Гарадскі сядзібны дом (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Гарадскі сядзібны дом
55°11′38″ пн. ш. 30°12′15″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Гарадскі сядзібны дом — помнік архітэктуры позняга класіцызму. Знаходзіцца па вуліцы Пушкіна, 2 у Віцебску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя. Па іншых звестках пабудаваны ў 1912—1914 гадах спецыяльна для талмуд-торы (яўрэйскай бясплатнай грамадскай рэлігійнай школы). Школа дзейнічала ў г. Віцебску з 1853 года і размяшчалася на працягу многіх гадоў у розных прыстасаваных памяшканнях. У пачатку ХХ стагоддзя навучальная ўстанова складалася з асноўнай талмуд-торы і двух аддзяленняў. У 1910 годзе ў талмуд-торы налічвалася 290 вучняў, для якіх патрабавалася новае памяшканне. У сувязі з гэтым 23 студзеня 1912 года ў будаўнічае аддзяленне Віцебскага губернскага праўлення была пададзена заяўка аб дазволе пабудаваць у Касагаўскім завулку (зараз вуліца Пушкіна) новы будынак школы. У сакавіку таго ж года атрымалі дазвол на будаўніцтва. Нагляд за ім быў даручаны архітэктару Ц. В. Кібардзіну.

У будынку ў 1917 годзе знаходзіўся Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У кастрычніку 1917 года праходзіла 1-я губернская партыйная канферэнцыя. У 1930-я гады тут размяшчаўся яўрэйскі педагагічны тэхнікум. Пасля Вялікай Айчыннай вайны — Віцебскі гарадскі камітэт КПБ. Будынак выдатна захаваўся да нашых дзён. Зараз у будынку знаходзіцца Беларускі тэатр «Лялька».

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Новы будынак знаходзіўся на левым беразе Віцьбы, галоўным фасадам арыентаваны да ракі. Уяўляў сабой двухпавярховы Е-падобны ў плане цагляны будынак з паўпадвальным паверхам, галоўны фасад якога вылучалі 3 шырокія рызаліты — цэнтральны і бакавыя. У цэнтральным рызаліце быў размешчаны галоўны ўваход, акцэнтаваны двухкалонным порцікам, які падтрымліваў на 2-м паверсе балкон з ажурнай металічнай агароджай. Завершаны рызаліт трохвугольным франтонам з акном-люкарнай. Бакавыя рызаліты завершаны трохвугольнымі франтонамі з лучковымі нішамі ў цэнтры. Паміж рызалітамі на 1-м паверсе па баках вонкавыя лесвіцы з ажурнай металічнай агароджай. У цэнтры дваровага фасада — лучковы рызаліт з лесвіцай на другі паверх. Па перыметры будынак быў абкружаны тонкапрафіляваным карнізам. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка анфіладнакалідорная[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Котович, Т. В. Белорусский театр «Лялька» : монография / Т. В. Котович. — Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2012. — С. 5-6.
  • Кулагін, А. М. Гарадскі сядзібны дом / А. М. Кулагін // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2003. — Кн. 2. — С. 599.
  • Подлипский, А. Улица Пушкина, 2 / А. Подлипский. — Витебск : Витебская областная типография, 2018. — 64 с. — (Биография витебского дома. Вып. VI)
  • Северинец, К. Театр марионеток меняет вывеску / К. Северинец // Знамя юности. — 1990. — 23 нояб. — 1.
  • Чарняўская, Т. І. Віцебскі гарадскі сядзібны дом / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 1993. — С. 124.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]