Гаральд Мэйберн

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гаральд Мэйберн
Harold Mabern.jpg
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя Гаральд Мэйберн Малодшы
Дата нараджэння 20 сакавіка 1936 года
Месца нараджэння Мэмфіс, Тэнэсі
Дата смерці 17 верасня 2019(2019-09-17)[1][2] (83 гады)
Краіна Сцяг ЗША ЗША
Музычная дзейнасць
Прафесіі музыкант, кампазітар, выкладчык
Гады актыўнасці 1950я–сучаснасць
Інструменты фартэпіяна
Жанры джаз, хард-боп
Супрацоўніцтва Фрэнк Строзіер, Уолтэр Перкінс, Рой Хэйнс, Уэс Мантгомеры, Лі Морган, Крысчыян МакБрайд, Рон Картэр, Джэк ДэДжанэт, Эрык Аляксандр
Лэйблы Prestige, DIW, Venus, Smoke Sessions

Гаральд Мэйберн (англ.: Harold Mabern), (20 сакавіка 1936) — амерыканскі джазавы піяніст, кампазітар і выкладчык, які працуе, галоўным чынам, у хард-бопавым музычным кірунку.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 20 сакавіка 1936 года ў Мэмфісе, штат Тэнэсі. Вучыўся ў Дугласкай і Манасасаўскай сярэдніх школах у Мэмфісе, разам з вядомымі пасля музыкантамі Джорджам Коўлманам, Чарльзам Лойдам, Хэнкам Кроўфардам, Букерам Літл і іншымі. Там ён пачаў спрабаваць іграць на розных інтструментах — трубе, барабанах, барытон-саксафоне.[3] Пасля сам авалодаў ігрой на фартэпіяна і трапіў пад уплыў ігры піяніста Фінеса Ньюбарна.[4] Пасля сканчэння школы ў 1954 годзе Мэйберн пераехаў у Чыкага, дзе планаваў наведваць Амерыканскую Кансерваторыю Музыкі, але праз фінансавыя праблемы мог дазволіць толькі некаторае прыватнае навучанне. Галоўным чынам працягваў вучыцца сам, пачаўшы даследаваць гарадскую джазавую сцэну, і ў выніку зарабіў у горадзе добрую рэпутацыю. Разам з сябром дзяцінства саксафаністам Фрэнкамі Строзіерам, а таксама барабаншчыкам Уолтэрам Перкінсам і іншымі музыкантамі арганізаваў квінтэт MJT+3.[5]

Кар'ера ў Нью-Ёрку[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 1959 года Мэйберн разам з бэндам MJT+3 пераязджае ў Нью-Ёрк. Па ўспамінах музыканта, на той момант ён меў 5 тысяч долараў, якія захоўваў у сваіх чаравіках,[6] але не меўся іх траціць, і адразу вырашыў шукаць працу. Таму ў першы дзень ён з калегамі накіраваўся ў клуб Бёрдлэнд, каб пазнаёміцца з джазмэнамі, "паказаць свой твар і прарэкламаваць сябе". Ля ўваходу ён сустрэў вядомага музыканта Кэнанбола Эдэрлі, з якім быў знаёмы яшчэ з чыкагскіх часоў. Эдэрлі спытаў Мэйберна, ці хоча ён на канцэрт (англ.: "Hey, Big Hands, you want a gig?"). Палічыўшы, што Эдэрлі прапанаваў яму месца ў сваім бэндзе, Мэйберн пагадзіўся. Але Эдэрлі проста правёў Мэйберна ў клуб, дзе на сцэне іграў Гары "Суітс" Эдысан разам з Элвінам Джонсам, Джыммі Форэстам, Джынам Рэймі і піяністам Томі Флэнэгэнам, які меў намер неўзабаве пакінуць бэнд. Калі Мэйберн забраўся на сцэну падмяніць Томі Флэнэгэна, Эдысан даў яму мінімальную інструкцыю: "«Habit», уступ на 8 тактаў, ля-бемоль". Гаральд Мэйберн не мог зразумець, што за песня "Habit", але пасля першага прыпеву высветліў, што яны іграюць стандарт "You’re Getting to Be a Habit With Me". Калі яны скончылі іграць, Эдысан прапанаваў яму месца піяніста замест Флэнэгэна. Так Гаральд Мэйберн стаў запатрабаным сайдмэнам у горадзе.[5] У тым жа годзе Гаральд Мэйберн паўдзельічаў у запісах альбомаў пад лідарствам саксафаніста Джымі Форэста. Аднаму з іх — "All the Gin is Gone” — па ўспамінах Мэйберна, далі такую назву за тое, што падчас сэсіі скончыўся гэтак званы "моцны лікёр", які джазавыя музыканты ў тыя часы пілі.[6]

На пряцягу першай паловы 1960-х гадоў Гаральд Мэйберн у якасці сайдмэна запісваўся і даваў канцэрты разам з Лаянэлам Хэмптанам, Роем Хэйнсам, Бэці Картэр, Майлзам Дэвісам, Джэй Джэй Джонсанам, Джэкі МакЛінам, Хэнкам Моўблі і іншымі. У сярэдзіне 1960-х гадоў даваў гастролі ў Еўропе ў бэндзе гітарыста Уэса Мантгомеры, што, па прызнанню Мэйберна, было вельмі не проста, бо Мантгомеры часта прапаноўваў іграць рэчы са спецыфічнай гармоніяй. У другой палове запісваў альбомы з трубачом Лі Морганам (у тым ліку "Gigolo" — улюбёны альбом Мэйберна з Морганам, бо яму выпала паіграць разам з вядомым саксафаністам Уэйнам Шортэрам[3]) да 1972 года, калі трубач трагічна загінуў.[4]

У 1968 годзе Мэйберн запісаў першы альбом пад сваім лідарствам на лэйблы Прэстыж — "A Few Miles From Memphis", на якім адзначыўся саксафаніст з Мэмфіса Джордж Коўлман. Джазавы крытык Лары Карт адзначыў, што "калі вы шукаеце радасную музыку, пад якую можна танчыць і дзе зрэдчас трапляюцца прывабныя сола, то Мэйберн будзе вашым чалавекам". У наступныя два гады Мэйберн запісаў яшчэ некалькі альбомаў на лэйблы Прэстыж. За выключэннем аднаго альбому ў канцы 1970-х гадоў, Мэйберн прыпыніў запісы пад сваім імем амаль на 15 год. Пры гэтым заставаўся вялікі попыт на яго як сайдмэна на альбомах іншых музыкантаў — Джорджа Бенсона, Арчы Шэпа, Білі Харпера і г.д. З сярэдзіны 1980-х гадоў значна ажывіў сваю дзейнасць, запісаўшы свае альбомы разам з кантрабасістамі Крыcчыян МакБрайд, Рон Картэр, барабаншчыкам Джэк ДэДжанэт. У першай дэкадзе XXI-га стагоддзя запісваў альбомы на японскім лэйблы Venus.[7] Апошнім часам запісваецца на лэйблы Smoke Sessions, дзе выпусціў у тым ліку альбом Afro Blue, на які запрасіў шмат гасцявых джазавых спевакоў. Да гэтага часу актыўна выступае ў нью-ёркскіх клубах.

Педагагічная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

З 1981-га года Гаральд Мэйберн працуе выкладчыкам ва Універсітэце Уільяма Патэрсана. Вядомы сёння саксафаніст Эрык Аляксандр, з якім Мэйберн цяпер часта запісваецца, быў яго студэнтам. Мэйберн лічыць, што коледж не навучыць, як іграць джаз, а толькі ўдасканаліць навык музыканта. Таму ён раіць маладым музыкантам знайсці сабе настаўніка са старэйшага пакалення, і актыўна задаваць яму пытанні.[6] Пры гэтым Мэйберн раіць вучыцца карыстацца сваім уяўленнем і фантазіяй і думаць самастойна, не звяртаючы ўвагу на крытыкаў. Адмыслова для піяністаў Мэйберн дае параду быць цярплівым і перад тым, як стаць добрым салістам, навучыцца спярша акампанаваць. А найлепшым спосабам навучыцца акампанаваць, на погляд Мэйберна, з'яўляецца сумесная ігра са спевакамі.[3]

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Як лідар[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.