Генрых Монтэ
Генрых Монтэ | |
---|---|
| |
Нараджэнне | 1225 |
Смерць | 1273[1] |
Бітвы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Генрых Монтэ, Геркус Мантас (Hernikum Monte, Henriche der Monte; 1220-1230-я — лета 1273) — натангійскі нобіль з роду Монтэмінаў (Montemini, Montheminne), які валодаў замкам Біслейда (цяпер гарадзішча ў Польшчы за 2 км да паўднёвага захаду ад Безледыва, або за 10 км ад расійскага Баграціёнаўска) на беразе ракі Безледы (цяпер Рэзвая).
Імя па нараджэнні не вядома, з дзяцінства быў закладнікам у немцаў, якія ахрысцілі яго пад імем Гернікум (Hernikum). Выхоўваўся ў Магдэбургу, сярод сыноў нямецкай знаці. Немцы, упэўненыя ў адданасці Генрыха, адпусцілі яго ў родную Натангію. Калі 20.8.1260 года пачалося Вялікае Прускае паўстанне, Генрых Монтэ быў абраны адным з яго кіраўнікоў. Навучаны нямецкай ваеннай навукі, 22.1.1261 года Монтэ разбіў войска Ордэна ў бітве пры Пакарбене (Пакарвіс, за 2 км да паўднёвага ўсходу ад пазнейшага замка Брандэнбург, паблізу замка Лянцэнберг, чый фогт калісьці спаліў жыўцом ахрышчаную знаць Варміі і Натангіі). Перамога натхніла паўстанцаў, у 1262 годзе прусы аблажылі Кёнігсберг, падчас штурму Генрых Монтэ быў цяжка паранены. Вясною 1263 года ён кіраваў паходам у Падвісленне, захапіў горад Кульм, вяртаючыся разбіў у Любаўскай зямлі нямецкую пагоню, пры гэтым загінуў вялікі магістр Гельмерых, маршал Дзітрых, 40 братоў-рыцараў і шмат кнехтаў. Пад кіраўніцтвам Генрыха Монтэ большая частка Прусіі вызвалілася з-пад улады Ордэна. У 1272—1273 гадах Генрых Монтэ дзейнічаў з невялікім атрадам у глыбі Надровіі, летам 1273 года яго атрад спыніўся ў пушчы, каб папоўніць запасы харчоў. Калі ўсе(!) воі былі на паляванні, Генрых Монтэ застаўся адзін у намёце(!) ў лагеры, дзе яго захапіў атрад Генрыха фон Шэненберга, комтура Хрыстбурга, і брата Хельвіка фон Гольдбаха. Амаль адразу Монтэ быў павешаны на гары Мангарбіс[2] (цяпер на ўсход ад Междурэчча), побач з дарогай на Заалаў (цяпер Каменскае), і ўжо павешаны працяты мячом.
Зноскі
- ↑ Herkus Mantas // https://www.mle.lt/straipsniai/herkus-mantas
- ↑ Назва гары Мангарбіс (Мантгарбіс), імаверна, паходзіць ад Монтэ (Мантас) і гарбіс (ст.-прус.: гора), т.-б. «гара Монтэ (Мантаса)». Такую выснову робяць па аналогіі: назва гары Гланінберг паходзіць ад Гланаса —прускага кіраўніка, пакаранага на ёй.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М.: Ладомир. 1997.
- Геркус Монте // Надровия, 2004, № 4 / Альманах «Берега Анграпы» 2/2006. — С. 309.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Генрых Монтэ на Вікісховішчы |