Вера і прыгажосць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Вера і прыгажосць» (ням.: Glaube und Schönheit) — у нацысцкай Германіі арганізацыйнае падраздзяленне Саюза нямецкіх дзяўчын, якое ў сваю чаргу ўваходзіла ў склад Гітлерюгенда. Арганізацыя «Вера і прыгажосць» з’яўлялася складовай часткай сістэмы выхавання пры нацыянал-сацыялізме. У сферы ўвагі гэтай арганізацыі знаходзіліся дзяўчаты ва ўзросце ад 18 гадоў да 21 года. Дзяўчыны гэтай узроставай групы ўжо не з’яўляліся членамі Саюза нямецкіх дзяўчын, але яшчэ не маглі ўступіць у Нацыянал-сацыялістычную жаночую арганізацыю, таму дзяржава і НСДАП з дапамогай «Веры і прыгажосці» імкнуліся ўтрымаць іх у рэчышчы грамадскага жыцця.

Арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

«Вера і прыгажосць» была ўтворана ў 1938 годзе па загадзе лідара імперскай моладзі Бальдура фон Шыраха па ўзгадненні з кіраўніцтвам Саюза нямецкіх дзяўчын. Як і вышэйстаячыя арганізацыі — Саюз нямецкіх дзяўчын і Гітлерюгенд — «Вера і прыгажосць» мела строгую іерархічную структуру, яе кіраўніцтва ажыццяўлялася па «прынцыпу фюрара». Законам усталёўвалася добраахвотнае сяброўства ў гэтай арганізацыі, аднак на практыцы ўсе выпускаліся з шэрагаў Саюза нямецкіх дзяўчын і аўтаматычна ўступалі ў шэрагі «Веры і прыгажосці». Выхад з арганізацыі даваў падставу падазраваць дзяўчыну і яе бацькоў (паўналецце наступала ў поўны 21 год) у апазіцыйных поглядах. Ціск на дзяўчат Германіі яшчэ больш узмацніўся з уступленнем у сілу 4 верасня 1939 года закона аб імперскай працоўнай павіннасці.

Дзейнасць «Веры і прыгажосці» адказвала палітычным мэтам арганізацыі. Яна праводзілася ў гуртках, якія функцыянавалі адзін раз у тыдзень у непрацоўны час. Спартыўныя, танцавальныя заняткі або курсы догляду цела былі закліканы ўмацоўваць здароўе маладых жанчын як будучых маці новага пакалення Германіі. Гурткі, якія распаўсюджвалі веды ў галіне ахова здароўя, службы сувязі або супрацьпаветранай абароны, рыхтавалі маладых жанчын да таго, каб у выпадку вайны замяніць на вытворчасці мужчын, якія пайшлі на фронт.

Арганізацыя «Вера і прыгажосць» была забаронена і ліквідавана пасля вайны законам №2 Кантрольнага савета, а яе маёмасць канфіскавана.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Sabine Hering, Kurt Schilde: Das BDM-Werk «Glaube und Schönheit». Die Organisation junger Frauen im Nationalsozialismus. Metropol Verlag, Berlin 2000.