Валюнтарызм

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Валюнтарызм (ад лац.: voluntas - воля) — 1) ідэалістычны кірунак у філасофіі, які абвяшчае першаасновай быцця волю і тлумачыць яе як сляпую сілу. На гэтай аснове адмаўляюцца аб'ектыўныя законы развіцця прыроды, грамадства і прапаведуецца культ «выбітных асоб». 2) Сацыяльна-палітычная практыка, якая ігнаруе аб'ектыўныя заканамернасці гістарычнага працэсу і кіруецца суб'ектыўнымі жаданнямі і адвольнымі рашэннямі асоб, што яе ажыццяўляюць. Прыхільнікі валюнтарызму перабольшваюць ролю валявога, стыхійнага пачатку ў жыцці чалавека і грамадства. Палітычны працэс яны трактуюць як адвольны, перарывісты і недаступны розуму. Асноўную ўвагу акцэнтуюць не на праграмах, а на прамых дзеяннях, адвольных рашэннях, часта на бессэнсоўным палітычным ціску. У палітыцы вынікам валюнтарызму найчасцей бывае аўтарытарызм або таталітарызм, звышрэвалюцыйнасць або анархізм. Як філасофскі кірунак валюнтарызм узнік у 19 ст. Найбольш вядомыя яго прадстаўнікі - А.Шапенгаўэр (сцвярджаў, што ў аснове ўсіх з'яў ляжыць нічым не абумоўленая «сусветная воля»), Ф.Ніцшэ (надаў валюнтарызму агрэсіўны характар, рухальнай сілай гісторыі абвясціў «волю да ўлады» і «культ сілы»), Э.Гартман. Погляды гэтых філосафаў з'явіліся адной з галоўных ідэйных крыніц фашызму.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7