Варатынскае княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Варатынскае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Цэнтр — г.Варатынск. Утварылася у выніку драблення Навасільскага княства ў пачатку XV ст. на Адоеўскае, Бялёўскае і Варатынскае ўдзельныя княствы. Удзельныя князі па-ранейшаму насілі агульнае радавое прозвішча Навасільскіх. Старэйшы ў родзе князь тытулаваўся навасільскім і адоеўскім. Варатынскія князі вялі барацьбу за старшынство сярод навасільскіх князёў з князямі адоеўскімі. Папераменна займаючы лідзіруючае становішча, варатынскія і адоеўскія князі заключалі дамовы з вялікімі князямі ВКЛ. Вядомы пагадненні 1442 г. і 1483 г. варатынскіх і 1459 г. адоеўскіх. Да канца XV ст. супрацьстаянне 2 ліній навасільскіх князёў прымае адкрытыя формы і перарасло ў варожасць. Варатынск ў складзе Навасільскага княства з канца XIV ст. знаходзіцца ў залежнасці ад ВКЛ. Аднак афіцыйна варатынскія прысягнулі Вітаўту толькі ў 1427 г. у час паездкі апошняга ў раён вярхоў'яў Акі, у Разанскае і Пронскае княствы. Варатынскія князі прысутнічалі на Луцкім з'ездзе 1429 г. і Віленскім з'ездзе 1430 г. У адрозненне ад іншых Вярхоўскіх княстваў, Варатынскае княства захавала адносную самастойнасць, а варатынскія князі Варатынскія не пераўтварыліся ў звычайных вотчыннікаў і захавалі к канцу XV ст. княжацкія правы. У выніку шматлікіх падараванняў гаспадароў ВКЛ уладанні варатынскіх князёў значна павялічыліся і цягнуліся шырокай паласой уздоўж ракі Акі і яе прытока Угры, ствараючы першую лінію абароны супраць Вялікага княства Маскоўскага. У 1487 г. пачаліся напады маскоўскіх служылых людзей на ўладанні варатынскіх князёў. У 1489 г. Варатынск быў разбураны. Варатынскія князі паступова (1487, 1489, 1492 гг.) пераходзілі на бок Масквы. У 14921493 гг. варатынскія і іншыя вярхоўскія князі ўжо з маскоўскага боку рабілі напады на верхнеокскія гарады (Масальск, Сярпейск, Мезецк і інш.), што засталіся вернымі вялікаму князю ВКЛ. Па дагавору 1494 г. ВКЛ адмовіўся ад правоў на вотчыны варатынскіх князёў. Аднак частка іх ўладанняў (раней падараваных ім) засталася ў складзе ВКЛ (Залідаў, Бышкавічы, Апакаў і інш.). Пасля вайны 1500—1503 гг. уся тэрыторыя Вярхоўскіх княстваў увайшла ў склад Расійскай дзяржавы. Галоўным абавязкам варатынскіх князёў стала абарона раёна верхняй Акі ад набегаў крымскіх татар. Удзел Варатынскіх канчаткова скасаваны ў 1562 г. пры цару Іване IV.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Цемушаў В. Варатынскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 388-389. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
    • Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. — Warszawa, 1936. — (Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Tom 33).
    • Баталин, А. М. Город Воротынск и князья Воротынские в истории России / А. М. Баталин. — Калуга: Золотая аллея — ИКЦ «Воротынск» , 1995 — 70,[1] с.ил. — (Калуга. Памятники краеведения). — ISBN 5-7111-0235-4
    • Базилевич К. В. Внешняя политика русского централизованного государства: Вторая половина XV века / К. В. Базилевич; [Предисловие М. Е. Бычкова]. — 2-е издание. — М.: Территория, 2001. — 541, [1] с. ил. — (Памятники русской исторической мысли). — ISBN 5-900829-09-X
    • Зимин, А. А. Россия на рубеже XV—XVI столетий: (Очерки социально-политической истории). — М.: Мысль, 1982.
    • Кром, М. М. Меж Русью и Литвой: Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI вв. / М. М. Кром; Российский государственный архив древних актов. — М.: Археографический центр, 1995. — 292, [3] с. — (Исследования по русской истории, Выпуск 4).
    • Любавский, М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Исторические очерки / Матвей Любавский. — [М., 1892].
    • Шеков, А. В. Верховские княжества: (Краткий очерк политической истории XIII — середины XVI вв.) / А. В. Шеков. — Тула, 1993. — 93 с.: рис., табл. — (Труды Тульской археологической экспедиции, Выпуск 1).