіча Сычова[47][50].
За час нямецкай нацысцкай акупацыі спусташэнне і спаленне зазналі «усе калагасныя пабудовы, інвентар і маёмасць». Практыкаваліся рэквізіцыі ў насельніцтва «жывёлы, малака, птушкі, вопраткі і іншага дабра»[51]. Напрыклад, у паджылага прудкоўца Прафірыя Сцяпанавіча Дзергачова ў кастрычніку 1943 г. немцы забралі «карову, хатняе майно, пасцельную прыналежнасць і кухоннае начынне»[50]. Уводзіліся рознага кшталту абмежаванні: забаранялася збірацца на некалькі чалавек, дзейнічала каменданцкая гадзіна (з 19:00 да 5:00), наведванне суседніх населеных пунктаў дазвалялася толькі з наяўнасцю спецыяльных прапускоў[50]. Жыхары сістэматычна гвалтам выганяліся на працы[50]. Падчас адступлення нямецкіх войскаў у лістападзе 1943 г. акупанты сагналі ўсіх мясцовых мужчын у стайню, адкуль, пратрымаўшы ноч, «ранкам павялі на перадавую капаць акопы». Пасля трох сутак працаў немцы пагналі мужчын у тыл, адкуль потым вярнулася 200 чалавек[52]. На прымусовыя працы ў Германію ў 1942 і 1943 гг. захопнікі сагналі 9 прудкоўцаў (1 мужчына і 8 жанчын)[53].
Пасля вайны Прудок уваходзіў у сельскагаспадарчую арцель (калгас) «Шлях да сацыялiзму»[54]. Згодна з генеральным планам Гомеля 1946 г. каля Прудка (за конезаводам) меркавалася стварэнне новага прамысловага раёна, а абшары на поўнач лічыліся рэзервам для жыллёвага будаўніцтва[55].
У 1957 годзе ўвайшла ў склад Гомеля[56]. Невялікая частка вёскі, якая не ўвайшла ў склад горада, стала аднайменным пасёлкам. Назва былой вёскі была адлюстравана ў найменні вуліцы Прудкоўская шаша (цяпер вуліца Шылава)[1].
Станам на 1989 года распрацоўваўся план рэканструкцыі гэтай тэрыторыі і стварэння на ёй зоны адпачынку[1]. Генеральны план 2003 г. прадугледжваў ажыццяўленне комплексу захадаў па захаванні і рэгенерацыі «гістарычнага ландшафта прадмесця „Прудок“», у т. л. фарміраванне на базе яго часткі парка-іпадрома «па тыпу клубных тэрыторый для забяспечаных наведнікаў»[57].
У 1995 годзе ў Прудку заснавана, а праз год асвечана, праваслаўная царква Святога велікамучаніка Георгія Пераможца, настаяцелем якой быў прызначаны протаіерэй Дзмітрый Ганчароў[58].
Сетка вуліц
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя вуліцы: Віцебская, Каменшчыкава, Крупскай, Лепяшынскага, Рыднага, Ягаўкіна[1].
Назвы большасці вуліц Прудка ў той яго частцы, якая да 1957 г. складала вёску Прудок, з'явіліся пасля ўваходжання ў межы Гомеля і да нашага часу істотных зменаў не зведалі:
Назва вуліцы перад уваходжаннем у межы Гомеля ў 1957 г. (паводле А. Рогалева[59]) |
Назва вуліцы паводле схематычнага плана Гомеля 1961 г.[60]
(пераклад з рускай) |
Сучасная назва вуліцы
(спраўджана па картах 2018 і 2019 гг.[2][61], |
---|---|---|
40 год БССР | 40 год БССР | |
Віцебская | 1-я Віцебская | |
Валачаеўская | Валачаеўская | |
Верхняя | Верхняя | |
Чкалава | Грамадзянская | 1-я Грамадзянская |
2-я Грамадзянская | 2-я Грамадзянская | |
Леніна | Крупскай | Крупскай |
2-я Крупскай | Ягаўкіна | |
1-ы Крупскай зав. | 1-ы зав. Крупскай | |
2-і Крупскай зав. | 2-і зав. Крупскай | |
Кальцавая | (наяўнасць удакладняецца) | |
2-я Кальцавая | Ягаўкіна (частка) | |
Пралетарская | Мічурына | Мічурына |
2-я Мічурына | Агарэнкі (частка) | |
Нагорная | Нагорная | Нагорная |
1-ы Нагорны зав. | (наяўнасць удакладняецца) | |
2-і Нагоры зав. | (наяўнасць удакладняецца) | |
2-я Навасялкоўская | 2-я Навасёлкавая | |
3-я Навасялкоўская | 3-я Навасёлкавая | |
4-я Навасялкоўская | 4-я Навасёлкавая | |
5-я Навасялкоўская | 5-я Навасёлкавая | |
6-я Навасялкоўская | 6-я Навасёлкавая | |
7-я Навасялкоўская | 7-я Навасёлкавая | |
8-я Навасялкоўская | 8-я Навасёлкавая | |
9-я Навасялкоўская | 9-я Навасёлкавая | |
10-я Навасялкоўская | 10-я Навасёлкавая | |
11-я Навасялкоўская | 1-я Навасёлкавая | |
Ніжняя | Ніжняя | |
1-я Праезджая | Праезджая | |
2-я Праезджая | Рыднага | |
3-я Праезджая | Каменшчыкава | |
Прамая | Прамая | |
Новая | Светлая | 1-я Светлая |
2-я Светлая | 2-я Светлая | |
Сходная | (наяўнасць удакладняецца) | |
Першамайская | Ураджайная | 1-я Ураджайная |
2-я Ураджайная | 2-я Ураджайная | |
Ураджайны зав. | 1-ы Ураджайны зав. | |
2-і Ураджайны зав. | 2-і Ураджайны зав. | |
Ураджайны праезд | 1-ы Ураджайны праезд | |
Чыстая | Хутаранскага | |
Камсамольская | Юнацкая | Юнацкая |
10-ы праезд | 2-я Грамадзянская
(частка, паралельная асноўнай вуліцы) | |
26-ы праезд | Будаўнікоў зав. | |
27-ы праезд | (забудаваны) |
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Забудавана індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. У наш час у Прудок размешчаны гарадская коннаспартыўная школа, на тэрыторыі якой захаваліся княжацкія стайні пачатку 19 ст., сярэдняя школа № 23, абласное аўтатранспартнае вытворчае ўпраўленне[1].
-
Дом па вуліцы 9-я Навасялковая, 2009 г.
-
Прудкоўскі краявід, 2015 г.
-
Спуск да чыгункі па вуліцы 2-й Светлай, 2015 г.
-
Дом на рагу вуліцы 1-й Светлай і 1-га завулка Крупскай, 2015 г.
-
Вуліца Верхняя, 2020 г.
-
Ліштвы на жылым доме па вуліцы Верхняй, 2020 г.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Фрагменты былога сядзібна-паркавага комплекса Багуслаўскіх (сярэдзіна ХIХ — ХХ стагоддзе) па вуліцы Пасёлак Будзёнаўскі, 17 (частка былога пасёлка з адпаведнай назвай) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000094
- На Прудкоўскіх могілках у 1962 годзе пастаўлены абеліск на магіле ахвяр фашызму[1]
-
Сядзібны дом
-
Элемент сядзібнага дома XIX ст.
-
Стайні
-
Стайні
-
Гаспадарчая пабудова
Могілкі
[правіць | правіць зыходнік]У межах Прудка знаходзяцца двое закрытых могілак:
- Прудкоўскія могілкі (каля 7 га[63], узніклі ў даваенны час, актыўна дзейнічалі з 1946 па 1970 гады)[64][65] са змешанымі яўрэйскімі і хрысціянскімі пахаваннямі;
- Конзаводскія могілкі (3 га, дзейнічалі з 1927 па 1973 год)[65].
Ранейшыя могілкі, вядомыя з карты наваколля Гомеля 1838 года, знаходзіліся на тагачаснай паўднёвай ускраіне Прудка пры дарозе на Ветку[66]. Супастаўленне гэтых звестак з сучасным планам мясцовасці дазваляе меркаваць, што месцазнаходжанне старых могілак суадносіцца з раёнам на рагу цяперашніх вуліцы Крупскай і 2-га завулка Крупскай у напрамку да былога конезавода.
-
Конзаводскія могілкі, 2021 год.
-
Прудкоўскія могілкі, 2022 год
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]- Згадваецца ў настальгічным вершы паэта Дзмітрыя Кавалёва «Веснавая пошта» (зборнік «Зялёны дым», 1968 год) разам з Пакалюбічамі і Веткай[67]. У Прудку нарадзіўся яго бацька — патомны каваль[68].
- Да 1980 г. Прудок наведаў пісьменнік Янка Брыль, пакінуўшы такія ўражанні пра яго: «Прудка фактычна ўжо няма: вёска прырасла да Гомеля, стала яго ўскраіннай вуліцай. Каля асфальту гэтай шумнай вуліцы-шашы ціха ўрастае ў зямлю ржава-чырвоная ад фарбы хата, якой ужо не стаць тут гарадскім домікам, не дацягнуцца да мітуслівай урбанізацыі»[68].
- Згадваецца між іншых раёнаў і вуліц горада ў вершы Югасі Каляды «Гомельскія абліччы» (нізка «Сіні дызэль „Гомель-Гомель“», 2005 год)[69].
- Згадваецца ў шэрагу гомельскіх тапонімаў у песні Андрэя Мельнікава «Гомель»[70].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж з і Прудок // Гомель. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. — ISBN 5-85700-054-8.
- ↑ а б в Гомель. План города. Гомельский район. Карта [Карты] / редактор В. А. Змачинская. — Минск : Белкартография, 2018.
- ↑ а б в Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 198—199.
- ↑ а б Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 22.
- ↑ Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : Барк, 2018. — С. 167.
- ↑ Яшкін, І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы : тапаграфія, гідралогія : слоўнік / І. Я. Яшкін. — Мінск : Навука i тэхнiка, 1971. — С. 153.
- ↑ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 29. Пристрастный—ракъ. / Склад. І. У. Будзько [і інш.]; пад. рэд. А. М. Булыкі. — Мінск : Беларуская навука, 2009. — С. 299—300, 296—297.
- ↑ а б Военно-статистическое обозрение Российской империи / издаваемое по Высочайшему повелению при 1-м отделении Департамента Генерального штаба [трудами офицеров Генерального штаба]. Т. 8, ч. 3 : Могилевская губерния / [по рекогносцировкам и материалам, собранным на месте, составлял Генерального штаба капитан Черницкий]. — Санкт-Петербург : В типографии Департамента Генерального штаба, 1848. — Отд. 2. — С. 30.
- ↑ Строительная летопись города : [научно-популярное издание] / в вып. дан. авт.: Б. М. Захарин, Ю. Э. Глушаков, А. В. Коноваленко, А. А. Чачин; ред. кол.: В. И. Пилипец и др. ; фото М. А. Амелиной и др. — Гомель : Вечерний Гомель-Медиа, 2011. — С. 187.
- ↑ а б З «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П. А. Румянцава» 1776 г. // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 127.
- ↑ Ведомость о дворянах Могилевской губернии, 1777 г. — Аб. 108.
- ↑ а б в Са справаздачы аканома Гомельскага маёнтка г. Румянцава // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 135.
- ↑ а б Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Акадэмія навук БССР, Інстытут гісторыі. Т. 2 : (1772—1903 гг.) / пад рэд. Н. М. Нікольскага, Д. А. Дудкова, І. Ф. Лочмеля. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1940. — С. 96.
- ↑ Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г.
- ↑ Планы дач генерального и специального межевания, 1746—1917 гг. (коллекция). / Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий.
- ↑ Отечественная война 1812 года : Отд. 1 : Переписка русских правительственных лиц и учреждений : [В 22 кн.]. — Санкт-Петербург : Воен.-учен. ком. Гл. штаба, 1900-1914. Т. 8 : Подготовка к войне в 1812 г. : (Январь месяц). —1907. — С. 128.
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи / издаваемое по Высочайшему повелению при 1-м отделении Департамента Генерального штаба [трудами офицеров Генерального штаба]. Т. 8, ч. 3 : Могилевская губерния / [по рекогносцировкам и материалам, собранным на месте, составлял Генерального штаба капитан Черницкий]. — Санкт-Петербург : В типографии Департамента Генерального штаба, 1848. — Отд. 2. — С. 26.
- ↑ Тимченко-Рубан, И. Из воспоминаний о прожитом // Исторический вестник. — 1890. — Июнь. — Т. 40. — С. 629.
- ↑ Целлинский В. Обозрение некоторых имений Могилевской губернии // Могилевские губернские ведомости. Отд. второй. Часть неоф. — 1849. — №5. — С. 80—81. У публікацыі мясцовасць памылкова пададзена як «Запруддзі» («Запрудьи»).
- ↑ Белоруссия в эпоху феодализма / Академия наук БССР, Институт истории, Архивное управление МВД БССР. Т. 3 : Воссоединение Белоруссии с Россией и ее экономическое развитие в конце XVIII ― первой половине XIX века (1772―1860) / [составители: В. В. Чепко, В. В. Шатилло. — 1961. — С. 322.
- ↑ Виленский вестник. — 1861. — 29 августа. — С. 8 (668).
- ↑ Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Акадэмія навук БССР, Інстытут гісторыі. Т. 2 : (1772—1903 гг.) / пад рэд. Н. М. Нікольскага, Д. А. Дудкова, І. Ф. Лочмеля. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1940. — С. 785—787.
- ↑ Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношении, [Текст] : в трех книгах / сост. по программе[, с предисл.] и под ред. пред. Могилевского губ. стат. ком. А. С. Дембовецкого. — Могилев на Днепре : Тип. Губ. правления, 1882—1884. — Кн. 2. — 1884. — С. 370, 429, 455, 493, 522.
- ↑ Населенные места Российской империи в 500 и более жителей с указанием всего наличного в них населения и числа жителей преобладающих вероисповеданий, по данным первой всеобщей переписи населения 1897 г. / предисл.: Н. Тройницкий. — Санкт-Петербург : типография «Общественная польза», 1905. — Отд. 2. — С. 114.
- ↑ Кревер, Б.А. Гомельский процесс : Подробный отчет [сост. Б.А. Кревером по протоколам защитников и отчетам, попадавшимся в журн.: «Право» и «Восход» и в газ.: «Киев. отклики», «Одес. новости», «Рус. сл.», «Новости» и «Правительств. вестн.»] / [Предисл.: М.К.]. — Санкт-Петербург : тип. т-ва «Обществ. польза», 1907. — С. 655.
- ↑ Кревер, Б.А. Гомельский процесс : Подробный отчет [сост. Б.А. Кревером по протоколам защитников и отчетам, попадавшимся в журн.: «Право» и «Восход» и в газ.: «Киев. отклики», «Одес. новости», «Рус. сл.», «Новости» и «Правительств. вестн.»] / [Предисл.: М.К.]. — Санкт-Петербург : тип. т-ва «Обществ. польза», 1907. — С. 1201—1204.
- ↑ Глушаков, Ю. Э. «Революция умерла! Да здравствует революция!»: Анархизм в Беларуси (1902—1927) / Ю. Э. Глушаков. — Санкт-Петербург : ШSS, 2015. — С. 72, 77.
- ↑ Паводле сведчанняў старажылаў Архівавана 18 студзеня 2022. гэта быў невялікі драўляны аднапавярховы будынак, размешчаны на дарозе з Гомеля ў Ветку, г.зн. сённяшняя вул. Крупскай.
- ↑ Список населенных мест Могилевской губернии / Под ред. Г. П. Пожарова. — Могилев губ. : Могилев. губ. стат. ком., 1910. — Отд. 1. — С. XCI; отд. 2. — С. 36.
- ↑ К пребыванию чудотворной иконы Божей Матери // Полесская жизнь. — 1910. — 8 октября. — С. 3.
- ↑ Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 56.
- ↑ Пожары по уезду // Полесская жизнь. — 1910. — 18 августа. — С. 3.
- ↑ Гомельская копейка. — 1911. — 15 сентября. — С. 3.
- ↑ Экскурсия курсистов // Гомельская копейка. — 1911. — 30 июня. — С. 3.
- ↑ [https://web.archive.org/web/20220901190206/https://www.szukajwarchiwach.gov.pl/ru/jednostka/-/jednostka/13415434 Архівавана 1 верасня 2022. Akta ...w sprawie Ochronek w Oddziale Homelskim. Wykazy, zestawienia działalności, szkół i ochron, korespondencja [1916]]. — Арк. 87.
- ↑ [https://web.archive.org/web/20220901195315/https://www.szukajwarchiwach.gov.pl/ru/jednostka/-/jednostka/13455678 Архівавана 1 верасня 2022. Akta w sprawie inwentarza Oddziału w Homlu [1916]]. — Арк. 10.
- ↑ Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 74.
- ↑ «Из истории не вычеркнуть…» к 90-летию Стрекопытовского мятежа в Гомеле (март 1919 г.) : [ сборник научных статей ] / составители: В. М. Лебедев, М. П. Чуянова ; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2010. — С. 40.
- ↑ Уваров, И. Ю. Гомель в исторической ретроспективе (1918–1925 годы) [монография] / И. Ю. Уваров. — Гомель : ГГТУ им. П. О. Сухого, 2021. — С. 42.
- ↑ а б Список населенных мест Гомельского округа. Гомельское окр. статистическое бюро. — Тип. «Полеспечать», 1927. — С. 18—19.
- ↑ Пабудова мосту праз раку Сож // Зьвязда. — 1928. — 12 мая. — С. 2; Дарожнае будаўніцтва // Савецкая Беларусь. — 1928. — 12 мая. — С. 2.
- ↑ Ковалев, Д. Автобиография. Детство и отрочество. О моей жизни (Что прежде всего вспомнилось) Архівавана 18 красавіка 2021. [≈1975].
- ↑ Палешчук. Т.т. Кагановіч і ГІкало выбраны ганаровымі членамі сельсовета // Звязда. — 1934. — 21 лістапада. — С. 3.
- ↑ Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 379, 395, 398, 401, 414, 417, 439, 482.
- ↑ Скринников, М. И. Добровольцы на защите городов и сел. О деятельности добровольческих формирований Гомельщины в начальный период Великой Отечественной войны (июнь — август 1941 г.) / М. И. Скринников. — Гомель: Общество с дополнительной ответственностью «Барк», 2005 — С. 57.
- ↑ Козлова, Н. Н. Об особенностях восстановления церковной жизни на Гомельщине в 1941–1943 гг. // Известия Гомельского государственного университета имени Ф.Скорины. — 2019. — № 1 (112). — С. 22.
- ↑ а б в Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 45
- ↑ Из акта гомельской районной комиссии о злодеяниях немецко-фашистских захватчиков на территории Гомельского района в 1941—1943 гг. 20 ноября 1944 г. // Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. 1941-1944 / Ин-т истории партии при ЦК КПБ — Фил. ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Ин-т истории АН БССР, Центр. гос. арх. Окт. революции и социалист. стр-ва БССР; Сост. 3.И. Белуга и др. — Минск: Госиздат БССР, 1963. — С. 222.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 43, 44-44 об.
- ↑ а б в г Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 42 об.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 42.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 43.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 46.
- ↑ Первичная организация Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии (КП(б)Б) сельскохозяйственной артели (колхоза) "Шлях да сацыялiзму", д.Прудок [1945/1946-1950].
- ↑ Малков, И. Г. Гомель — древний и современный. Архитектура и ее создатели: [монография] / И. Г. Малков, И. И. Малков; М-во образования Респ. Беларусь, Белорус. гос. ун-т трансп. — Гомель: БелГУТ, 2014. — С. 15-17.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля вёсак Прудок, Якубаўка і пасёлка імя Чапаева, Гомельскага раёна ад 7 кастрычніка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 10.
- ↑ Малков, И. Г. Гомель — древний и современный. Архитектура и ее создатели: [монография] / И. Г. Малков, И. И. Малков; М-во образования Респ. Беларусь, Белорус. гос. ун-т трансп. — Гомель: БелГУТ, 2014. — С. 26, 33, 46.
- ↑ О храме. История / Храм Святого великомученика Георгия Победоносца, г.Гомель
- ↑ Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 186-190.
- ↑ Схематический план. Гор. Гомель. [Карты] / Главное управление коммунального хозяйства при СМ БССР. Бюро технической инвентаризации — [Б. м. : б. и.], 1961.
- ↑ Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 14-15.
- ↑ Рашэнне Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 29 лістапада 2016 г. № 108 «О некоторых вопросах переименования элементов улично-дорожной сети» Архівавана 29 лістапада 2020. на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.
- ↑ Падлічана пры дапамозе сервісу Google Карты. У энцыклапедычным даведніку «Гомель» (1991) плошча Прудкоўскіх могілак указана як 11 га.
- ↑ Еврейское кладбище «Прудок» г. Гомель // Мицват эмет — уход за еврейскими захоронениями.
- ↑ а б Кладбища // Гомель. Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Минск. : БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — С. 257.
- ↑ Карта окрестностей местечка Гомеля снятая глазомерно в 1838 году.
- ↑ Даніленка М. Аб тым, што дорага сэрцу // Гомельская праўда. — 1969. — 7 лютага. — С. 4.
- ↑ а б Брыль Я. Пра запаветнае [1980 г.] // Збор твораў. У 5-ці т. — Т. 4. — Свет далёкі і блізкі: дарожныя нататкі […]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. — С. 525.
- ↑ Каляда Ю. Сіні дызэль «Гомель-Гомель» // Наша Ніва. — 2005. — 15 красавіка. — С. 19.
- ↑ Андрэй Мельнікаў — Гомель : Песня про беларускі горад Гомель.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Прудок // Гомель. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. — ISBN 5-85700-054-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Прудок (Гомель)