Віртуальная рэальнасць
Віртуальная рэальнасць (лац.: virtualis — магчымы, патэнцыяльны) — уяўны свет, які ствараецца з дапамогай сродкаў камп'ютарнай тэхнікі і адлюстроўваецца на экране дысплея (манітора) камп’ютара.
У сферы віртуальнай рэальнасці магчыма свабодна маніпуляваць прасторава-часавымі характарыстыкамі на аснове разнастайных жаданняў і фантазій чалавека, уступаць у кантакты з іншымі людзьмі і штучнымі персанажамі, атрымліваць эмоцыі і пачуцці, набліжаныя да рэальных. Глядач пераўтвараецца ў сааўтара, здольнага самастойна трансфармаваць камп'ютарныя мастацкія аб'екты, уяўна пераходзіць у любы час і любую прастору. Новую рэальнасць ствараюць віртуальныя артэфакты (фантомныя аб'екты) — камп'ютарныя двайнікі рэчаіснасці. Стварэнне віртуальнай рэальнасці актывізавалася з канца XX ст. і шырока прымяняецца ў кінематографе, выяўленчым мастацтве, у індустрыі інтэрактыўных забаў, адукацыйных тэхналогій (гульні, трэнажоры, рэкламныя ролікі, кліпы, электронныя падручнікі, даведнікі і інш.). Віртуальная рэальнасць часам называецца «кіберпрасторай».
Некаторыя спецыялісты распрацоўваюць канцэпцыі культуры XXI ст., у якіх традыцыйныя элементы культуры (пісьменнасць, кнігі, карціны і г.д.) будуць усё больш актыўна выцясняцца феноменамі віртуальнай рэальнасці.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- Myron W. Krueger, Artificial Reality (1983), Artificial Reality II (1991)
- Wellner, P., Mackay, W. & Gold, R. Eds. Special issue on computer augmented environments: back to the real world(недаступная спасылка). Communications of the ACM, Volume 36, Issue 7 (Ліпень 1993).
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Віртуальная рэальнасць