Садо

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Садо)
Сада
яп. 佐渡島
Характарыстыкі
Плошча855,26 км²
Найвышэйшы пункт1 172 м
Насельніцтва65 037 чал. (2008)
Шчыльнасць насельніцтва76,04 чал./км²
Размяшчэнне
38°02′22,95″ пн. ш. 138°22′46,80″ у. д.HGЯO
АкваторыяЯпонскае мора
Краіна
РэгіёнПрэфектура Ніігата
Раёнгорад Сада
Садо (Японія)
Сада
Сада
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Садо (яп.: 佐渡島 Садогасіма) — востраў ва ўсходняй частцы Японскага мора. Належыць да прэфектуры Ніігата, Японія. З'яўляецца восьмым па велічыні японскім востравам.

Адміністрацыйным цэнтрам вострава з'яўляецца аднайменны горад Сада, які займае ўсю плошчу гэтага вострава.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

На 1 студзеня 2008 года плошча вострава складала 855,26 км², насельніцтва — 65 037 чалавек.

Абрысы вострава з паветра нагадваюць нахіленую направа літару «Н». Яго рэльеф падраздзяляецца на тры асобныя зоны: горны раён Вялікага Сада на паўночным захадзе, пагорысты раён Малога Сада на паўднёвым усходзе і раўнінны раён Кунінака, размешчаны паміж імі.

Горы Вялікага Сада адносна высокія. Найвышэйшы пункт, гара Кімпоку (яп.: 金北山), — 1172 м. Гэты раён мае прыгожыя краявіды і з'яўляецца часткай нацыянальнага парку Сада-Яхіка-Ёнэ. Самае вядомае месца Вялікага Сада — заліў Сэнкаку (яп.: 尖閣湾).

Узгоркі Малога Сада адносна нізкія. Самы высокі пункт — гара Дайты (яп.: 大地山) вышынёй 645 м. Паўднёвая частка гэтага раёна таксама ўваходзіць у склад вышэйзгаданага парку.

Даволі шырокая раўніна Кунінака займае цэнтральную частку вострава. Яе глеба ўзбагачаецца водамі рэк, якія сцякаюць з суседніх гор. На ўсходзе і захадзе раўніну абмываюць воды заліваў, падобных па форме — Роцу і Мано. У апошні ўпадае найбуйнейшая рака вострава — Какуфу. На ўсходнім краі раўніны размешчана невялікае возера Камо.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Залатая капальня Сада

Востраў Сада спрадвеку служыў месцам ссылкі палітычных праціўнікаў. У VIII стагоддзі тут была сфармавана асобная правінцыя Сада. З 1185 правінцыя была падаравана Хонма Ёсіхісэ, чый дом працягваў кіраваць востравам да XVI стагоддзя. Аднак наступны падзел на дзве новыя галіны Хамоці-Хонма і Кавахарада-Хонма прывялі да міжусобнай вайны. Канфлікт паміж імі справакаваў Уэсугі Кэнсін, даймё Этыго. Падтрымліваючы то адных, то іншых прадстаўнікоў Хонма ён дамогся паслаблення іх ваеннай сілы. Канец кіраванню Хонма паклала адкрытае ўварванне самураяў Уэсугі, пад правадырствам Уэсугі Кагекацу, у 1589 г.

У XVI стагоддзі ў Сада былі адкрыты паклады золата. Да XVII стагоддзя яны заставаліся пад кантролем роду Уэсугі. У далейшым капальні Сада перайшлі да дому сёгунаў Такугава.

На працягу перыяду Эда (16031867) Сада знаходзіўся пад непасрэдным кантролем сёгуната.

1 сакавіка 2004 года ўсе населеныя пункты вострава аб'ядналіся ў горад Сада.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]