Ваза (гармата)
Ваза (ад італ.: vaso), або «жалезны гаршчок» (фр.: pot de fer) — еўрапейскі тып малакалібравай гарматы 14 ст. Выява гарматы гэтага тыпу ў працы Волтара дэ Мілемета «De oficis regum» («Пра абавязкі каралёў», 1326) з'яўляецца першай вядомай выявай гарматы ў Еўропе. Да таго самага году адносіцца першае дакументальнае ўзгаданне гарматы ў пастанове гарадской рады Фларэнцыі аб вырабе бронзавых гармат і жалезных куль (11 лютага 1326). Верагодна, што гарматы ўжываліся і раней, але дакументальных пацверджанняў на тое не існуе.[1]
У 1337 на ўзбраенні французскага флоту, які зрабіў набег на Саўтгемптан, мелася адна такая гармата (pot de fer), 3 фунты пораху і 2 скрыні з 48 стрэламі з жалезным апярэннем. Некалькі такіх гармат французы ўжылі пры абароне Камбрэ (1339).[2]
Вонкава ваза-гармата была падобная да вазы-посуду, з шырокай асновай-каморай і вузейшай шыяй-вылетам (адсюль назва). Мела вузкі агнявы канал і страляла жалезнымі стрэламі. Канструкцыя паходзіла, відаць, з Італіі, адлівалася з бронзы і мела малыя памеры і калібр — напрыклад, шведская бронзавая ваза 14 ст. («ствол з Лосхульт» (Loshulz? Loshult?)[няпэўнае слова]) мела даўжыню 30 см і калібр 3,7 см.[1] Такія гарматы ў той час прадаваліся на вагу металу, які пайшоў на іх выраб, і сярэдняя маса такой гарматы складала каля 25 фунтаў (10—12 кг).[2]
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- W. L. Ruffel. The Gun.
- Эварт Окшотт. Рыцарь и его оружие [A knight and his weapons]; Рыцарь и его доспехи. Латное облачение и вооружение. — М. : ЗАО Центрполиграф, 2007. — 187 с. ISBN 978-5-9524-2636-8.