Вадзім Валер’евіч Урублеўскі
Вадзім Валер’евіч Урублеўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 кастрычніка 1986 (38 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык, генеалог, архівіст |
Навуковая сфера | гісторыя і генеалогія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук (2014) |
Альма-матар |
|
Вадзім Валер’евіч Урублеўскі (нар. 30 кастрычніка 1986, Мінск) — беларускі гісторык, генеалог, архівіст. Кандыдат гістарычных навук (2014).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў СШ № 167 г. Мінска (2004), гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «гісторыка-архівазнаўства» (2009), аспірантуру БДУ па спецыяльнасці «гістарыяграфія, крыніцазнаўства, метады гістарычнага даследавання» (2012).
Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе вядучага архівіста аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі 2 лютага 2008 года. З 05.01.2009 — вядучы навуковы супрацоўнік, з 02.12.2012 — галоўны архівіст, з кастрычніка 2017 года — галоўны архівіст, загадчык сектара рэдакцыйна-выдавецкай працы таго ж аддзела, з 12.02.2019 — загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных даследаванняў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі. З 07.12.2021 — старшы навуковы супрацоўнік сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Прымаў удзел у складанні і рэдагаванні зборніка навуковых артыкулаў і паведамленняў «Архіварыус» (2008—2019), адказным рэдактарам якога быў з лістапада 2014 да лютага 2019 года. Адзін з аўтараў «Гербоўніка беларускай шляхты» (Т. 4. — 2016, Т. 5. — 2018, Т. 7. — 2020), зборнікаў навуковых артыкулаў «Витебская губерния» (2009), «Могилевская губерния» (2014).
Займаўся даследаваннем гісторыі і функцыянавання магістратаў гарадоў Горадня і Віцебск у XVII—XVIII стст. у кантэксце планавай тэмы «Гісторыя дзяржаўных устаноў Вялікага Княства Літоўскага». У 2008 г. перамог у конкурсе студэнцкіх прац БДУ па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах з тэмай: «Крыніцы па генеалогіі маёнтка Цялякава Ігуменскага павета Мінскай губерні канца XVIII — пачатку ХХ ст.».
У 2014 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Крыніцы па гісторыі штодзённасці сялянскага насельніцтва Беларусі ў XVIII ст.» (пастанова ВАК аб зацвярджэнні ў ступені кандыдата гістарычных навук ад 26.11.2014).
Займаецца даследаваннямі ў сферы гісторыі штодзённасці, архіўнага крыніцазнаўства, генеалогіі, антрапанімікі. Аўтар больш за 50 навуковых артыкулаў, у тым ліку аб радаводах Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.
Займаўся археаграфіяй — пошукам і апісаннем гістарычных дакументаў у калекцыях рэлігійных устаноў і прыватных асоб. Сябар «Беларускага таварыства архівістаў».
Асветніцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Намеснік старшыні гуртка даследчыкаў генеалогіі «Радавод» гістарычнага факультэта БДУ з сакавіка 2009 да ліпеня 2019 года, ініцыятар заснавання і кіраўнік з верасня 2013 года першай у Беларусі Школы практычнай генеалогіі — асабістага асветніцкага праекта. Заснавальнік і куратар партала навін у сферы генеалогіі «Радавод».
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Старонка аўтара Архівавана 1 сакавіка 2022. на radawod.by
- Школа практычнай генеалогіі
- Інтэрв’ю для «Смартпрэс» Архівавана 1 сакавіка 2022.