Бялёўскае княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бялёўскае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Адно з Вярхоўскіх княстваў. Займала невялікую тэрыторыю ў вярхоўях ракі Акі. Вылучылася са складу Навасільскага княства ў пачатку 15 ст. Каля 14061408 было захоплена Вітаўтам; пры гэтым бялёўскія князі ад’ехалі ў Маскву разам з літоўскім князем Свідрыгайлам, але вярнуліся ў сваю вотчыну да 1425. Частка зямель Бялёўскага княства была падаравана Вітаўтам тарускім князям — заснавальнікам дынастыі князёў Мезецкіх. У 1437 Бялёў быў заняты выгнанымі з Арды татарамі хана Улуг-Мухамеда. Сумеснае літоўска-маскоўскае войска, якое рушыла на Бялёў, спустошыла яго наваколлі, але было ўшчэнт разбіта татарамі. Пасля таго, як у пачатку 1440-х г. арда Улуг-Мухамеда пакінула Бялёў, бялёўскія князі Фёдар і Васілій Міхайлавічы былі пераселены маскоўскім вялікім князем Васілём II на Волак Ламскі. Аднак неўзабаве яны былі вернуты ў свае ўладанні. 21.04.1459 г. князі Бялёўскія разам з князем навасільскім і адоеўскім Іванам Юр’евічам заключылі пагадненне аб сваім васалітэце з Казімірам IV. У канцы 1487 на бок Масквы перайшоў князь Іван Васільевіч Бялёўскі. У 1492 ён здзейсніў паход на ўладанні сваіх братоў Васілія і Андрэя. Апошнія вымушаны былі таксама перайсці на маскоўскую службу. Такім чынам, астатнія землі Бялёўскага княства былі далучаны да Маскоўскай дзяржавы. Па ўмовах мірнага дагавору 5.02.1494 Бялёў застаўся за Масквой. З маскоўскага боку бялёўская князі пачынаюць аказваць ціск на суседні Мцэнск, які заставаўся за ВКЛ. Невыпадкова пасля захопу Мцэнска ў пачатку 1500 ваяводай у ім стаў Іван Бялёўскі. Пры маскоўскім двары Бялёўскія князі не мелі вялікага значэння. Вотчынныя ўладанні захоўваліся за імі да сярэдзіны 15 ст., але статус удзельнага княства, яны, напэўна, не мелі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Цемушаў В. Бялёўскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 206. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  • Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995;
  • Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. М., 1892;
  • Шеков А. В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;
  • Kuczyński S. M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33.