Яцвягі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Яцвягі
Cmentarzysko Jacwingow, Suwalszczyzna, Aug 2004 B.jpg
Яцвяжскі курган каля Сувалак
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання міжрэчча Нёмана і Нарава
Мова яцвяжская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы прусы

Яцвя́гі, ятвя́гі — група заходнебалцкіх плямён, якія ў I — пач. II тысячагоддзя н.э. (да кан. XIII ст.) жылі ў Яцвезі.

На Русі былі больш вядомыя як яцвягі, у немцаў — як судавы (судзіны), у літоўцаў — як дайновы. Выказваюцца думкі, што племянны саюз яцвягаў складаўся з чатырох плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў[1].

Асноўныя археалагічныя помнікі — каменныя курганы, на змену якім прыйшлі каменныя магілы.

Лакалізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнарускія летапісы часоў Кіеўскай Русі ўпамінаюць яцвягаў з X в., але толькі не акрэсліваюць дакладна тэрыторыю іх рассялення. Іпацьеўскі летапіс прыблізна ўказвае на заселенасць яцвягамі міжрэчча Нёмана і Нарава.

Грунтуючыся на звестках польскіх храністаў XV—XVI стст. і картаграфіі геаграфічных назваў, вытворных ад этноніма «яцвягі», многія даследчыкі XIX ст. меркавалі, што да XIII ст. яцвягі засялялі шырокую прастору: Сувалкія, Падляшша, Берасцейскія землі і Верхняе Панямонне. Толькі нешматлікія гісторыкі (Ю. Кулакоўскі, П. Авенарыус) скептычна ставіліся ў той час да меркавання аб шырокім арэале рассялення яцвягаў[2].

У 1950-х гг. шмат увагі пытанням археалогіі і гісторыі яцвягаў сталі надаваць польскія навукоўцы (К. Мусяновіч, А. Камінскі, Е. Антановіч, Г. Лаўмяньскі), якія выказваліся супраць думкі аб шырокім рассяленні яцвягаў у старажытнасці[3]. Паводле назіранняў польскай даследчыцы К. Мусяновіч, яцвягі сяліліся на поўнач ад р. Нараў. Польскі вучоны А. Камінскі склаў і выдаў у 1956 г. грунтоўную бібліяграфію па археалогіі яцвягаў. Ён абмяжоўваў тэрыторыю рассялення яцвягаў раёнам Сувалкаў і найбліжэйшымі да іх землямі (на поўнач ад р. Бебжа)[4]. Камінскі ўказваў, што ў пісьмовых крыніцах няма цалкам пэўных дадзеных на карысць шырокага рассялення яцвягаў, а археалагічных помнікаў, якія можна было б звязаць з яцвягамі, няма ні ў Падляшшы, ні ў Верхнім Панямонні. Каменныя магілы, вядомыя ў Падляшшы, польскія даследчыкі лічылі за мазавецкія (належалі славянскаму племені мазаўшанам)[5].

Аднак гэта думка была адхілена ў навуцы, бо знайшлося нямала прамых і шмат ускосных сведчанняў на карысць больш шырокага рассялення яцвяжскіх плямён у старажытнасці[6]. Навуковая дыскусія, якая мела месца ў 1960-ыя гг. і ў якой прынялі ўдзел лінгвісты і археолагі (А. Таўтавічус, А. Ванагас, С. Савукінас, В. Сядоў і інш.), выявіла і пацвердзіла ранейшыя думкі аб тым, што арэал рассялення яцвягаў у даўнія часы ахопліваў вельмі шырокую тэрыторыю: паўночна-ўсходнія раёны сучаснай Польшчы (у тым ліку і Падляшша), землі беларускага Панямоння і часткі берасцейскага Пабужжа, поўдзень сучаснай Літвы і літоўскае Занямонне[7]. Зводны агляд яцвяжскіх пахавальных помнікаў і іх шырокі арэал лакалізацыі быў зроблены ў 1964 г. савецкім археолагам Валянцінам Сядовым, ён таксама лакалізуе яцвяжскае племя дайнова на правабярэжжы верхняга Нёмана.

У XII—XIII. стст. арэал рассялення яцвягаў паступова звужаецца: яцвягі былі адціснуты славянамі і літвой за Нараў і Бебжу — у паўднёвую частку прускай азернай вобласці. Тыя яцвягі, якія засталіся ў Панямонні, зліліся з літвой і славянамі[8].

Беларускі археолаг Я. Звяруга адзначае, што яцвягі жылі на тэрыторыі паміж Нёманам на ўсходзе і р. Нараў, Вялікім Мазурскімі азёрамі на захадзе[9], а Ю. Кухарэнка (у след за В. Сядовым) уключае ў склад яцвяжскай тэрыторыі Падляшша, Берасцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоння.

Гістарычны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Этнонім судавы (судовы) упершыню названы Пталемеем у ІІ ст., жылі яны на ўсход ад Віслы. Найбольш раннія пахавальныя курганы яцвягаў належаць да III-IV ст. Пры гэтым яцвягі ўпершыню прыгадваюцца ў рускіх летапісах X ст. Сярод пасольства Русі ў Візантыі пад 944 годам названы «ятвяг Гунарев». Да 983 года адносіцца першае паведамленне пра ваенны паход кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча на яцвяжскія землі. 3 яцвягамі барацьба паўднёварускіх князёў працягвалася ў XI і ХІІ ст. На іх у 1038 хадзіў Яраслаў Уладзіміравіч, затым валынскі князь Яраслаў Святаславіч (1112), князь Раман Мсціславіч (1196). Яцвягі разам з літоўцамі ў 1205 годзе зрабілі набег на Валынскую зямлю і нават дайшлі да гарадоў Турыйска і Чэрвеня. Барацьба з яцвягамі дасягнула асаблівага напружання ў часы княжання ў Галіцка-Валынскай зямлі Данілы Раманавіча[10]. У выніку паўднёвыя землі яцвягаў былі падпарадкаваны Галіцка-Валынскаму княству і Мазовіі.

У другой палове XIII ст. на яцвягаў узмацніўся націск з боку Тэўтонскага ордэна. Пад удар трапілі тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судаваў. Яны аказалі адчайнае супраціўленне. Князь Скамонт трывожыў крыжакоў няспыннымі контрударамі, даходзіў да муроў Кралеўца і берагоў Віслы. Аднак у 1282 годзе яцвягі панеслі цяжкае паражэнне ў Польшчы. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць адвагу правадыроў яцвягаў, мужнасць і гордасць воінаў, якія не здаваліся ў палон, гінулі разам з жонкамі. Пасля працяглай кровапралітнай барацьбы яцвягі і суседнія роднасныя ім прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі. К 1283 году іх незалежнасць скончылася, частка князёў і арыстакратаў перайшла на бок Ордэна, астатнія пакінулі свае ўладанні і падаліся ў Літву.

Частка каменных курганоў і каменных магіл XI—XIII ст. Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа належала, відавочна, не ўласна яцвяжскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам яцвягаў, або славянам, якія перанялі яцвяжскі пахавальны абрад, — а самі гэтыя землі ўвайшлі ў склад Старажытнай Русі[11]. У XIII—XIV стст. у Верхнім Панямонні былі шырока распаўсюджаны каменныя магілы, якія па сваім паходжанні з'яўляюцца пераемнікамі такога тыпа пахаванняў як каменныя курганы і лічацца навукоўцамі ўжо не за яцвяжскія, а помнікамі старажытнарускага насельніцтва(руск.) бел. Верхняга Панямоння (т.зв. Чорнай Русі), якое склалася тут у выніку ўзаемадзеяння славян з яцвягамі[12].

Летапіс называе шэраг імёнаў яцвяжскіх князёў, характэрных для заходнябалцкіх моўных груп. Крыніцы ведаюць князёў Скамонта і Борута, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII ст., пазней — другога Скамонта (напэўна, князя Судавы), які вызначыўся ў барацьбе з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінтэле, Шурпа, Мудзейка і Песціла. У 1282 князь Кантэгерд з дружынай перайшоў на службу да Ордэна. Вячаслаў Насевіч выказаў гіпотэзу, што Трайдзень (Трайдзен) быў яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана[13]. А «Хроніка Быхаўца» адзначае, што Трайдзень не быў яцвяжскім князем па паходжанні, а проста да таго, як стаў вялікім князем у Новагародку[14], быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі к гэтаму часу сваіх князёў і лёгка паддаліся яго ўладзе[15].

Паводле Мельнскага міру (1422) амаль уся земля яцвягаў адыйшла да Вялікага Княства Літоўскага. Апошнія звесткі пра яцвягаў у рускіх летапісах датуюцца сярэдзінай XIII ст., у польскіх храністаў — у XV—XVI ст. Яцвяжскія землі былі заселены ў значнай ступені славянамі, усходнімі і ляшскімі (польскімі); паступова яцвягі былі славянізаваныя, а паўночна-ўсходняя ўскраіна Яцвягіі ўвайшла ў тэрыторыю фарміравання літоўскай народнасці[16]. Яцвягі асіміляваліся і зніклі, прынялі ўдзел у фармаванні такіх народаў як літоўцыСувалкіі), палякі (на Падляшшы) і беларусыПанямонні).

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асновай іх гаспадаркі былі земляробства, паляванне, рыбалоўства. Развіваліся рамёствы.

Пахавальны абрад[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі пахавальных помнікаў яцвягаў адзначылі, што для заходнебалцкіх плямён доўгі час было характэрна ўжыванне каменя пры пахаваннях — спачатку каменныя курганы, а пасля каменныя магілы[17].

У адрозненне ад пруска-галіндскіх плямён, яцвягі захоўвалі курганны абрад пахавання на працягу ўсяго I тыс. н.э., а ў асобных раёнах старажытнага арэала рассялення яцвягаў абрад пахавання ў каменных курганах захаваўся аж да канца XIII ст.[18]

Пачаткова пахавальнымі насыпамі яцвягаў былі каменныя курганы, якія цалкам складаліся з каменя ці былі каменна-земляныя, у якіх камень быў істотным кампанентам. Гэта звычайна невысокія насыпы, круглыя ў плане, дыяметрам 8-15 м[19]. Пазней на змену каменным курганам прыйшлі т.зв. каменныя магілы, найбольш раннія з якіх датуюцца канцом XI—XII ст., але найбольшую колькасць каменных магіл адносіцца ўжо да XIV—XVI стст. Ужыванне каменя для абазначэння чалавечых пахаванняў у асобных мясцовасцях, дзе раней жыло яцвяжскае насельніцтва, захавалася да XVII ст.[20]

У той жа час, многія каменныя курганы і каменныя магілы XI—XVI стст. на тэрыторыі сучаснага беларускага Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа, якія адносяцца да эпохі Старажытнай Русі, не з'яўляюцца ўласна яцвяжскімі помнікамі[21]. Яны знаходзяцца на ўсходнеславянскай тэрыторыі, дзе ў цэлым пануюць старажытнарускія курганы, а ў пахаваннях пад каменнымі насыпамі знаходзяцца рэчы, характэрныя для ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму многія каменныя курганы і магілы XI—XVI стст. на тэрыторыі сучаснага беларускага Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа навукоўцы часцей адносяць не да помнікаў яцвяжскага насельніцтва, а кваліфікуюць як помнікі па паходжанні яцвяжскія, што маглі належаць як яцвяжскаму насельніцтву (астраўкамі паселенаму сярод старажытнарускага насельніцтва), так і славянізаваным нашчадкам яцвягаў, альбо нават славянскаму насельніцтву, якое пераняла яцвяжскі абрад пахавання ў выніку цеснага кантакту з рэшткамі карэннага балцкага насельніцтва[22].

У курганах пачатку II тыс. інвентар багаты і разнастайны, у мужчынскіх — наканечнікі коп'яў, сякеры, крэсівы, спражкі, у жаночых — вісочныя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, пацеркі; жалезныя нажы і гліняныя пасудзіны сустракаюцца і ў мужчынскіх, і ў жаночых пахаваннях.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Яцвяжскае насельніцтва ў свой час займала абшырную тэрыторыю, а спецыялісты вылучаюць некалькі плямён унутры яцвягаў (судзіны, дайнова, паляксяне і ўласна яцвягі), але яцвягі не мелі сваёй пісьмовасці, таму нельга даследаваць мову ўсёй былой тэрыторыі рассялення яцвягаў ад Прусіі да Пабужжа. Сучасныя спецыялісты вывучаюць мову яцвягаў па рэліктам — дадзеным, узятым з дыялектаў сучаснай літоўскай мовы, якія былі сфармаваны на яцвяжскім субстраце[23], а таксама па тапанімічным матэрыяле і часткова па матэрыялам антрапанімікі[24]. На думку большасці лінгвістаў, пры ўсіх цяжкасцях і лакунах у даследаванні яцвяжскай мовы гаворкі яцвягаў найбольш блізкія да гаворак балцкага племені прусаў, а таму аднесены да заходняй галіны балтыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і[25]. Паводле даследаванняў польскага лінгвіста Я.С. Атрэмбскага, мова яцвягаў — заходнебалцкая, якая таксама мела некаторыя асаблівасці, характэрныя для славянскіх моў[26][27].

Менавіта сувалкійская гаворка аўкштайцкага дыялекта літоўскай мовы, складзеная пад уплывам гаворак яцвягаў, ляжыць у аснове сучаснай літоўскай літаратурнай мовы[28].

Польскі лінгвіст Я.С. Атрэмбскі таксама адзначыў пэўны ўплыў мовы яцвягаў на польскую мову на ўсходзе сучаснай Польшчы — у прыватнасці, на мазавецкую гаворку польскай мовы[29].

Зноскі

  1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
  2. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.
  3. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.
  4. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.
  5. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.
  6. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.
  7. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414.
  8. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.
  9. ЭГБ ў 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. Мн., 2003. С. 312.
  10. Штыхаў Г. Насельніцтва зямель Беларусі ў IX—XIII ст. // 3 глыбі вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. Мн., 1992. С. 28.
  11. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 417.
  12. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 417.
  13. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
  14. Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333.
  15. Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333.
  16. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 419.
  17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414.
  18. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414.
  19. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мн., 1993. С. 677.
  20. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414.
  21. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414.
  22. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414.
  23. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411.
  24. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411.
  25. Языки мира: Балтийские языки. — Москва, 2006. — С. 23, 26.
  26. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
  27. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411.
  28. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы... С. 100.
  29. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Седов В. В. Курганы ятвягов // Советская археология. 1964. № 4.
  • Археология СССР. Т. 17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья / Л. А. Голубева [и др.]; Отв. ред. тома В. В. Седов; Редкол.: Б. А. Рыбаков (гл. ред.) [и др.]. — М.: Наука, 1987. — 510 с.
  • Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.
  • Звяруга Я. Г. Яцвягі, ятвягі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.; іл.
  • Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс : Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.
  • Языки мира: Балтийские языки / РАН. Ин-т языкознания; Ред. кол.: В. Н. Топоров, М. В. Завьялова, А. А. Кибрик и др. — Москва : Academia, 2006. — 224 с.
  • Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да снрэдзіны XIII ст. / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Экаперспектыва, 2007. — 351 с.; іл.