Гродзенскі губернскі статыстычны камітэт
Гродзенскі губернскі статыстычны камітэт — навукова-адміністрацыйная ўстанова Расійскай імперыі, орган дзяржаўнай (урадавай) статыстыкі ў Гродзенскай губерні (1835—1918).
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1834 года пры Савеце Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі засноўваецца Статыстычнае аддзяленне, і Дзяржаўны Савет дае наказ адкрыць падведамныя яму губернскія статыстычныя камітэты ў губернях. Гродзенскі губернскі статыстычны камітэт адкрыты 27 ліпеня 1835 года. Знаходзіўся ў падпарадкаванні статыстычнага камітэту МУС (да 1852), статыстычнага аддзела МУС (1852—1857), Цэнтральнага статыстычнага камітэта МУС (з 1857). Прызначаўся для збору і апрацоўкі мясцовых статыстычных матэрыялаў. Першым старшынёй Камітэта стаў гродзенскі губернатар Н. Х. Копцеў (12 студз. 1835—16 мая 1836)[1]. Камітэт складаўся з абавязковых членаў (па пасадзе, па прызначэнні і па абранні) i членаў-карэспандэнтаў. Сакратар камітэта займаў адзіную штатную пасаду. У «абавязковыя» члены камітэта ўваходзілі губернскі віцэ-губернатар, губернскі правадыр дваранства, кіраўнік казённай палаты, кіраўнікі дваранскага і сялянскага пазямельнага банкаў, гарадскі галава, дырэктар народных вучэльняў, медычны інспектар, член Міністэрства шляхоў зносін, маршалак павятовы, член ад кансісторыі. Дэкрэтам СНК РСФСР № 67 ад 15 верасня 1918 года губернскія статыстычныя камітэты скасаваныя. У 1944 годзе ўтворана статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці (у далейшам Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці).
Дзейнасць Статыстычнага камітэта
[правіць | правіць зыходнік]У абавязак Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта ўваходзіла складанне ў пэўныя тэрміны розных статыстычных табліц для патрэб Цэнтральнага статыстычнага камітэта, а таксама для справаздач губернатара у вышэйстаячыя органы. У дакументальных фондах Камітэта маюцца статыстычныя звесткі (ведамасці, спісы) па самым шырокім коле пытанняў, якія тычацца насельніцтва, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлю, асветы, маёмаснага і зямельнага стану сялянства, царкоўных зямель, губернскіх помнікаў гісторыі і культуры. Статыстыка ахоплівала практычна ўсе сферы жыцця губерні. Дакументы часцей за ўсё носяць статыстычны, часам апісальны характар [2][3].
Разам з абавязковымі працамі, Камітэт збіраў дадзеныя па запытах розных устаноў. Так. У 1873 году збіраліся звесткі аб курганах і гарадзішчах па праграме Д. Я. Самоквасова. У 1886 годзе Акадэмія мастацтваў папрасіла сабраць звесткі пра помнікі мастацтва, якія захаваліся ў Гродзенскай губерні. У 1888 годзе па просьбе Маскоўскага археалагічнага таварыства для археалагічных картак былі сабраны звесткі пра курганы, гарадзішчы і земляныя валы. У працы Камітэта ўдзельнічала мясцовая інтэлігенцыя — чыноўнікі, настаўнікі, святары, — яны дасылалі гісторыка-краязнаўчыя матэрыялы. Ужо ў 1837 годзе пры Камітэце адкрыта «Выстаўка твораў Гродзенскай губерні». У 1870 годзе выстаўка стала музеем, якія меў аддзелы: этнаграфічны, прамысловы, заалагічны, мінералагічны[4].
На падставе матэрыялаў Камітэта выдаваліся «Памятныя кніжкі Гродзенскай губерні», «Агляды Гродзенскай губерні». «Памятныя кніжкі» складаліся з трох аддзелаў: гістарычны, статыстычны і адрас-каляндар. Пазней структура змянілася, стала больш пашыранай: каляндарныя звесткі, асабісты склад урадавых і грамадскіх устаноў, статыстычны агляд Гродзенскай губерні за папярэдні год і даведачныя звесткі. Па частцы гісторыі публікаваліся «Матэрыялы для гісторыі старажытных праваслаўных царквей у Гродна», «Нарыс унутранага і знешняга гандлю старажытнай Літвы», «Еузіты ў Літве», «Уніяцкія царкоўныя братствы», «Вежа ў мясцечке Каіянец-Літоўскі», «Нарыс хатняга жыцця і нраваў вышэйшых сасловій у Літве ў XVI і XVII стст.» і інш[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Афанасьева Т. Ю. Гродненские губернаторы (1801—1917). — Гродна: Гродзенская друкарня, 2007. — С. 53. — 171 с. — ISBN 978-985-6835-25-7.
- ↑ Фондавы каталог дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь . Архівы Беларусі.
- ↑ Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 25-26 верасня 2009 г.). — Гродна: ГрДУ ім. Я. Купалы, 2009.
- ↑ Какареко В.. Деятельность Гродненского губернского статистического комитета по выявлению и сохранению нумизматических находок . Нумизматический портал «Скарбонка».
- ↑ Збралевіч Л. І. Памятныя кніжкі губерняў // Этнаграфія Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1989. — С. 385. — 575 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ваганова А. Н., Загорульский Э. М. Историческое краеведение Белоруссии. — БГУ им В. И. Ленина, 1980. — 263 с.
- Рябкова Е. А. Церковное краеведение в Западной Беларуси во 2-й половине XIX — начале XX в. с. 17// Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. Материалы республиканской научной конференции, 3-4 мая 2002 года, ч. 2, Гродно, 2003.
- Юренко С. П. Самоквасов Дмитро Якович // 435 // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: «Наукова думка », 2012. — Т. 9 : Прил — С.— С. 435. — ISBN 978-966-00-1290-5. (укр.)