Варацішын крыж

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Камень «Варацішын крыж»

«Варацішын крыж» — валун, які знаходзіцца ў вёсцы Камена Вілейскага раёна. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння

Народная пагалоска казала некалі, што гэта скамянелы араты, пакараны Богам за працу на Вялікдзень. Ва ўсялякім разе такую легенду запісаў Канстанцін Тышкевіч у 1857 годзе. Цяпер такой легенды ў вёсцы не памятаюць, але да каменя ўсё адно ставяцца з павагай. Знаходзіцца камень за драўляным плотам у прыватным двары.

Гэта вялікі валун з нахілам бакоў каля 80°, які, дзякуючы ледавіку, мае звонападобную форму і згладжаныя, амаль адпаліраваныя бакі. Узвышаецца камень над паверхняй на 3,5 метры, уваходзіць углыб на 2,5 метры, абвод яго каля падэшвы складае 16 метраў. Яшчэ ў мінулым стагоддзі валун называлі найстаражытнейшым помнікам хрысціянскай даўніны, бо на камені выбіты вялікі васьміканцовы крыж з надпісам «Господи помози рабу своему Борису». Лічыцца, што надпіс зроблены па загадзе Полацкага князя Барыса Усяславіча ў 1102-1106 гады майстрам па імені Вараціша, таму што па меркаванні гісторыкаў у дадатак да вышэйпрыведзенага надпісу на камені маюцца амаль зацертыя часам словы «Воротишин Хрестъ». Дарэчы, адсюль і назва валуна: «Камень Варацішын крыж».

Хутчэй за ўсё, некалі каля гэтага каменя было язычніцкае капішча, на карысць чаго сведчаць два несіметрычныя акруглыя паглыбленні на яго вяршыні. Апроч таго, за 30 метраў на захад ад апісанай камлыгі захаваўся другі валун, які, па словах гаспадара зямлі, па памерах большы за Варацішын крыж. Але на сёння надземная яго частка даволі сціплая: вышыня ўсяго 1,5 метра, а даўжыня 3. Пра гэты камень таксама захавалася легенда: «Кажуць, што каля валуна вельмі часта раптоўна з'яўляўся залаты конь, які скакаў вакол яго і так жа ж раптоўна знікаў. Людзі палічылі гэта знакам, маўляў, пад каменем схавана золата. Два браты вырашылі спраўдзіць. Але пакуль адзін спаў, другі хуценька пачаў падкопваць камень, спадзеючыся, што ўсё знойдзенае золата дастанецца яму аднаму. Золата дзяцюк не знайшоў, а камень ссунуўся ў яму і ад таго часу ледзь узвышаецца над зямлёй».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дучыц Л., Клімковіч І. Таямніцы каменных валуноў // Полымя. №10. 2007.