Генеральная канфедэрацыя Каралеўства Польскага
Генеральная канфедэрацыя Каралеўства Польскага — ваенна-палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства і Вялікага Княства Літоўскага.
Абвешчана ініцыятывай імператара Напалеона І надзвычайным сеймам герцагства 28 чэрвеня 1812 года. Маршал канфедэрацыі — Адам Казімір Чартарыйскі, галоўны орган — Генеральны савет (складаўся з 11 членаў).
Акт канфедэрацыі ад 28 чэрвеня абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да канфедэрацыі, а тых, хто знаходзіўся на расійскай службе, — пакінуць яе. На працягу ліпеня — кастрычніка 1812 года да канфедэрацыі далучыліся і амаль усе паветы Беластоцкай вобласці, Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Камісія часовага ўрада ў ВКЛ, пасля адмовы Напалеона ад заснавання асобнай літоўскай канфедэрацыі, 14 ліпеня 1812 года таксама далучылася да Генеральнай канфедэрацыі, але стварыла ўласную сістэму ведамаснага кіравання краем разам з французскай акупацыйнай адміністрацыяй. Пэўную ролю адыграла прамова Напалеона ў Вільні 11 ліпеня 1812 года перад дэлегацыяй генеральнай канфедэрацыі, дзе ён, па сутнасці, ухіліўся ад прызнання адзінай Польска-Літоўскай дзяржавы. Магчыма так сталася праз тое, што Напалеон дагэтуль разглядаў ВКЛ як прадмет палітычнага гандлю з імператарам Аляксандрам.
Наступныя акты тычыліся толькі Польшчы. Матэрыялы Генеральнай канфедэрацыі публікаваліся ў перыядычным выданні «Dziennik Konfederacyi Krolestwa Polskiego».
Французская адміністрацыя і асабіста імператар, граючы на патрыятычных пачуццях мясцовага набілітэту, выкарыстоўвала новаўтварэнне для мабілізацыі матэрыяльнай і рэкруцкай базы зямель былой Рэчы Паспалітай падчас вайны супраць Расіі, а таксама як інструмент кіравання. Польская і літоўская шляхта ж бачыла ў далучэнні да канфедэрацыі шанец на аднаўленне Рэчы Паспалітай. Аднак праз абставіны, што склаліся ў рэгіёне падчас яе стварэння, канфедэрацыя, нягледзячы на дастаткова вялікую падтрымку насельніцтвам, не мела рэальнай палітычнай і ваеннай моцы і мела хутчэй фармальны характар.
У студзені 1813 года Генеральны савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, а ў красавіку 1813 года самараспусціўся праз заняцце польскіх зямель расійскай арміяй.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антонаў В. В. Генеральная канфедэрацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.