Перайсці да зместу

Дайнава (рэгіён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дайнава, Дайнова (літ.: Dainava) — гістарычная вобласць у Літве і на паўночным захадзе Беларусі; іншыя назвы: Судавія (Судава, Судува), Яцвезь (Ятвезь, Яцвягія, Ятвягія). Дайнова — назва аднаго з заходнябалцкіх плямён, якое, паводле некаторых меркаванняў[1], разам з паляксянамі і ятвягамі складала адзіны заходнебалцкі племянны саюз[2] (Гл.далей яцвягі).

Першапачаткова Дайнава ўяўляла сабою, напэўна, тэрыторыю пляменнага княства, якое ў 2-й пал. XIII ст. ўвайшло ў склад ВКЛ. З цягам часу дайноўцы асіміляваліся большасцю ў беларусаў, а астатнія ў літоўцаў[3].

Этымалогія назвы

[правіць | правіць зыходнік]

У пісьмовых крыніцах тэрмін з'яўляецца толькі з сярэдзіны XIII ст. — тады, як на гэтай тэрыторыі ўжо не адно стагоддзе існавала балта-славянскае двухмоўе. Як адзначае А. Кібінь, дакладна ўстанавіць час з'яўлення і эвалюцыю значэння літоўскай назвы Dainava (як эквівалента славянскага тэрміна Ятвезь) не ўяўляецца магчымым[4]. Паводле версіі С. Каралюнаса, назва звязана з daine, deina, deine («дойная карова») і ўзыходзіць да dainiai са значэннем «пастухі кароў»[5].

На думку некаторых даследчыкаў дайноўцы з канцы I тысячагоддзя да н.э. насялялі тэрыторыю паміж р. Нёман і вярхоўямі р. Нараў[6].

Асноўная тэрыторыя Дайнавы ахоплівала правабярэжжа Нёмана на паўночны ўсход ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (сучасны Варэнскі раён Літвы) і прылеглых частках сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў Беларусі, адкуль адбывалася рассяленне далёка на поўдзень (нават на левабярэжжа Нёмана) і на ўсход. У XIII—XIV ст. княства дайноўцаў займала тэрыторыі паміж Нёманам (правыя прытокі Дзітва, Гаўя з р. Жыжма) і Віліяй, па р. Котра межавала з Гарадзенскім княствам[7].

Сляды пражывання дайноўцаў на землях Беларусі захаваліся ў шматлікіх тапонімах — Дзейнова, Дайнава, Дайноўка і інш., якія лакалізаваны ў міжрэччы Віліі і Верхняга Нёмана і ў раёнах Валожына, Гродна, Івянца, Радашковіч, Слоніма.

Гістарычны нарыс

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле летапісу «Манумента Германіка» вядома з 1217 гістарычная вобласць (зямля) Дайнова заселеная яцвяжскім племем[8]. Упамінаецца ў 1255 у грамаце Міндоўга крыжакам (магчыма, падробленай). 3атым княства ў складзе дзяржавы Міндоўга. Па некаторых звестках з 1259 г. яго цэнтрам была цяперашняя вёска Дайнава (Воранаўскі раён)[9]. У XIII ст. землі Дайновы падвергліся нашэсцю Тэўтонскага ордэна. Частка насельніцтва была сілай пераселена ў Прусію, частка мігрыравала на іншыя тэрыторыі.

Мяркуецца, што з 1260-х гадоў дайноўцы, страціўшы сваіх князёў, запрасілі да сябе будучага вялікага князя літоўскага Трайдзеня (Трайдзена)[10]. Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч звяртае ўвагу, што прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Вялікага Княства Літоўскага — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі. У той жа час тэрыторыя Яцвягіі імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдня. Для ўладальніка самага ўсходняга з яцвяжскіх княстваў, Дайнавы, прадбачліва было не чакаць, пакуль варожая хваля дасягне яго землі, а загадзя шукаць паратунку ў зліцці з суседняй, адносна маналітнай Літвой, дзе якраз выявіўся недахоп князёў[11].

Дайноўскае ўдзельнае княства ў ВКЛ упамінаецца ў XIII—XIV ст. У 1270 г. Дайноўскім княствам валодаў вялікі князь літоўскі Трайдзень. У 1323 г. Гедымін перанес сталіцу княства ў Ліду, утварылася Лідскае княства; пры Вітаўце ў канцы XIV ст. Лідскае княства ўключана ў склад Віленскага княства ВКЛ[12]. У XV ст. і пазней большасць гэтага абшару займала малазаселеная Дайнаўская пушча — традыцыйнае месца палявання вялікіх князёў літоўскіх[13].

Для насельніцтва Дайнавы быў характэрны пахавальны абрад са стварэннем каменных курганоў, пазней — каменных магіл, які захаваўся і пасля асіміляцыі. На думку В. Сядова, дайноўцам належаць каменныя могільнікі ў міжрэччы Нёмана і вярхоўях р. Віліі (Апонаўцы, Вензаўшчына, Клепачы, Маркіняты, Салапяцішкі, Пузелі і інш.).

Зноскі

  1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
  2. Археалогія і нумізматыка Беларусі… С. 207
  3. ЭГБ у 6 т. Т. 3. С. 195.
  4. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. — Москва, 2014. С. 23
  5. Karaliūnas S. Dainava. Vardo reikšmė, istorija ir kilmė // Baltistica. 2006. T. XLI. (1). P. 114
  6. Археалогія і нумізматыка Беларусі…
  7. ЭГБ у 6 т. Т. 3.
  8. Гарады і вёскі Беларусі…
  9. Гарады і вёскі Беларусі…
  10. ЭГБ у 6 т. Т. 3. С. 195.
  11. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
  12. Гарады і вёскі Беларусі…
  13. БЭ ў 18 т. Т. 6.